Ці ведаеце вы, што дырэктар Вяркудскай школы Віталь Клімашэўскі ў адзін момант можа паставіць турыстычную палатку, што начальнік Ушацкага раёна электрасетак Васіль Варанько ў плаванні і стральбе дасць фору многім прафесійным спартсменам, што старшыня Ушацкага сельвыканкама Васіль Шнітко вэндзіць рыбу – пальчыкі абліжаш, а дырэктар прамкамбіната Галіна Грыдзюшка дакладна б перамагла ў тэлепраграме “Угадай мелодыю”, бо з лёгкасцю арыентуецца ў музычнай прасторы? А як прыгожа спяваюць дырэктар раённага цэнтра дзяцей і моладзі Наталля Каваленка і настаўнік Касарской школы Алег Сыс, ды яшчэ і пад гітару? Я таксама не ведала, хаця з усімі гэтымі людзьмі па рабочых пытаннях мела зносіны неаднаразова. Па-новаму ж паглядзець на дэпутатаў раённага Савета дэпутатаў і старшынь сельвыканкамаў, убачыць іх здольнасці і таленты дазволіла ўнікальнае па сваёй задумцы мерапрыемства – турыстычны злёт дэпутатаў.
З прапановай аб яго правядзенні амаль год таму назад дэпутаты звярнуліся да старшыні Ушацкага раённага Савета дэпутатаў А.В.Пашковіч. Алена Васільеўна падтрымала ініцыятыву, арганізаваўшы турзлёт на жывапісным беразе возера Матырына. Напярэдадні была створана дэпутацкая група па падрыхтоўцы мерапрыемства на чале з В.І.Клімашэўскім. І вось 5 ліпеня цішыню прыгожага матырынскага лесу парушыў гучны гоман удзельнікаў турзлёту. Пакінуўшы на дзень свае камфортныя рабочыя кабінеты, дэпутаты з галавой акунуліся ў жыццё сапраўдных турыстаў. Здавалася, і само надвор’е, якое дагэтуль на працягу некалькіх дзён палохала ўшачан духатой і спёкай, стабілізавалася і падарыла доўгачаканую прахалоду.
Асноўны састаў удзельнікаў турзлёту быў падзелены на дзве каманды. Яны паспяхова пераадолелі паласу перашкод, прайшлі турыстычную эстафету. Устаноўка палаткі, смажаная на агні рыба і цэлы шэраг спартыўных выпрабаванняў – усё аказалася па плячы ўдзельнікам дэпутацкага злёту. Рашучыя, поўныя сіл і энергіі, яны выкладваліся на поўную моц у стральбе з пнеўматычнай зброі, пераносе “пацярпелага”, імкнуліся пераадолець па купінах забалочаную мясцовасць, прайсці па бервяне. У гэты дзень яны дэманстравалі свае здольнасці не толькі на спартыўных этапах спаборніцтва, але і ў творчых конкурсах: спявалі песні, фантазіравалі ў конкурсе на лепшую турыстычную страву і самы арыгінальны касцюм. Гледзячы на азарт, з якім дэпутаты раёна змагаліся за перамогу, было цяжка ўсядзець на месцы, захацелася таксама паўдзельнічаць у спаборніцтвах.
А як добра было пасядзець ля кастра, пагаварыць аб надзённых справах, абмяняцца думкамі. Тым больш, што сабраліся тут вельмі неардынарныя, цікавыя людзі, зносіны з якімі ўзбагачаюць і пашыраюць кругагляд.
Застаецца толькі выказаць спадзяванне, што такі цікавы дэпутацкі турзлёт пяройдзе ў разрад традыцыйных мерапрыемстваў, будзе пашырацца кола яго ўдзельнікаў, для якіх Ушаччына – месца не толькі штодзённай працоўнай дзейнасці, але і шматлікіх адкрыццяў і сустрэч.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.