У слове “пракуратура” – строгасць, дысцыпліна, справядлівасць. Такія асацыяцыі і павінна выклікаць ведамства, прызванае ахоўваць законнасць, стаяць на варце правапарадку. Калектыў Ушацкай пракуратуры цалкам адпавядае гэтым характарыстыкам. Бескампраміснасць, інтэлігентнасць, дасведчанасць ва ўсіх сферах ведаў – рысы, уласцівыя работнікам установы. Адметна, што з пачатку мая, калі Ушацкую пракуратуру ўзначаліў Максім Міхайлавіч Падворны, усіх прадстаўнікоў гэтага калектыву можна назваць нашымі землякамі: яны або нарадзіліся на Ушаччыне, або правялі тут большую частку жыцця – а значыць, шчыра зацікаўлены ў тым, каб у родных мясцінах усё падпарадкоўвалася Яго Вялікасці Закону. Аб першых уражаннях пасля вяртання на малую радзіму, аб тым, якія накірункі дзейнасці ён бачыць для сябе і сваіх калег прыярытэтнымі – наша размова з новым пракурорам раёна М.М.ПАДВОРНЫМ. Максім Міхайлавіч Падворны нарадзіўся ва Ушачах у 1979 годзе. Пасля заканчэння мясцовай школы атрымаў прафесію юрыста на адпаведным факультэце Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі ў Горках. З 2002 года працаваў у Чашніцкай пракуратуры, дзе займаў пасады памочніка, старшага памочніка і намесніка пракурора раёна. У 2011 годзе ўзначаліў пракуратуру Браслаўскага раёна. 7 мая 2013 года атрымаў назначэнне на пасаду пракурора Ушацкага раёна. Жанаты. Выхоўвае двух сыноў. – Максім Міхайлавіч, віншуем з назначэннем. Браслаўскі раён, пракурорам якога Вы з’яўляліся, больш чым удвая пераўзыходзіць Ушацкі па колькасці насельніцтва, ды і па ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця выглядае больш выгадна. Напэўна, перавод да нас нельга лічыць крокам уверх па кар’ернай лесвіцы… – Шчыра кажучы, менш за ўсё гэта ўлічваў, калі, даведаўшыся аб вакансіі, выказаў жаданне заняць пасаду пракурора Ушацкага раёна. Справа ў тым, што, пакідаючы Ушаччыну ў 1997 годзе, даў сабе слова, што абавязкова сюды вярнуся. Бо, калі ёсць магчымасць прымяніць свае сілы і веды менавіта на карысць малой радзімы і сваіх землякоў, як можна не выкарыстаць такі шанс? І хоць у нашай сферы падобныя назначэнні не вельмі вітаюцца, Генеральны пракурор палічыў магчымым назначыць мяне на гэтую пасаду. – За гэты невялікі перыяд ужо паспелі ацаніць стан спраў у раёне і вызначыць, на што трэба звярнуць першапачатковую ўвагу? – Адразу скажу, што прыехаў я сюды не пенсіі чакаць: маю сур’ёзны намер наводзіць у раёне парадак у рамках дадзеных мне паўнамоцтваў. Што датычыцца прыярытэтных напрамкаў – магу вылучыць два вектары, якія патрабуюць тэрміновых дзеянняў. І першы – гэта, безумоўна, п’янства. Вядома ж, ужываюць спіртныя напіткі і ў іншых рэгіёнах, аднак на Ушаччыне выпівохі адчуваюць сябе надзвычай камфортна: асабліва не тоячыся, распіваюць гарэлку ў грамадскіх месцах, бадзяюцца па цэнтры гарпасёлка і нават уладкоўваюцца тут на адпачынак. Заўважыў, напрыклад, што на лаўцы ля скрыжавання дзвюх галоўных вуліц практычна пастаянна сядзяць нецвярозыя асобы. Думаю, што настаў час усур’ёз заняцца гэтым кантынгентам, актывізаваўшы работу міліцыі, устаноў аховы здароўя, усіх суб’ектаў прафілактыкі. Пры гэтым пакаранне за здзейсненыя ў нецвярозым стане правапарушэнні павінна быць такім, каб ад яго цярпелі самі п’яніцы, а не іх сем’і – напрыклад, адміністрацыйны арышт. Другая ж вялікая праблема раёна, якую можна і трэба вырашыць – выкарыстанне нашага галоўнага багацця – цудоўнай прыроды і турыстычнага патэнцыялу. Па ім, я ўпэўнены, мы пераўзыходзім славутую Браслаўшчыну, якая можа прапанаваць толькі адпачынак на азёрах, у нас жа ёсць яшчэ і выдатныя лясы. Аднак, калі ў браслаўчан зарэгістравана 170 аграэкасядзіб, то ў нас гэтая лічба пакуль нават не дасягае дзясятка. Практычна неразвіты брэнд Ушаччыны як турыстычнага рэгіёна. У гэтым плане трэба шырэй выкарыстоўваць інтэрнэт-рэсурс, устанаўліваць бігборды. Чаму б, напрыклад, не ўпрыгожыць сучасным падрабязным інфармацыйным стэндам прыгаданае вышэй скрыжаванне ва Ушачах, каб менавіта на яго, а не на лаўку з выпівохамі глядзелі нашы госці. Перашкаджаюць развіццю турызму і экалагічныя праблемы. Недастатковая работа вядзецца па знішчэнні баршчэўніку. Не ўсе арандатары вадаёмаў добрасумленна выконваюць свае абавязкі – на многіх азёрах няма спецыяльна абсталяваных для адпачынку месцаў, аншлагаў са звесткамі аб рыбалоўстве, не заўсёды захоўваюцца квоты на вылаў рыбы, некаторыя арандатары ігнаруюць абавязкі па зарыбленні вадаёмаў. На ўсё гэта, як і на праблемы іншых сфер, плануем накіроўваць сваю ўвагу. – Ужо паспелі ацаніць прафесіянальны ўзровень тых, з кім давядзецца працаваць разам? – Калектывам я вельмі задаволены. Самым вопытным нашым работнікам з’яўляецца намеснік пракурора Віталь Эдуардавіч Банеўскі, працоўная дзейнасць якога ва Ушацкай пракуратуры пачалася з 1986 года: маючы ў калектыве такога супрацоўніка, можна вырашаць любыя задачы. Сваімі вопытам і ведамі ён ахвотна дзеліцца з маладымі работнікамі – у прыватнасці, з памочнікам пракурора Наталляй Фёдараўнай Аваднёвай, якая за адносна невялікі час дзейнасці паспела праявіць сябе адукаваным і прынцыповым юрыстам. Зладжанай рабоце пракуратуры садзейнічаюць прадстаўнікі тэхнічнага забеспячэння: загадчыца канцылярыі Таццяна Уладзіміраўна Латышава, вадзіцель Віктар Рыгоравіч Крахотка, адказная за чысціню Алеся Віктараўна Целепень. Усіх сваіх калег шчыра віншую з прафесійным святам, жадаю і надалей высока несці ганаровае званне пракурорскага работніка. Здароўя і шчасця вам і вашым сем’ям!
Гутарыла Н.БАГДАНОВІЧ.
Как красиво умеют написать… А на самом деле этот человек нарушает закон.К нему обратилась мать о том, что у неё отняли ребёнка и отдали в другую семью.Она потребовала у него объяснений ,как такое может быть,тем более что ее не лишали родительских прав.И дураку понятно что это не законно.Народ в шоке.Он занимает эту должность для чего? Люди думают чтобы помогать.Вместо того чтобы провести проверку ,он ответил родственникам,что так решили.Кто решил? Кто уполномочен отдать ребёнка в другую семью? Решение может принять только суд.Закон бездействует,а именно в этом случае нарушат закон.Но и на таких есть вышестоящие инстанции.И мы это так не оставим,уже готовим письмо туда.Этот человек даже не умеет корректно разговаривать с людьми.Еще надо разобраться соответствует ли он занимаемой должности. Юристы в один голос говорять ,что передача ребёнка незаконна.Так что у этой истории будет продолжение .