Па колькасці новабудоўляў можна меркаваць пра развіццё рэгіёна ў цэлым. Як гнёзды буслоў над вёскамі, так і краны ў паднябессі гарадоў – сімвал жыцця і будучыні. І хоць будаўнічая галіна зараз перажывае не лепшыя часы, тым не менш на Ушаччыне як і раней разгорнутыя будаўнічыя пляцоўкі можна ўбачыць у розных яе кутках. Пра асноўныя з іх і аб перспектывах гэтага года мы і гутарылі напярэдадні прафесійнага свята з намеснікам старшыні райвыканкама М.І.БУХАЛКАМ.
– Мікалай Іванавіч, назавіце, калі ласка, асноўныя будаўнічыя аб’екты раёна.
– Працягваецца будаўніцтва памяшкання суда і фізкультурна-аздараўленчага комплексу, завяршаецца ўвод двух аднакватэрных дамоў у Кублічах, а ў жніўні пачынаецца закладка ў Ільюшыне і Селішчах, вядзецца будаўніцтва даільных залаў на фермах у Хадакове, Слабадзе, Сержанах, Глыбачцы, Селішчы, другая чарга ў Завячэллі, капітальны рамонт Дома Саветаў, карэкціруецца праектна-каштарысная дакументацыя па рамонце музея і школы мастацтваў, аб’яўлены аўкцыёны па выбары падрадчыкаў на завяршэнне капітальнага рамонту Ушацкай школы і пракладцы водаправода па вуліцы Полацкай.
– Хто ж будзе святкаваць наваселле сёлета?
– Гэта тыя работнікі сельскай гаспадаркі, якія атрымаюць ведамаснае жыллё ў прыгаданых вышэй населеных пунктах. Хутка пераедуць у новае памяшканне работнікі Глыбачанскага Дома культуры.
– Многа ўшачан па-ранейшаму мараць трапіць у жыллёва-будаўнічы кааператыў.
– Сёлета будзе закладацца 60-кватэрны дом. Паколькі ў краіне зменены правілы атрымання такога жылля, то мы пазней падрабязна растлумачым ушачанам, як гэта будзе адбывацца. Зараз жа быў аб’яўлены аўкцыён на пошук падраднай арганізацыі на пракладку інжынерных сетак і, на жаль, ён не адбыўся з-за адсутнасці прапаноў.
– Без правядзення аукцыёнаў з гэтага года не распачынаецца ні адзін аб’ект, ці гатовы нашы будаўнічыя арганізацыі да работы па новых правілах.
– На жаль, пакуль не ўсе. Удзельнічаюць у аўкцыёнах і выйграюць іх нашы будаўнічыя арганізацыі “НікСілБуд” і “Прагрэс”, не гатова пакуль наша асноўная будаўнічая арганізацыя – ПМК-66. Хоць гэта не азначае, што ў яе не хапае работы, хутчэй наадварот, не паспяваюць іх выконваць. І менавіта таму аб’ёмы падрадных работ у параўнанні з мінулым годам выкананы толькі на 81 працэнт. Адзінае, што нам удалося выканаць, гэта ўвод жылля (пераважна за кошт індывідуальнай забудовы) – 52 працэнты гадавога задання, якое складае 3200 квадратных метраў.
– Чым абумоўлены спад актыўнасці нашай асноўнай будаўнічай арганізацыі?
– Для ПМК-66 характэрны ўсе тыя тэндэнцыі, што перажывае зараз будаўнічая галіна краіны: перш за ўсё адток кадраў. Вось і ў нас у ПМК-66 са 180-190 чалавек засталося толькі 107 і з іх толькі 47 заняты на будаўніча-мантажных работах. Складанае становішча ў будоўлі вядома на ўзроўні ўрада, будзем спадзявацца, што ў хуткім часе яно выправіцца і нашы спецыялісты не будуць шукаць работу за межамі краіны. Гэтага перш за ўсё жадаю нашым калектывам, а ўсім будаўнікам, якія засталіся верныя сваім прадпрыемствам – матэрыяльнага дастатку, здароўя, дабрабыту ў сем’ях. І няхай стагоддзямі, а не толькі гадамі радуюць ушачан сёлетнія новабудоўлі.
В.КАРАЛЕНКА.
ДЛЯ НАШЧАДКАЎ НА ВЯКІ
“Прозвішчы простых будаўнікоў, рукамі якіх узводзяцца многія знакавыя аб’екты, для гісторыі застаюцца невядомымі, а шкада, – кажа дырэктар ПУП “НікСілБуд” Мікалай Мікалаевіч Бабаедаў. – Мясцовым прыкладам якасці будаўніцтва лічу будынак касцёла Святога Лаўрэна, які на працягу дзесяцігоддзяў стаяў без даху, а кладка сцен не развалілася. Вось гэта і ёсць якасць, усім будаўнікам трэба імкнуцца так працаваць”.
Дырэктар ПУП “НікСілБуд” у будаўніцтве ўсё жыццё. Пасля заканчэння ў 1986 годзе Наваполацкага політэхнічнага інстытута па спецыяльнасці “прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва” ён пастаянна працуе ў гэтай сферы. Пачынаў сваю дзейнасць прарабам Віцебскага трэста № 22, потым працаваў у арганізацыях Ушацкага раёна, быў індывідуальным прадпрымальнікам.
Сярод тых, з кім пачынаў сваю дзейнасць Мікалай Мікалаевіч прыгадвае цесляра Алега Аркадзьевіча Казлоўскага, бухгалтара Зінаіду Гаўрылаўну Літвін, якія зараз ужо на заслужаным адпачынку.
Амаль з пачатку стварэння прадпрыемства актыўна ўдзельнічала ў будаўніцтве жылля ў сельскай мясцовасці ў рамках Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла на 2005-2010 гады, узводзілі дамы для вяскоўцаў у Арэхаўне, Сарочыне, Глыбачцы, Ільюшыне, Вяркудах. У адным толькі Ліпаўцы будаўнікамі прадпрыемства пабудавана 14 аднакватэрных жылых дамоў. Усяго ж за непрацяглы перыяд дзейнасці ПУП “НікСілБуд” здала у сельскай мясцовасці каля 50 дамоў. Працавалі таксама на аб’ектах сацыяльнай сферы. Адзін з такіх – будынак былога дзіцячага сада ў аграгарадку Вялікія Дольцы, які працаўнікі прадпрыемства прыстасавалі пад сельскую ўчастковую бальніцу. Наогул, аб’екты аховы здароўя для іх сталі амаль профільнымі. Новы дах на будынку паліклінікі, рамонт тэрапеўтычнага аддзялення райбальніцы таксама рабілі яны.
Паступова “НікСілБуд” заваёўваў давер заказчыкаў. З ростам аб’ёмаў будаўніцтва расла і сама арганізацыя, пашыраўся спектр аказваемых работ і паслуг. Так узнікла яшчэ адно прадпрыемства – ПУП “ПрамБудЛід”, якое займаецца выпускам і ўстаноўкай дзвярных і аконных блокаў з навейшых сучасных матэрыялаў. Прадпрыемствы працуюць у цеснай сувязі і разам з дрэваапрацоўчым цэхам у аграгарадку Глыбачка, дзе выпускаюць піламатэрыялы для сваіх патрэб і нават рэалізуюць насельніцтву, утвараюць невялікі мясцовы “холдынг”.
Перажыло прадпрыемства і часы, калі не хапала аб’ёмаў, тады шукалі работу за межамі раёна і рэспублікі, працавалі нават на аб’ектах у Маскве.
Зараз “НікСілБуд” мае сертыфікаты амаль на ўсе віды будаўнічых работ, на сантэхнічныя і электрамантажныя работы. Для паспяховай дзейнасці на прадпрыемстве маюцца неабходныя тэхніка і механізмы: кран, грузавыя аўтамабілі, трактар, экскаватар, італьянскі бетоназмяшальны вузел, мікрааўтобусы для падвозкі людзей – карацей кажучы, увесь неабходны набор для узвядзення аб’ектаў пад ключ.
На сённяшні дзень рабочыя прадпрыемства працуюць на розных аб’ектах сацыяльнай і вытворчай сфер як ва Ушацкім раёне, так і за яго межамі. Працягваюць бягучы рамонт спартыўнай залы Ушацкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы ў пасёлку лясгаса, аддзялення адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага прабывання інвалідаў у Градзянцы, вядуць работы па капітальным рамонце з мадэрнізацыяй жылога дома № 30 па вуліцы Фрунзе з уцяпленнем фасадаў і будаўніцтвам лоджый, даху Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы. З аб’ектаў вытворчай сферы варта прыгадаць малочнатаварную ферму ААТ “Ільюшынскі” ў Сержанах – работы па яе рэканструкцыі вядуцца з 2012 года. Працуюць будаўнікі ПУП “НікСілБуд” і за межамі раёна, напрыклад, на будаўніцтве аднаго з аб’ектаў новага жывёлагадоўчага комплексу ў Заскарках Полацкага раёна. Цяжкасці, якія ўзнікаюць у рабоце прадпрыемства, характэрны зараз для ўсёй галіны будаўніцтва: рост цэн на будаўнічыя матэрыялы (а будаваць і выконваць работы часта прыходзіцца без перадаплаты, авансам), а таксама цякучасць кадраў.
Зараз на прыватных унітарных прадпрыемствах “НікСілБуд” і “ПрамБудЛід” працуе каля 80 чалавек з г.п.Ушачы і сельскай мясцовасці. За перыяд з пачатку года звольнілася каля 15, на іх месца прыйшлі новыя, пераважна моладзь. Трэба адзначыць, што калектывы прадпрыемстваў маладыя – сярэдні ўзрост працуючых каля 35 год. Тое, што людзі мяняюцца, М.М.Бабаедаў лічыць з’явай нармальнай, бо кожны чалавек шукае дзе лепш, а пры сённяшнім попыце на рабочых будаўнічых спецыяльнасцей на рынку працы буйных гарадоў нашай краіны і Расіі і суадносінах заробкаў даволі цяжка затрымаць спецыялістаў. Цяпер, напрыклад, у калектыве ПУП “НікСілБуд” засталося ўсяго два муляры. Добрым словам успамінаюць тут муляра Міхаіла Міхайлавіча Коршуна, сапраўднага майстра сваёй справы, які не так даўно звольніўся. Моладзь, якая прыходзіць на змену былым работнікам, навучаюць на месцы. І усё ж за гады працы сфарміраваўся касцяк калектыву. У ліку лепшых, адказных работнікаў прадпрыемстваў “НікСілБуд” і “ПрамБудЛід” М.М.Бабаедаў называе начальніка вытворчага цэха дрэваапрацоўкі Мікалая Федарэнку, вадзіцеляў Аляксандра Аваднёва, Сяргея Судака, Фёдара Пугачова і Генадзя Косых, цесляроў Дзмітрыя Хвашча і Аляксандра Мугаку, трактарыста Мікалая Хвашча. Сумленна і старанна працуюць муляры Аляксей Ларчанка і Аляксандр Дукмасаў, тынкоўшчык Анатоль Касцючэнка, электрык Васіль Кашко, страхар Ігар Субоцін, майстры Валерый Кміта і Аляксандр Ядрэўскі.
Наогул, Мікалай Мікалаевіч лічыць, што ў іх калектыў аднадумцаў, з якімі прыемна мець справу.
Гісторыя працоўнай дзейнасці прадпрыемстваў пакуль не вельмі багатая. Аднак практычна ва ўсіх буйных вёсках раёна ёсць іх аб’екты. А праязджаючы па вуліцы Віцебскай у гарпасёлку, Мікалай Мікалаевіч міжволі ўсміхаецца, бачачы ў новых жыллёвых кааператывах вокны і балконы, створаныя і ўстаноўленыя рукамі рабочых “НікСілБуда” і “ПрамБудЛіда”, ля вытокаў якіх стаяў менавіта ён.
Д.РАМАНОЎСКІ.
ВЕРНЫЯ СВАЁЙ АРГАНІЗАЦЫІ
Добрага муляра можна параўнаць са скульптарам. Не спецыялісту кладка сцен можа паказацца сумным і нецікавым заняткам, але гэта не так. Для муляра не бывае аднолькавых сцен: адзін дзень ён выконвае прамую кладку, у другі – стварае вострая вуглы, акругласці, аркі. Акрамя гэтага патрэбна захоўваць тэхніку бяспекі, правільна арганізаваць рабочае месца і выкарыстаць інструмент, шмат чаго іншага. Гэта прыходзіць са стажам, з прафесійным вопытам.
Брыгаду муляраў даччынага камунальнага ўнітарнага будаўнічага прадпрыемства “Ушацкая ПМК-66” пад кіраўніцтвам Ігара Леанідавіча Кляпца можна смела называць прафесіяналамі. Тут працуюць ветэраны галіны Аляксандр Пяхоўскі, Канстанцін Дабравольскі, Аляксандр Манецкі, ды і амаль у кожнага з 11 чалавек брыгады за плячыма каля 20 і больш гадоў стажу муляра.
На ўзвядзенні будынка суда, што ідзе па вуліцы Савецкай у гарпасёлку, яны працуюць з самага пачатку і аб’ект набліжаецца да завяршэння. Маглі б справіцца і намнога раней, але не ўсё залежыць ад іх. Прадпрыемства перажывае цяпер не лепшыя часы. “Так цяжка не было нават у дзевяностыя”, – кажуць мае суразмоўцы. Ушацкая ПМК-66 зараз перажывае дэфіцыт і сродкаў, і кадраў.
– Сёння праца муляра ў суседняй Расіі каштуе намнога даражэй чым у нас. За куб кладкі можна атрымаць і 50 долараў. Таму многа талковых маладых хлопцаў, выпускнікоў прафесійных вучэбных устаноў, набраўшыся вопыту на нашых будоўлях, адпраўляюцца туды на заробкі. Атрымліваецца, што мы рыхтуем рабочых для суседзяў, – разважаюць муляры брыгады.
Разумеюць яны і тое, што ў цяперашніх умовах не варта хутка чакаць павышэння зарплаты, але трымаюцца і звальняцца не збіраюцца.
А пакуль што будуюць і жыллё, і прамысловыя аб’екты. Ні адзін з апошніх жыллёва-будаўнічых кааператываў, пабудаваных у гарадскім пасёлку, не абышоўся без іх, у кожным аграгарадку раёна стаяць дамы, узведзеныя іх рукамі. У гэтым годзе ўжо паспелі папрацаваць на жыллёва-будаўнічым кааператыве ў Лепелі, раней будавалі шматпавярховыя жылыя дамы ў Наваполацку і Глыбокім. Давялося брыгадзе ўзводзіць і розныя вытворчыя аб’екты.
Размаўляючы з мужчынамі, звярнуў увагу на тое, што сярод іх няма ніводнага з “жывоцікам” – усе жылістыя, як кажуць у народзе – “цягавітыя”.
– А вы паспрабуйце за змену перацягаць паўтары тоны цэглы, гэта не лічачы раствору, ды калі-небудзь збегаць за дзень раз 25-30 на пяты паверх і назад – ніякі спартзал не спатрэбіцца.
За сваю ж прафесійную дзейнасць гэтыя працаўнікі перанеслі чыгуначныя саставы цэглы і раствору, узвялі тысячы квадратных метраў жылля і не адзін дзясятак вытворчых аб’ектаў. І заўсёды пад адкрытым небам. Канечне, цяжка. Але прафесіі сваёй не здрадзілі. Вось і зараз, завяршаючы будаўніцтва суда, яны ўжо думаюць аб новых аб’ектах, спадзяюцца на годную зарплату і на тое, што здароўе не падвядзе.
Д.РАМАНОЎСКІ.
в статье написано, что «Сёлета будзе закладацца 60-кватэрны дом…». Будьте добры, напишите, когда же все-таки это и произойдёт, когда начнут формировать новый кооператив и на каких новых условиях. стольких ушачан волнует эта тема, не обходите её стороной..
Дом планируется закладывать в этом году, а вот на каких условиях = вопрос пока открытый, и цена вопроса немалая, как только проясниться сколько же будет стоить квадратный метр для нуждающихся — мы обязательно поднимем эту тему.