Лета — гэта не толькі час адпачынку і школьных канікул, але і пажаранебяспечны сезон, калі пад пагрозу трапляе адно з нацыянальных багаццяў нашай краіны — лясы. Любая неасцярожна кінутая запалка, цыгарэта, непатушанае вогнішча могуць прывесці да трагедыі. На 7 ліпеня бягучага года ў лясах Беларусі ўжо зарэгістравана 77 пажараў. І хаця іх плошча не такая вялікая — 10 гектараў, аднак урон для ўсяго жывога на гэтай тэрыторыі значны.
Для таго, каб ваша неасцярожнасць не стала прычынай надзвычайнага здарэння, выконвайце наступныя правілы. Не распальвайце вогнішча ў сухім лесе або на тарфяніку. Перад тым, як развесці касцёр, зграбіце лясную подсцілку з кастрышча і вакол яго ў радыусе 0,5 метра. Добра заліце вогнішча, разграбіце попел і ўпэўніцеся, што пад ім не засталося тлеючых вугалёў. Не кідайце непатушаныя запалкі і цыгарэты, не карыстайцеся ў лесе піратэхнічнымі вырабамі. У сухое, гарачае надвор’е не заязджайце ў лес на аўтамабілях і матацыклах: іскры з глушыцеля могуць выклікаць узгаранне.
Адчуўшы ў лесе пах дыму, высветліце, што гарыць, у які бок дзьме вецер, якая небяспека распаўсюджвання агню. Невялікае ўзгаранне тушыце самастойна: тапчыце полымя, залівайце яго вадой, засыпайце зямлёй. Можна выкарыстоўваць для тушэння пукі галінак лісцевых парод, шчыльную тканіну, мокрую вопратку. Наносьце ўдары па кромцы вогнішча збоку, як бы змятаючы полымя. Галіны, тканіну пасля кожнага ўдара пераварочвайце, каб яны такім чынам ахалоджваліся і не запаліліся.
Калі пажар дастаткова моцны, не спрабуйце сваімі сіламі патушыць яго. Ідзіце насустрач ветру па прасеках, дарогах, палянах, берагамі ручаёў ці рэк. Пры моцным задымленні рот і нос прыкрывайце мокрай ватна-марлевай павязкай, ручніком ці часткай вопраткі. Пастарайцеся як мага хутчэй паведаміць пра здарэнне ў мясцовую пажарную службу, лясніцтва ці лясгас.
М.КІСЕЛЬ, старшы інспектар інспекцыі дзяржпажнагляду.