Выпускники Ушачской школы 1970 года нарушили давнюю традицию и устроили встречу школьных друзей тёплым летним днём

Общество

У час апошняга юбілею нашага школьнага выпуска мае былыя аднакласнікі прапанавалі: “А давайце наступны раз сустрэнемся летам. Напэўна, сабрацца будзе прасцей”. Прайшло тры гады. Пачалі наладжваць сустрэчу. І перш за ўсё таму, што з’явілася нагода – усім нам сёлета 60, а ў спісе знамянальных дат раёна гэтага года – некалькі прозвішчаў прадстаўнікоў паралелі 1970 года выпуску Ушацкай сярэдняй школы.

Сапраўдная знакамітасць нашай краіны – гэта кінадраматург, рэжысёр і паэт, лаўрэат самай прэстыжнай, Дзяржаўнай прэміі БССР Валерый Маслюк. Ён працаваў у двух тэатрах Мінска, у Магілёве, Віцебску рэжысёрам, мастацкім кіраўніком, дырэктарам. Яго аднакласнікі і іншыя сябры па школе з задавальненнем наведваліся на спектаклі, сярод якіх самы адметны – “Знак бяды” па аповесці Васіля Быкава. На гэтым вечары, арганізаваным у раённым Доме культуры, аб сваёй цікавасці да творчасці Валерыя, аб праглядзе яго адметных пастановак расказалі Юрый Пятніца, Аляксандр Папко, Ларыса Рубанік, Таццяна Пашута (дзявочае Сямёнава), Зінаіда Стасюкевіч (Вайцялёнак), Галіна Маслоўская (Дук). Яны падкрэслівалі, што Валерый валодаў глыбокімі акцёрскімі і рэжысёрскімі здольнасцямі. Яго вельмі цанілі гледачы. Запаўняліся залы пры жыцці творцы і пасля таго, як яго не стала.
Валерый быў адкрыты для ўсіх. З ім імкнуліся сябраваць хлопцы, яго ўвага прыемнай была дзяўчатам, якія да цяперашняга, ужо ва ўзросце, з цеплынёй у сэрцах прыгадваюць: некага ён прапанаваў праводзіць дадому, з кімсьці дэкламаваў класікаў. Адметная асоба заўсёды пралівае святло ў душы тых, да каго дакранаецца лёсам. І на вечарыне была атмасфера, калі кожнаму, хто ведаў Валерыя, хацелася падзяліцца ўспамінам, дадаць свой штрых да партрэта творцы…
У тым жа “Б” класе 1970 года выпуску вучыўся і Сяргей Жаваранак. Нарадзіўся ён у Селішчах, пазней сям’я пераехала ў Ваўчо. Хлопец скончыў Віцебскі медінстытут, абараніў доктарскую дысертацыю. Быў дырэктарам Віцебскага філіяла навукова-даследчага клінічнага інстытута радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі, адначасова прафесарам кафедры інфекцыйных хвароб Віцебскага медінстытута. Працаваў рэктарам Гомельскага медінстытута, узначальваў інстытут павышэння кваліфікацыі ўрачоў у Мінску. Цяпер – прарэктар Мінскага медыцынскага ўніверсітэта. Аўтар не адной сотні навуковых прац. Сяргей Мікалаевіч не змог прыехаць на сустрэчу, бо ў тыя дні адбывалася залічэнне студэнтаў у навучальную ўстанову.
Людміла Кірпічонак (Карабань) таксама атрымала вышэйшую медыцынскую адукацыю. Доктар медыцынскіх навук, прафесар Віцебскага медуніверсітэта. Працавала загадчыцай лабараторыі Віцебскага філіяла навукова-даследчага інстытута радыяцыйнай медыцыны, адначасова – загадчыцай радыёізатопнай лабараторыі абласнога дыягнастычнага цэнтра. Цяпер – загадчыца кафедры медуніверсітэта.
