У даволі цёплы жнівеньскі дзень слаба верыцца, што менавіта сёння будзе кінута льдзінка ў нашы рэкі і вадаёмы, а гарачае лета пойдзе на змяншэнне. 2 жніўня праваслаўныя вернікі адзначалі дзень Іллі-прарока, з якім звязана мноства народных звычаяў, традыцый і прыкмет. У народзе казалі: «Ілля лета канчае, жніво пачынае», «На Іллю да абеда лета, а пасля — восень», «Пётр-Павел час убавіў, а Ілля-прарок — два ўвалок», «Прыйдзе Ілля — наробіць гнілля». Прадказальнікі будучага надвор’я і ўраджаю прыкмячалі: на Іллю сухі пагодлівы дзень — будзе добры другі сенакос, калі дзень спякотны — чакай доўгай зімы, ідзе дождж — арэхі спаліць маланка. Па народных вераваннях, пасля Іллі забараняецца купацца, нібыта з гэтага часу чэрці хаваюцца ад стрэл прарока ў ваду і могуць зацягнуць чалавека на дно, каб забраць яго душу. Лічыцца, што вада пасля Іллі становіцца халоднай. У ранейшыя часы ў дзень гэтага святога хрысціяне не браліся за працу, а маліліся ў царкве Богу, прароку Іллі, які лічыцца заступнікам жывёлагадоўлі і земляробства, збіралі ў кругу сям’і святочныя застоллі.
Дзень Іллі-прарока і па сёння шырока святкуецца ў многіх куточках нашай краіны, а на Ушаччыне, наогул, існуе даўняя традыцыя збірацца ў Стайскім бары, дзе стаяла царква Іллі. Вось і сёлета з самай раніцы 2 жніўня сюды з усяго раёна з’язджаліся вернікі розных узростаў, каб не прапусціць важнае царкоўнае мерапрыемства. Раённае кіраўніцтва паклапацілася аб тым, каб усе жадаючыя змаглі дабрацца да месца правядзення дзейства — быў арганізаваны падвоз грамадзян спецыяльным аўтобусам, прама ў лесе працавала гандлёвая кропка райспажыўтаварыства.
Святочнае богаслужэнне ў гонар усемагутнага заступніка Іллі-прарока правёў благачынны Ушацкага раёна протаіерэй Вячаслаў Лобец. Кранальным было праведзенае ў гэты асаблівы для вернікаў дзень хрышчэнне грамадзян. 17 чалавек атрымалі духоўнае нараджэнне, прычым не толькі маленькія дзеці, але і людзі сталага ўзросту, для якіх прыход да веры — асэнсаванае рашэнне, прадыктаванае самім жыццём.
Нават капрызнае надвор’е (падчас богаслужэння пад адкрытым небам «зарадзіў» спорны дождж) не сапсавала настрой ушацкім вернікам. Памаліцца, успомніць тых, каго няма разам з намі, запаліць свечку і, канечне, набраць з крыніцы свянцонай вады, якая лічыцца жыватворнай для цела і душы, — прыйшло каля паўтысячы чалавек. Дарэчы, за святой вадой у гэты дзень людзі прыязджаюць да позняга вечара.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.