Автосервис выходит из тени

Закон - один для всех

Па колькасці асабістых аўтамабіляў на тысячу жыхароў Беларусь апярэджвае іншыя краіны СНД і нават Польшчу. Натуральна, што попыт на паслугі тэхнічнага абслугоўвання і рамонту ў нашай краіне высокі, вось толькі далёка не ўсе аўтаўладальнікі выбіраюць легальныя майстэрні.

Практыка «гаражных умельцаў» укаранілася ў наша жыццё яшчэ з савецкіх часоў як альтэрнатыва дарагім і недаступным афіцыйным СТА. Утрымліваюць нелегальныя майстры сваіх кліентаў і зараз, перш за ўсё — невысокімі цэнамі. Праўда, рабіць гэта ім становіцца ўсё больш няпроста: з развіццём аўтапрама многія работы сталі патрабаваць складанага абсталявання, завесці якое ў звычайным гаражы праблематычна. А вось што датычыцца «будзённых» кузаўных, шынамантажных і іншых работ — тут нелегалы адчуваюць сябе як рыба ў вадзе, адбіраючы заказы ў законапаслухмяных майстроў і не губляючы час на афармленне прадпрымальніцтва і праходжанне сертыфікацыі. Пры тым, што пацярпелыя ад іх кустарных паслуг кліенты рэгулярна агучваюць сваё абурэнне, нельга адназначна сцвярджаць, што работа ўсіх гаражных майстроў не вызначаецца якасцю. Станоўчыя рэкамендацыі, якія перадаюць адзін аднаму аўтаўладальнікі — іх адзіная рэклама, таму яны вельмі зацікаўлены ў добрай рэпутацыі. Аднак сумленне майстра — гэта ўсё, на што можа спадзявацца ў дадзеным выпадку кліент, калі ж ён звяртаецца да легальнага майстра, то можа быць упэўнены, што яго інтарэсы абараняе дзяржава: кантралюе прафесійны ўзровень майстроў, якасць іх абсталявання і матэрыялаў, а пажарная, санітарна-эпідэміялагічная і прыродаахоўная службы сочаць за тым, каб дзейнасць аўтарамонтнікаў адпавядала іншым нормам. Ну і, вядома, звяртаючыся да кустароў, мы абкрадаем уласную дзяржаву, якая не атрымае падаткаў.
Зразумела, тых, хто вырашыў зарабляць грошы сумленна, трэба абараняць і падтрымліваць. У тым ліку шляхам выяўлення і пакарання іх канкурэнтаў-нелегалаў. Падобныя функцыі зараз выконвае інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь. Калі «гаражны майстар» упершыню аказваецца ў полі зроку падаткавікоў, яму выносяць папярэджанне, калі ж пасля гэтага ён працягвае аказваць паслугі, на яго складаецца пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, якое прадугледжвае штраф у памеры да 100 базавых велічынь з канфіскацыяй прадметаў і сродкаў вядзення незаконнай дзейнасці. Вось толькі даказаць падобныя факты даволі няпроста: майстры і іх кліенты сцвярджаюць, што паслуга ажыццяўлялася выключна па-сяброўску, грошы перадаваліся толькі на закупку запчастак і гэтак далей. І ўсё ж практыка паказвае, што ўмельцы-нелегалы да адказнасці прыцягваюцца, а атрыманы імі незаконны даход устанаўліваецца на падставе паказанняў сведкаў.
Па звестках інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Ушацкім раёне, у мінулым годзе ў ходзе правядзення кантрольных мерапрыемстваў у адносінах фізічных асоб, якія ажыццяўляюць незарэгістраваную прадпрымальніцкую дзейнасць у сферы аказання паслуг па рамонце і тэхнічным абслугоўванні аўтатранспартных сродкаў, быў устаноўлены адзін факт аказання падобных паслуг без дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка. Асобе вынесена папярэджанне аб адказнасці.
Тым жа ўшачанам, якія маюць намер рамантаваць свае аўтамабілі законным чынам, хочам нагадаць, што зараз у раёне такія паслугі прапаноўваюць прыватнае гандлёва-вытворчае ўнітарнае прадпрыемства «Вітагратэхсэрвіс, размешчанае ва Ушачах, а таксама індывідуальныя прадпрымальнікі Андрэй Міцкевіч (в.Ліпавец) і Павел Родчанка (в.Сарочына). Па пытаннях афармлення прадпрымальніцкай дзейнасці ў адпаведнай галіне можна звярнуцца ў райвыканкам па тэлефоне 2-70-64.
Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *