На эмблеме Дэпартамента аховы сава з ключом у дзюбе на сінім фоне, гэта знак таго, што супрацоўнікі аховы і дзень, і ноч на варце парадку і спакою, а дубовы і лаўровы лісты з бакоў сімвалізуюць іх мужнасць і смеласць. Упэўніцца ў гэтым можна, пазнаёміўшыся з некаторымі аспектамі работы аховы і, канечне, з яе супрацоўнікамі. Адным з яскравых прыкладаў тых, для каго служба ў ахове не проста работа, а прызванне, з’яўляецца Пётр Аляксеевіч Клачок. Ён, пэўна, як ніхто ведае ўсе нюансы работы аховы, бо працуе ў аддзяленні ўжо 22 гады і за гэты час прайшоў праз многія пасады.
Пачынаў жа сваю дзейнасць у 1991 годзе з міліцыянера-матацыкліста групы затрымання тады яшчэ пункта цэнтралізаванай аховы пры аддзяленні ўнутраных спраў. Пасля прадоўжыў работу міліцыянерам па ахове банка, а праз некалькі гадоў стаў міліцыянерам-вадзіцелем. Сёння ён міліцыянер-вадзіцель групы затрымання.
– Менавіта гэтыя людзі заўсёды першымі прыязджаюць на месца здарэння. Яны ў нас самыя мабільныя і самыя вопытныя, гатовы ў любы момант уступіць у барацьбу са злачынцамі ці хуліганамі, імгненна выехаць на кватэру ці аб’ект па трывозе, прыняць усе меры па затрыманні правапарушальніка. Згадзіцеся, што для гэтага трэба быць сабраным, смелым, фізічна і псіхалагічна гатовым да экстрэмальнай сітуацыі. Гэтым патрабаванням поўнасцю адпавядае Пётр Аляксеевіч. Ён заўсёды падае прыклад маладым работнікам, да яго парад прыслухоўваюцца і вопытныя прафесіяналы, – гаворыць начальнік Ушацкага аддзялення Дэпартамента аховы У.А.Чумакоў.
За такі даволі ўнушальны стаж работы ў ахове П.А.Клачок можа запісаць у свой актыў шмат папярэджаных правапарушэнняў, садзейнічанне ў раскрыцці злачынстваў. Напрыклад, падчас нядаўняга здарэння ва Ушачах, калі ў сварцы маладая жанчына смяротна параніла свайго сужыцеля, менавіта група затрымання Дэпартамента аховы, у складзе якой быў і П.А. Клачок, аказалася на месцы здарэння першай і дапамагла высветліць усе прычыны забойства па “гарачых” слядах.
Канечне, наш гарпасёлак не параўнаецца з буйнымі гарадамі, дзе крымінагенная абстаноўка больш напружаная, ды і да кіношных сюжэтаў з пагонямі, перастрэлкамі і захопнікамі нам далёка, аднак работы ў супрацоўнікаў аховы хапае.
– Падчас змены перыядычна правяраем давераныя пад нашу ахову аб’екты, “курсіруем” па гарпасёлку, назіраючы за парадкам, па сігнале дыспетчара выязджаем на спрацоўку сігналізацыі ў кватэрах, іншых аб’ектах уласнасці, трывожнай кнопкі ў магазінах, у забаўляльныя ўстановы, калі хтосьці парушае там парадак і пераходзіць рысу дазволенага. Ад мяне, як вадзіцеля, залежыць, наколькі хутка мы акажамся там, дзе патрэбна наша дапамога, – гаворыць Пётр Аляксеевіч.
Такія адносіны да справы, безумоўна, не могуць заставацца незаўважанымі. Так, у 2010 годзе герой нашай публікацыі атрымаў медаль “За бездакорную службу” трэцяй ступені. А гэтай вясной увесь дружны калектыў аддзялення Дэпартамента аховы шчыра парадаваўся, калі прозвішча П.А.Клачка ў ліку самых лепшых работнікаў Ушаччыены было занесена на раённую Дошку гонару.
В.КАМАРКОВА.