Литургия вселенского масштаба. Ушачане приняли участие в праздновании 1025-летия Крещения Руси

Общество

Ноччу, 29 ліпеня, вернікі Ушацкага раёна адправіліся ў сталіцу, каб прыняць удзел у святкаванні 1025-годдзя Хрышчэння Русі. Аб тым, як праходзіла гэтая паездка, якія ўражанні засталіся ва ўшачан ад наведання святочнага дзейства, расказаў нам адзін з яго ўдзельнікаў, паслушнік храма Мінадоры, Мітрадоры і Німфадоры Арцём Усцін:

– Трэба сказаць, што Хрышчэнне Русі – не проста дата ў царкоўным календары, гэта адна з важнейшых падзей для ўсёй славянскай цывілізацыі, аснова асноў станаўлення нашай дзяржаўнасці, культуры, маралі. Менавіта таму для нас, вернікаў, пабываць на грандыёзным дзействе, прымеркаваным да святкавання 1025-годдзя Хрышчэння Русі, далучыцца да мерапрыемстваў – вялікае шчасце.
Яшчэ задоўга да знакавай для ўсяго славянскага народа падзеі ў епархіі, благачынні, прыходы нашай краіны былі дасланы запрашэнні на свята. Атрымалі яго і мы. На спецыяльна заказаным аўтобусе разам з бацюшкам Вячаславам і матушкай Любоўю 30 ушацкіх паломнікаў накіраваліся ў Мінск. Большасць з іх – касцяк прыходу, тыя, хто шчыра жыве ў духу праваслаўя. Яшчэ раз упэўніўся ў тым, што царква аб’ядноўвае. Вось і ў нашай дэлегацыі былі людзі як маладыя, так і даволі сталага ўзросту.
Прыемна ўразіла арганізацыя свята. Нягледзячы на масавасць ніякай таўкатні на вуліцах не назіралася. Для бяспекі паломнікаў у кожным аўтобусе знаходзіліся медык і супрацоўнік органаў унутраных спраў – апошні каардынаваў маршрут руху, а па прыбыцці ў сталіцу забяспечваў захаванасць маёмасці грамадзян. Хочацца адзначыць дакладныя дзеянні казачых атрадаў, якія былі спецыяльна запрошаны для арганізацыі мнагатысячнага шэсця і выдатна справіліся са сваімі абавязкамі.
Пачалося дзейства апалове сёмай раніцы з хрэснага ходу. Наперадзе калоны сінхронна, трымаючы асанку, ішло некалькі соцен харугвіяносцаў. Нам з Аляксандрам Аляксандравічам Радзюшам пашчасціла прадставіць Ушацкі прыход у гэтым шэсці. Эпагеем жа свята стала літургія, можна сказаць, сусветнага маштабу, якую правёў пад адкрытым небам Патрыярх Маскоўскі і ўсея Русі Кірыл сумесна з кіраўнікамі і прадстаўнікамі памесных праваслаўных цэркваў. Такога грандыёзнага дзейства не праводзілася з 1988 года, таму вельмі радасна, што мы мелі магчымасць далучыцца да яго.
Падрыхтавала К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *