Настае пара, калі ў лясы масава накіроўваюцца людзі з вёдрамі – пачынаецца сезон збору чарніц. На жаль, некаторыя нясуць з сабой не толькі ёмістасці, але і прылады для збору ягад. Нас заўсёды абурае прагнасць і цынізм тых, хто збірае чарніцы камбайнам, ушчэнт абрываючы пры гэтым лісце. Такія людзі кіруюцца лозунгам: калі не патрэбна мне, то не патрэбна нікому. Але ж яны памыляюцца – лісце неабходна чарніцам, інакш расліна не назапасіць патрэбныя рэчывы і не зможа вырасціць ягады на наступны год. Вядома ж, лісты ўвосень ападуць, аднак перад тым паспеюць выканаць прызначаную ім важную функцыю. Калі вы належыце да тых, хто збірае ягады варварскім спосабам, падумайце, як бы вы аднесліся да чалавека, які без дазволу выкапаў восенню ваш агарод… А між тым у адносінах да лесу вы паступаеце менавіта так.
Артыкулам 15.26 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь прадугледжана адказнасць за парушэнне правілаў нарыхтоўкі, збору або закупкі грыбоў, іншых дзікарослых раслін ці іх частак у выглядзе накладання штрафу ў памеры да дваццаці базавых велічынь.
І.АРДЫНСКІ, інжынер па ахове лесу ДЛГУ “Ушацкі лясгас”.