Яшчэ адзін наш аднакласнік Сяргей Кірпіч – кандыдат тэхнічных навук, дацэнт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, чытае лекцыі і ў Белдзяржуніверсітэце. Ён вельмі цікава выступіў перад выпускнікамі. Прыгадаў свайго бацьку Васіля Іванавіча, які ў пару Вялікай Айчыннай змагаўся ў партызанскім атрадзе, у мірны час працаваў дырэктарам Ушацкага музея народнай славы. На яго радзіме ў вёсцы Старына Сяргей Васільевіч пабываў назаўтра, адшукаў сваіх родных. А ў час названай сустрэчы ў РДК Сяргей Васільевіч Кірпіч расказаў аб сваёй навуковай дзейнасці (напрыклад, ён выпусціў кнігу, у другой апублікаваў артыкул) і прычытаў свае вершы (таленавіты чалавек адметны ў многім) на роднай мове, прысвечаныя вандроўкам па родным краі (хоць і ў розных краях пабываў, у тым ліку ў Амерыцы), аб шчымлівай любові да радзімы продкаў.
На сустрэчу прыйшла былая настаўніца біялогіі вучняў 1970 года выпуску, класны кіраўнік “Б” класа Фаіна Пятроўна Зубцова. Не без хвалявання і радасці яна прыгадала, што гэта былі не па гадах свядомыя вучні, дапытлівыя, з гарачым жаданнем ўдасканальвацца.
– Мне, – прызнаюся шчыра, даводзілася нават нечаму ў іх вучыцца, – сказала настаўніца. Яна прыгадала як вучобу, так і выезды на сельгасработы, дзе школьнікі праяўлялі таксама сваё старанне. І да цяперашняга яны застаюцца дастойнымі людзьмі.
А ў пацвярджэнне гэтаму – яшчэ адзін прыклад. Юрый Пятніца, які прыехаў на сустрэчу са Случчыны, у свае 60 гадоў нямала зведаў, дастойна выходзіў са складанейшай, нават ваеннай, сітуацыі (быў у Афганістане). Па асноўнай прафесіі ён настаўнік рускай мовы, літаратуры. Вёў у школе і ваенную справу.
На вечар запрашаліся і прадстаўнікі іншых выпускаў, хто пажадае. Чакалі прыезду Ягора Міхейкі, які выйшаў за парог школы ў 1966 годзе. Ён скончыў Вышэйшае ваенна-марское інжынернае вучылішча імя Ф.Э.Дзяржынскага, Ваенна-марскую акадэмію імя М.Г.Кузняцова. Служыў у часцях і злучэннях Ціхаакеанскага флоту. Капітан 1-га рангу. З 1997 года –начальнік сацыяльнага ўпраўлення гэтага флоту. Ганаровы ветэран падраздзяленняў асобай рызыкі. Узнагароджаны ордэнамі “За ваенныя заслугі” і “За мужнасць”. І гэта ў мірны час. Не многія ведаюць, з якой небяспекай была звязана служба Ягора Іванавіча.
Штогод Я.І.Міхейка браў водпуск зімой і накіроўваўся праз тысячы кіламетраў ва Ушачы на вечар сустрэчы выпускнікоў у сваёй роднай школе. Са сцэны прагучала думка, што такіх выпускнікоў трэба па класах вадзіць, каб сённяшнія вучні ўзбагачаліся ад гэтых сустрэч. А таксама прагучала прапанова ўвесці званне “Ганаровы выпускнік Ушацкай школы” і першы нумар прысвоіць Ягору Іванавічу Міхейку.
На мерапрыемства быў запрошаны нядаўна заняўшы пасаду дырэктара Ушацкай сярэдняй школы В.І.Клімашэўскі. Ён знаёміўся з выпускнікамі, прымаў заўвагі наконт правядзення вечароў сустрэчы выпускнікоў у школе. Пакуль што немалую долю ў іх праграме займалі канцэрты мастацкай самадзейнасці. Што дзеці добра спяваюць і танцуюць, гэта зразумела, але ж за шмат кіламетраў людзі едуць перш за ўсё дзеля сардэчных зносін, доўгачаканага дыялогу.
На вечары ў РДК былі выкананы толькі дзве песні, хаця выпускніца гэтай школы Таццяна Мірончыкава рыхтавала больш. Прагучалі і вершы В.Маслюка ў выкананні таксама былой вучаніцы Ушацкай СШ Кацярыны Гарадко. Астатні час якраз займалі жывыя ўспаміны, новыя знаёмствы.
Сярод такіх знаёмстваў – выхад на сцэну выпускнікоў 1966 года Уладзіміра Кароткага і Веры Чульба (дзявочае), падпалкоўніка і яфрэйтара ў адстаўцы. Мужа і жонкі, якія нямала паматляліся па гарнізонах (толькі ў Забайкаллі адслужылі 18 гадоў), а цяпер вярнуліся на родную Ушаччыну. Пакуль часова, але магчыма і застануцца ў родных мясцінах, дзе ўсё дарагое сэрцу. Яны прыгадалі са сцэны сваіх аднакласнікаў Галіну Талаш, Людмілу Балаболкіну, Генадзя Асташонка, Паўла Качана, сястру і брата Захарэнкаў, Ларысу Крахотку, Міхаіла Жалейку. Некаторыя пакінулі гэты свет, з іншымі не сустракаюцца. Пакуль што сувязь ёсць толькі з Пятром Хвашчэўскім.
– А чаму б не зрабіць наступны вечар сустрэчы грунтоўным прысвячэннем некалькім выпускам, у тым ліку года 1966-га, – прагучала са сцэны.
Выступаючы перад прысутнымі, дырэктар школы прызнаўся, што яшчэ больш пераканаўся, што, сапраўды, гэта такая вялікая каштоўнасць навучальнай установы і ўсяго раёна – выпускнікі, якія ўзнімаюць аўтарытэт нашай Ушаччыны. І вельмі важна такі патэнцыял спаўна выкарыстоўваць. Віталь Іосіфавіч Клімашэўскі, таксама выпускнік гэтай школы, падзякаваў выпускнікам за прапановы і ўручыў сувенір, зроблены сённяшнімі вучнямі, Сяргею Кірпічу.
Двухгадзіннае мерапрыемства аднакласнікаў-выпускнікоў Ушацкай школы, наладжанае культработнікамі, прайшло цудоўна. Адбываюцца такія цяпер, у летні час, таксама ў іншых месцах. У тую ж суботу, што і ва Ушачах, напрыклад, сустракаліся выпускнікі Дубраўскай СШ. А сярод іх таксама ёсць тыя, кім можа ганарыцца не толькі школа, але і раён.
Г.ВАРАТЫНСКАЯ.



3 комментария по теме “Выпускники Ушачской школы 1970 года нарушили давнюю традицию и устроили встречу школьных друзей тёплым летним днём

  1. Мальцау пазнау усiх. А вось з чароунай паловы, на жаль, ня многiх… Колькi часу прайшло… Хачу успомнiць Пецю Мiхейку, з якiм разам служылi у армii i якога ужо няма з намi, Валеру Чугунова, Пашу Усцiна, Грышу Шрубка — маiх сардэчных сяброу дзяцiнцтва. Наогул,выпуск 1970 быу вельмi яркi i цiкавы. Усiм, каго пазнау i,каго не пазнау — здароуя i бадзерасцi !

    Аляксей Пятнiца, выпускнiк 1971 г.

  2. Дорогие однокашники! Как много эмоций переживает человек, вспоминая свою юность… и это всякий раз — только ПОЗИТИВНЫЕ эмоции, которые вдохновляют, радуют и побуждают вспомнить ещё и ещё что-нибудь из той «золотой поры» детства и юности… Будем контактировать через наших организаторов, через автора статьи, Галину и др. # Сергей В. КИРПИЧ

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *