Здавалася б, канікулы – гэта воля вольная для дзяцей, а значыць і хваляванне для бацькоў. А вось у 66-ці ўшацкіх сям’ях праблем з гэтым няма, бо дзеці адпачываюць у спартыўным лагеры пры ДЮСШ.
– Пяць трэнераў знаходзяцца з выхаванцамі секцый у першай палове дня, – расказвае дырэктар лагера, трэнер па армрэстлінгу Таццяна Леанідаўна Клопава. – Распарадак у нас насычаны: зарадка, бег, снеданне, трэніроўка, купанне ў рэчцы, абед. А яшчэ ёсць і турыстычны, культурна-масавы напрамкі, выезды на спаборніцтвы.
– Сапраўды, – дапаўняе трэнер па футболе Пётр Юльянавіч Варатынскі, – вось толькі што мы вярнуліся з Полацка, дзе правялі таварыскі турнір, сустрэліся на футбольным полі з выхаванцамі мясцовай ДЮСШ. Наш малодшы састаў выйграў, а старэйшаму трэба падцягнуцца. Пакуль ехалі дадому, прааналізавалі гульні. А вярнуўшыся ва Ушачы, хлопцы вырашылі на грошы, што бацькі далі на кішэнныя расходы, купіць марожанага ў кафэ “Усмешка” (тут яны і трапілі ў кадр).
Г.АЛЯКСАНДРАВА.