День Кубличского сельсовета

Калейдоскоп Официально Саветы і жыццё Сельское хозяйство

На мінулым тыдні прайшоў Дзень работы з насельніцтвам Кубліцкага сельсавета, падчас якога ўдзельнікі наведалі ўсе сацыяльныя аб’екты аграгарадка, пабывалі ў адміністрацыйным будынку і на мехдвары аднайменнага сельгаспрадпрыемства. На пасяджэнні ўдзельнікі мерапрыемства абмеркавалі шляхі вырашэння тых пытанняў, якія падымалі жыхары населеных пунктаў сельсавета падчас падворнага абходу членамі рабочых груп. Таксама ў гэты дзень прыём грамадзян па асабістых пытаннях правялі выконваючы абавязкі старшыні райвыканкама В.В.Родзіч (Кублічы), старшыня раённага Савета дэпутатаў А.В.Пашковіч (Селішча), намеснік старшыні райвыканкама В.В.Дзямешка (Сорзава). З агульным станам спраў на тэрыторыі сельсавета азнаёміла ў сваёй справаздачы яго старшыня І.В.Ластаўка.
Трэба заўважыць, што шэраг пытанняў удалося зняць напярэдадні пасяджэння. Астатнія можна падзяліць на бягучыя — якія паўстаюць і вырашаюцца, напрыклад, з нарыхтоўкай дроў, якія нельга зняць без укладання сродкаў (рамонт дарог), і якія наогул не павінны падымацца, напрыклад, адсутнасць дарожных знакаў у вёсках.
У пратакол даручэнняў адпаведным службам трапіла просьба жыхароў вёскі Забалацце аб падсыпцы ўчастка дарогі Судзілавічы-Кублічы, рамонт участка дарогі ў Мажуйках і Анікеўшчыне, высечка расліннасці і паглыбленне кювета аўтадарогі Кублічы-Сорзава паміж дамамі 24-30 па вуліцы Савецкай, рамонт водазаборнай калонкі ў вёсцы Воцькавічы, воданапорнай вежы ў Селішчах, добраўпарадкаванне могілак у Афераўшчыне, знос нежылых аварыйных дамоў у аграгарадку. Гэта пытанні, за вырашэннем якіх замацаваны канкрэтныя выканаўцы і вызначаны дакладныя тэрміны. Магчымасць падключэння да цэнтральнага водаправода вёскі Кляпцы, рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў у Селішчы будзе вывучацца, паколькі патрабуюць дадаткова праектаў і значных фінансавых укладанняў.
Трэба зазначыць, што без увагі не засталася ніводная просьба жыхароў, аднак гэта не азначае, што ўсе яны будуць адразу і станоўча вырашаны. Напрыклад, на адсутнасць аўтобуснага прыпынку скардзіліся жыхары вёскі Капылоўшчына. Людзі чакаюць аўтобус пад адкрытым небам, паколькі няма ні абсталяванага прыпынку з дахам, ні нават лаўкі. На жаль, гэта не адзіная вёска раёна, жыхары якой не маюць такіх выгод. Аднак, станоўчага адказу па гэтым пытанні пакуль што не будзе, паколькі будаўніцтва аўтобусных прыпынкаў ажыццяўляецца за сродкі абласнога дарожнага ўпраўлення, а іх на гэтыя мэты няма. Аднак ёсць іншы шлях вырашэння праблемы. Жыхары вёсак Заазер’е і Воснава Вялікадолецкага сельсавета сабралі сродкі самаабкладання (добраахвотныя ахвяраванні грамадзян на вырашэнне мясцовых пытанняў), за якія ім кіраўніцтва сельвыканкама на аўтобусных прыпынках дапамагло ўстанавіць лаўкі. Увогуле, зрабіць дах на прыпынку, пабудаваць калодзеж, высекчы дрэва на могілках таксама можна, сабраўшы сродкі самаабкладання з жыхароў канкрэтнага населенага пункта для вырашэння пэўнай праблемы. Гэта найбольш кароткі шлях вырашэння любога надзённага пытання.
На жаль, ёсць на сяле балючыя кропкі, для якіх немагчыма знайсці лекі ні за дзень, ні за месяц. Не так проста пазбавіцца ад такога сацыяльнага зла як утрыманства, п’янства, абыякавасць бацькоў да выхавання сваіх дзяцей. Гэтыя заганы нашага грамадства маюць месца і ў вёсках Кубліцкага сельсавета. І хоць не хапае работнікаў у мясцовай гаспадарцы, няпроста знайсці прадаўца ў магазін вёскі Сорзава, аб адкрыцці якога таксама прасілі людзі, у гэты ж час на тэрыторыі сельсавета 47 чалавек працаздольнага ўзросту нідзе не працуе. Адзінкі з іх выязджаюць на заробкі, ну а большасць — так званыя ціхія п’яніцы, якія перабіваюцца часовымі заробкамі, напрыклад, зборам ягад у сезон, ці жывуць на пенсію састарэлых бацькоў. Гэтая катэгорыя грамадзян можа пайсці на крадзеж, яны ж гінуць у агні ў сваіх дамах.
Яшчэ адно пытанне, злабадзённае як для раёна ў цэлым, так і для Кубліцкага сельсавета, датычылася землекарыстання. Зарослыя пустазеллем участкі прыватнікаў, гаспадаранне баршчэўніку і кустоў, як вынік — скаргі жыхароў паўстаюць з-за таго, што зямля, якая павінна апрацоўвацца і прыносіць карысць, не выкарыстоўваецца па прызначэнні. Пераводзіць участкі ў агульны севазварот, знаходзіць уласнікаў, імкнуцца да таго, каб узараным быў амаль кожны кавалак зямлі — такая задача пастаўлена перад землеўпарадкавальнай службай раёна, гаспадаркай і сельвыканкамам.
У цэлым, выконваючы абавязкі старшыні райвыканкама В.В.Родзіч даў станоўчую ацэнку рабоце старшыні Кубліцкага сельвыканкама І.В.Ластаўка. Пацвярджэннем таму і падзякі, якія выказвалі людзі падчас падворнага абходу як мясцовай, так і раённай уладзе.
Праз пэўны час будзе праверана выкананне ўзятых на кантроль пытанняў. Ну а наступны Дзень работы з насельніцтвам запланаваны ў Жарскім сельсавеце.
В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *