За «порядок» — казённый распорядок

Закон - один для всех

За любое злачынства рана ці позна давядзецца адказваць перад законам. Аб гэтым не думаў ушачанін Дзмітрый 1990 года нараджэння, які на працягу некаторага часу з пачуццём уседазволенасці наводзіў «парадак» у райцэнтры. Хулігану некалькі разоў шанцавала: справу атрымлівалася спусціць на тармазах. А ўсё таму, што пацярпелыя ад яго абраз і кулакоў не рашаліся звярнуцца ў міліцыю. І ўсё ж настаў час панесці пакаранне за свае ўчынкі.

У адзін з вечароў, каб расслабіцца і зарадзіцца эмоцыямі, Дзмітрый і яго старэйшы брат зайшлі ў кафэ «Ірына». На пэўным этапе застолля апошняму стала сумна — каб разбавіць абстаноўку, ён пачаў сварку з дзяўчынай, што сядзела за суседнім столікам. «Падтрымаў» брата і Дзмітрый. Не разбіраючыся, хто правы, хто вінаваты, малады чалавек з кулакамі кінуўся на «крыўдзіцеляў». Першым, хто аказаўся на шляху бойкага хлопца, стала цяжарная (!) маладая дзяўчына, якая проста стаяла побач. Пацярпелая была дастаўлена ў бальніцу са зламанай скулавой косткай…
Сваю віну Дзмітрый не прызнаваў, падчас судовага пасяджэння даказваў, што такім чынам абараняўся ад фізічных нападак «шалёнай» кампаніі. І, здаецца, быў шчыра здзіўлены, калі пачуў прыгавор суддзі: абмежаванне волі тэрмінам на два гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Каб аблегчыць сваю долю, хлопец накіраваў апеляцыйную скаргу ў суд другой інстанцыі. Аднак зламысніка чакала расчараванне: рашэнне суда Ушацкага раёна засталося без змен, інакш кажучы, грамадзянін быў прызнаны віноўным па частцы 2 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Злоснае хуліганства» і прыгавораны да двух гадоў «вольнага пасялення».
І ўсё ж народная мудрасць «Колькі вяровачцы ні віцца, а канец будзе!» пацвердзіла сябе. Шкада толькі, што многія пацярпелыя ад рук гэтага агрэсара ў свой час не звярнуліся ў праваахоўныя органы, тым самым дазволіўшы нахабнаму хулігану дагэтуль практыкавацца ў сваёй сумніўнай «спецыялізацыі».
С.ШАЙТАР, старшы следчы раённага аддзела Следчага камітэта.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *