Боевик со смазанным финалом

Закон - один для всех

Гэтая ўнікальная для нашага раёна крымінальная гісторыя – яскравы прыклад таго, як чарга недарэчных, неабдуманых учынкаў з алкаголем у якасці каталізатара можа прывесці да вельмі сур’ёзных наступстваў.

А першым з гэтых учынкаў для галоўнага фігуранта справы – звычайнага жыхара Наваполацка, які сумленна працаваў аператарам аўтазапраўкі “Лукойл” і выключна пазітыўна характарызаваўся як калегамі, так і знаёмымі – стала знаходка ў 2003 годзе на палігоне ў Дрэтуні двух імітацыйных патронаў, якія выкарыстоўваюцца на вучэннях – дакладней, тое, што мужчына вырашыў пакінуць гэты арсенал сабе, здзейсніўшы тым самым цяжкае злачынства, прадугледжанае 2-й часткай 295 артыкула Крымінальнага кодэкса – незаконнае набыццё, нашэнне, перавозка і захоўванне выбухных прылад. Прыхаваў ён боепрыпасы на дачы ў вёсцы Гарадок Вяркудскага сельсавета.
Па законах не толькі тэатральнага, але і жыццёвага жанру, калі на сцэне вісіць ружжо – у кульмінацыйны момант спектакля яно павінна выстраліць. Такі момант настаў мінулым летам, калі навапалачанін у чарговы раз пасварыўся з жонкай – ды так сур’ёзна, што вырашыў накласці на сябе рукі. Праўда, спосаб самагубства выбраў вельмі ўжо тэатральны – вырашыў змайстраваць муляж выбухной прылады, пад’ехаць з ім да будынка Ушацкага РАУС або да паста ДАІ, стварыць бачнасць чалавека, які намагаецца здзейсніць тэрарыстычны акт, і прыгожа загінуць пры затрыманні. Прыняўшы для храбрасці, узяўся за справу. У ход пайшлі патроны, электрадэтанатар, акумулятарная батарэя мабільніка, правады і нават крухмал з сахарам. У выніку замест муляжу ў яго атрымалася сапраўдная выбухная прылада (гэта пазней засведчылі эксперты), – і “канструктар” дадаў у свой крымінальны багаж частку 3 названага вышэй артыкула, якая прадугледжвае яшчэ больш суровае пакаранне – за незаконны выраб выбухных прылад. Вось толькі ў другім акце п’еса адхілілася ад сцэнарыя: прыехаўшы ва Ушачы, зламыснік не змог адразу знайсці будынак РАУС, таму здзейсніў чарговае глупства: на шашы ля ААТ “Лес” спыніў веласіпедыста і запіхаў яго ў салон аўто, каб той паказаў дарогу да міліцыі. Ад такой паездкі пажылы жыхар Лутава Сяльца быў зусім не ў захапленні: па-першае, на дарозе застаўся безнаглядна ляжаць яго новы веласіпед, а па-другое, таму, што вадзіцель прадэманстраваў яму “бомбу” і пнеўматычную вінтоўку, якая ляжала на заднім сядзенні. Гэты ўчынак на судзе быў кваліфікаваны як адкрытае, злучанае з насіллем і з пагрозай яго прымянення супрацьпраўнае авалоданне асобай (частка 1 артыкула 182 КК Рэспублікі Беларусь). Аднак адразу накіроўвацца да міліцыі навапалачанін не стаў: спыніўшы машыну непадалёк ад аптэкі, прыказаў пасажыру скласці яму кампанію ў распіцці настойкі “Моцны арэшак” – напэўна, гэта было самае экстрэмальнае застолле ў жыцці дзядулі…
Тым часам у райаддзел паступіў трывожны званок: адна жанчына бачыла, як вадзіцель аўтамабіля “збіў” веласіпедыста і запіхнуў яго ў машыну. На шчасце, фінал гэтай гісторыі аказаўся зусім не такім феерычным, як бачыў яго сабе галоўны герой: аўтамабіль быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі на дарозе ля лутаўскага лесу, усе персанажы “баевіка” засталіся жывымі.
За свае подзвігі злачынца атрымаў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 6 гадоў без канфіскацыі маёмасці.
Н.АВАДНЁВА, памочнік пракурора Ушацкага раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *