Качество уборочной — в руках хлебороба

Сельское хозяйство

Як мы адзначалі раней на старонках газеты, ва ўборачнай кампаніі сёлетняга года на першы план павінны выйсці якасць уборкі і захаванне тэхналогіі работ, іх арганізацыя. Як абстаіць з гэтым справа ў гаспадарках раёна, мы даведаліся падчас гутаркі з намеснікам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання па раслінаводстве Сяргеем Аляксандравічам БЕЛАГРЫЎЦАВЫМ, які на мінулым тыдні правяраў сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна на прадмет якасці ўборачнай.

Сяргей Аляксандравіч, якія асноўныя фактары ўплываюць на якасць жніва?
– На якасці ўборкі адбіваюцца як прыродны, так і чалавечы фактары. І калі з першым мы справіцца не ў сілах, то другі – на сумленні хлебаробаў. Усё залежыць ад кіраўніцтва і спецыялістаў гаспадарак, якія арганізуюць працэс уборачнай, ад інжынераў і механізатараў, якія адказваюць за наладку камбайнаў і непасрэдна вядуць жніво.
– Якія характэрныя недахопы Вы выявілі ў ходзе праверак ?
– Агульнымі недахопамі з’яўляюцца парушэнні хуткаснага рэжыму руху камбайнаў, неадпаведнасць нормам вышыні зрэзу пасеваў, пакінутыя на полі незжатыя ўчасткі, а таксама парушэнні працоўнай дысцыпліны, адсутнасць дзейснага кантролю з боку кіраўніцтва гаспадарак.
Так, пры праверцы работы камбайнаў КУСГП “Глыбачаны” ва ўрочышчы Быстрыкі на азімай трыцікале яна была прызнана нездавальняючай. Аграном гаспадаркі з’яўляецца паслядоўным прыхільнікам Канстытуцыі нашай краіны, таму ў выхадны дзень на работу не прыйшоў, нягледзячы на тое, што камбайны выйшлі ў поле. У яго адсутнасць механізатары наладзілі “гонкі” – па полі камбайны рухаліся са скорасцю звыш 10 км/г, пры аптымальнай скорасці руху 3-4, максімум 5 км/г. Адпаведна, пасля праходу зернеўборачных агрэгатаў на полі засталіся неабмалочаныя каласы і няўбраныя ўчасткі. У выніку гэтага страты склалі каля 2 цэнтнераў з гектара. Вышыня зрэзу збажыны была недапушчальнай – 20-40 сантыметраў. Адзін камбайнер, які знаходзіўся ў нецвярозым стане, адхілены ад работы. Дырэктару КУСГП “Глыбачаны” прапанавана зменшыць аплату працы вінаватым работнікам у адпаведнасці з якасцю ўборкі.
Камбайнер КУСГП “Арэхаўна” А.Каваленка ва ўрочышчы Жывалака ўбіраў азімую пшаніцу на высокім зрэзе (каля 20 сантыметраў), хаця назіраліся ўчасткі палегліцы і трэба было апускаць жняярку значна ніжэй – як вынік на полі засталіся неабмалочаныя каласы. Камбайнеры КУСГП “Вялікадолецкае” ля Жаўніны вялі ўборку азімага жыта з вялікімі стратамі. Яны ўжо панеслі пакаранне ў выглядзе зніжэння аплаты працы. Трэба адзначыць, што пры паўторным наведанні гэтай гаспадаркі грубых парушэнняў тэхналогіі ўборкі не выяўлена.
– Хто дапамагае спецыялістам райсельгасхарча ў кантролі за якасцю ўборкі ўраджаю?
– На жаль, не ў кожнай гаспадарцы разумеюць, што яны ў першую чаргу самі ў гэтым зацікаўлены. Таму прыемна адзначыць, напрыклад, ААТ “Ільюшынскі”. На ўборцы ячменю з падсевам канюшыны працавала тры камбайны. На полі прысутнічаў начальнік вытворчага ўчастка №1 Я.Бумага, працэс уборкі вёўся якасна, без страт. А вось у ААТ “Агра-Селішча”, наадварот, зафіксаваны выпадак наўмыснага затрымання ўборачнай з ведама кіраўніка гаспадаркі. Пры спрыяльным надвор’і камбайны ў 17 гадзін знаходзіліся на мехдвары. Дырэктар сельгаспрадпрыемства В.Кажан аргументаваў гэта тым, што “ячмень яшчэ не паспеў”, але пры выездзе на поле было ўстаноўлена – збожжа спелае і гатова да ўборкі.
Па выніках праверак складзены справаздачы, якія будуць разгледжаны на пасяджэнні калегіі райсельгасхарча, выяўленыя парушэнні ўхіляюцца, а вінаватыя ў іх дапушчэнні будуць пакараны матэрыяльна.
Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *