Покупаем школьные обновки: что? где? по чём?

Калейдоскоп

Перад пачаткам новага навучальнага года сапраўдным “галаўным болем” бацькоў, чые дзеці ходзяць у школу, з’яўляецца падрыхтоўка іх да вучобы, а дакладней – школьныя закупкі. Работнікі Ушацкага райспажыўтаварыства супакойваюць: усё неабходнае ў продажы ёсць, прычым па даволі прымальным кошце. Мы вырашылі праверыць праўдзівасць гэтых слоў…
Ужо зараз ва ўнівермагу вопратка амаль на любы густ і кашалёк. Асартымент прадстаўлены выключна таварамі беларускіх вытворцаў: “Калінка” (Салігорск), “Славянка” (Бабруйск), “Надзея” (Брэст), “Кім” (Віцебск), Навагрудская і Баранавіцкая швейныя фабрыкі і інш. Шмат тут касцюмаў, жакетаў, блузак, кашуляў, джэмпераў, ёсць некаторыя мадэлі сарафанаў і жылетаў для дзяўчынак. Традыцыйна тут прапанаваны вялікі выбар – і па мадэлях, і па фактуры – спартыўных касцюмаў, нацельнай бялізны.
Кошт можа прыемна здзівіць пакупнікоў. Напрыклад, хлапчуковы пінжак для прадстаўніка малодшага школьнага ўзросту тут можна набыць усяго за 123 тысячы 750 рублёў. Увогуле ж, кошт жылетаў для дзяўчынак ва ўнівермагу складае ад 39 (!) да 254 тысяч, блузак – ад 138 да 285, джэмпераў – ад 41 да 60, сарафанаў – ад 206 да 220. Кошт хлапчуковых кашуляў для малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту вар’іруецца ад 72 да 94 тысяч, для старшакласнікаў – ад 93 да 153. Для завершанасці вобразу можна падабраць і гальштук, яго кошт даволі дэмакратычны, а ад колеравай гамы прапанаванага асартыменту, як кажуць, разбягаюцца вочы. Зразумела, можна набыць адразу гатовы касцюм. Так, хлапчуковая “двойка” ў залежнасці ад памеру “пацягне” на 343-495 тысяч рублёў, дзявоцкая – на 275-300 тысяч. Для дзяўчынкі можна набыць таксама касцюм-тройку за 398750 (жакет, жылет і спадніца).
Ёсць ва ўнівермагу і тавар мінулагодні, яго кошт ніжэйшы, чым на адпаведнае адзенне новага завозу. Скажам, штаны для хлопчыкаў можна купіць за 82500, пінжак – усяго за 163 тысячы.
Жадаючых загадзя павесіць на плечыкі новае прыгожае школьнае адзенне ў магазіне пакуль няшмат. Напэўна, у многім гэта “заслуга” гарачага надвор’я апошняга часу. Мы наведвалі ўнівермаг бліжэй да вечара, калі дзённая спёка крыху аслабела, аднак усё роўна ўжо праз некалькі хвілін ад духаты хацелася выйсці з памяшкання. І гэта пры ўліку, што нам не трэба было бегаць паміж паліц, ацэньваючы тавар, ці прымяраць выбраныя варыянты. Вядома ж, у такую гарачыню займацца шопінгам на рынку – таксама “не цукар”, аднак, думаецца, пра камфорт патэнцыяльных пакупнікоў райспажыўтаварыству можна было паклапаціцца лепш…
Абутак для дзяцей паступае ў “Гандлёвыя рады” з абутковых прадпрыемстваў Магілёва, Гродна, Ліды, СП “Марка”, ЗАТ “Сівельга” і іншых. Асартымент пастаянна абнаўляецца, а таму кожны вучань знойдзе тут патрэбную “пару” па сваім гусце. Кошт тавару разнастайны, залежыць у першую чаргу ад мадэлі.
Для таго, каб больш поўна ўлічыць запатрабаванні пакупнікоў, у гандлёвых кропках (і вясковых магазінах таксама) прымаюцца папярэднія заяўкі на той ці іншы тавар. Асабліва такая магчымасць павінна зацікавіць бацькоў, дзеці якіх па сваіх фізічных асаблівасцях не падыходзяць пад стандартныя памеры адзення ці абутку.
Выязны гандаль райспажыўтаварыства пад шыльдай “Школьны базар” штодня, акрамя панядзелка, чакае пакупнікоў на рынку райцэнтра. Неабходны асартыментны пералік тавараў завезены і ў сельскія магазіны.
Калі сямейны бюджэт не дазваляе затраціць за адзін раз патрэбную суму, выйсце ёсць. З 12 жніўня ў раёне дзейнічае акцыя “Добры дзень, школа!”: пры пакупцы школьных тавараў на суму 500 тысяч рублёў і больш можна скарыстацца беспрацэнтным крэдытам на тэрмін да трох месяцаў з першапачатковым узносам 30 працэнтаў ад агульнай сумы.
Не адкладвайце школьны шопінг да апошніх дзён лета: выбраць і зараз ужо ёсць з чаго!
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *