Дорожат каждым днём. Как проходит уборочная в КУСХП «Великодолецкое»?

Сельское хозяйство

Раніцай 2 жніўня працаўнікі КУСГП “Вялікадолецкае” на мехдвары чакалі спрыяльнага надвор’я. 9 экіпажаў камбайнаў гатовыя былі па першым сігнале выехаць у поле, але дождж унёс карэктывы ў планы хлебаробаў. “Прыйшоў Ілля – наробіць гнілля”, – жартуюць механізатары. У гаспадарцы ж даражаць кожным днём жніва, паколькі менавіта тут адзін з буйнейшых зерневых кліноў у раёне. Сёлета неабходна ўбраць збожжа на плошчы амаль у 2 тысячы гектараў. Камбайнеры “Вялікадолецкага” ўжо справіліся з азімымі (317 гектараў пшаніцы і 265 жыта), зараз вядуць уборку ячменю, плошчы якога ў гаспадарцы складаюць 1272 гектары – амаль чацвёртая частка раённых пасеваў гэтай культуры, чакаюць сваёй чаргі яравая пшаніца і зернебабовыя. Нават у дождж механізатары, задзейнічаныя на жніве, не маюць выхадных. Вымушаныя гадзіны прастою яны выкарыстоўваюць на рамонт і наладку тэхнікі: чысцяць, змазваюць механізмы, мяняюць неабходныя вузлы і дэталі, і, канечне, чакаюць добрага надвор’я. “Калі задажджыць, – кажа Васіль Алексяёнак, адзін з самых вопытных працаўнікоў гаспадаркі, – то па ячмені хутка пойдзе ў рост пустазелле, што значна ўскладніць працэс уборкі”. Калегамі В.Алексяёнка на жніве гэтага года з’яўляюцца таксама вопытныя механізатары Генадзь Бука, Уладзімір Вусько, Сяргей Вусько, Рыгор Філімонаў, Юрый Альбіновіч, Ягор Мацюш і малады камбайнер Андрэй Смаляк, для якога гэта ўборачная кампанія стала трэцяй. Дапамагаюць працаўнікам “Вялікадолецкага” і “шэфы” – Мікалай Падворны і Віктар Жванскі. Камбайнеры КУСГП “Вялікадолецкае” не спадзяюцца на сёлетнім жніве стаць “тысячнікамі”. Успамінаюць, што гэта было магчыма, калі на палетках гаспадаркі працавала толькі некалькі адзінак зернеўборачнай тэхнікі. Зараз жа нагрузка на камбайны крыху больш 200 гектараў на адну машыну, ды і ўраджайнасць невысокая. Няма тут і яўных перадавікоў. Напрыклад, намалот на камбайнах КЗС-1218, якіх з пачатку ўборачнай у гаспадарцы працуе пяць, на 5 жніўня складаў ад 135 да 180 тон. Хаця і тут можна вылучыць лідараў – В.Алексяёнак і У.Вусько. Складаней абстаяць справы з адвозкай ураджаю, улічваючы немалыя адлегласці ад палёў да зернесушылак гаспадаркі. Вадзіцелям Віталю Буку, Міхаілу Клопаву, Віктару Стрыжонку і Мікалаю Волаху з пачатку уборачнай на адвозцы зерня ад камбайнаў дапамагаюць трактарысты Мікалай Седзін і Ра Вутх, зараз да іх далучыўся Міхаіл Кляпец. Гарачая пара цяпер не толькі для камбайнераў і вадзіцеляў – працаўнікі зернесушылак таксама ў адказе за ўраджай, бо ўбраць збожжа з палёў палова справы, галоўнае ж – яго захаваць. І з гэтым не трэба марудзіць, лічыць галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Аляксандр Зянюк. Ураджай з палеткаў гаспадаркі трапляе на зернесушылкі М-819 у Вялікіх Дольцах, Касарах і Казімірове, дзе пасля пярвічнай апрацоўкі яго дасушваюць. Зерне здаецца ў залік дзяржзаказу, засыпаецца ў засекі на насенне і пакідаецца на фураж для ўласных патрэб. Вялікія надзеі ўскладаліся на набыццё новага сучаснага зернесушыльнага комплексу, але атрымаць яго за бюджэтныя сродкі не ўдалося, а такіх вялікіх уласных у гаспадарцы няма. Надвор’е гэтым летам пастаянна ўносіць свае папраўкі, ускладняючы і без таго напружаную працу ў полі, але ўсе намаганні хлебаробаў накіраваны на тое, каб як мага хутчэй і без страт убраць ураджай. Час у працаўнікоў вёскі і сапраўды на вагу золата… Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *