Крыльцо-пандус и подвал бассейн — к сожалению, такие реалии у многих жильцов новых домов по улице Витебской в г.п.Ушачи

Читатель поднимает проблему

“Мы, жыхары 3-га пад’езда дома нумар 1 корпуса 1 па вуліцы Віцебскай, на працягу года не можам трапіць у свой падвал, паколькі ён пастаянна затоплены вадой. Тыя, хто жывуць на першым паверсе, скардзяцца на сырасць і непрыемны пах, улетку немагчыма пазбавіцца мошак, якія залятаюць у пакоі праз сістэму вентыляцыі. Мы неаднаразова звярталіся да работнікаў камунгаса па тэлефоне, прымаліся меры па адпампоўванні вады, аднак асаблівых вынікаў гэта не дае: вада зноў прыбывае і стаіць у падвале. Просім разабрацца ў прычыне затаплення і вырашыць набалелае пытанне”.

Такое пісьмо мы атрымалі ад жыхароў названага пад’езда. Са скаргай на тое, што ў іх падвале стаіць вада, звярнуліся ў рэдакцыю і жыхары 5-га пад’езда дома нумар 4 той жа вуліцы. Здавалася б, мікрараён на Віцебскай – самы новы ў гарпасёлку, але людзі, якія тут жывуць, даволі часта выказваюць незадаволенасць наконт розных жыллёва-бытавых праблем. Пры гэтым многія звязваюць свой дыскамфорт з непаваротлівасцю камунальнікаў, на якіх ускладзены функцыі абслугоўвання дамоў. Каб высветліць сітуацыю і больш дэталёва разабрацца з апісанымі вышэй скаргамі мы пабывалі на Віцебскай разам з намеснікам дырэктара УП ЖКГ па сацыяльных пытаннях Дзмітрыем Сяргеевічам Шасцярнём.
Прыгаданы вышэй падвал сапраўды нагадваў штучны вадаём. І гэта прытым, што літаральна дзень таму работнікі камунгаса адпампоўвалі тут ваду. Дамы стаяць на даволі нізкім месцы, таму пры іх будаўніцтве трэба было ўстанаўліваць надзейную дрэнажную сістэму, на якой, напэўна, з’эканомілі.
– Наша прадпрыемства адказвае за тэхнічнае абслугоўванне гэтага дома, і мы робім усё, што ад нас залежыць. Аднак, у нашы паўнамоцтвы не ўваходзяць пытанні будаўніцтва і ўхілення дапушчаных у яго працэсе недапрацовак, – тлумачыць Дзмітрый Сяргеевіч.
Па яго словах, у дадзеным доме няправільна зроблена каналізацыйная сістэма, дакладней кажучы, не хапае перападу вышыні на ўваходзе і выхадзе каналізацыйнай трубы, таму не забяспечваецца належны сцёк вады. Хто ў гэтым павінны – разабрацца зараз цяжка: ці то недасканаласць праекту, ці хібы непасрэдна пры будаўніцтве, аднак факт застаецца фактам: каналізацыя працуе нармальна, калі маецца вялікі напор, калі ж паток слабее (а жыльцы зараз распараджаюцца вадой эканомна), сцёкі застойваюцца ці нават ідуць у зваротным напрамку. І гэта цалкам пацвердзілася, калі мы адкрылі каналізацыйны люк: пад ім была мутная лужына – адсюль і непрыемны пах, і мошкі, і засоры.
Што датычыцца 5-га пад’езда дома нумар 4, то ў яго падвале сапраўды перыядычна збіраецца вада. Па словах спецыялістаў камунгаса, адбываецца гэта ў перыяд дажджоў ці паводкі з-за таго, што ліўневая каналізацыя не спраўляецца з патокам, праз некаторы час сітуацыя нармалізуецца. Падобныя праблемы характэрны для многіх дамоў гарпасёлка, значная частка якіх пабудавана на балоцістай мясцовасці.
Аднак не толькі тэхнічныя аспекты ўплываюць на становішча. Многае залежыць і ад паводзін уладальнікаў кватэр.
– Жыхары дамоў часам папракаюць нас у тым, што маюць праблемы з работай каналізацыі. Аднак менавіта з-за няправільнай яе эксплуатацыі адбываецца пераважная большасць засораў, – сцвярджае Д.С.Шасцярэнь, а ў якасці доказу дэманструе рэчы, выцягнутыя падчас апошняга прачышчэння забітай трубы ў гэтым доме: сярод “экспанатаў” – нават ніжняя бялізна, якую нейкі “арыгінал” ці то згубіў падчас наведвання туалету, ці то выкінуў наўмысна ва ўнітаз за непатрэбнасцю. – Каб не быць залішне натуралістычным, не буду прыводзіць пералік рэчаў, якія пастаянна знаходзяць у трубах сантэхнікі. Скажу толькі, што самыя небяспечныя з іх – будаўнічыя адыходы, здольныя ўвогуле “зацэментаваць” каналізацыю, – і такія выпадкі здараюцца.
Увогуле ж трэба адзначыць, што выгляд усяго два-тры гады таму пабудаваных карпусоў дома нумар 1 яўна не адпавядае іх узросту. Ля ўваходаў у пад’езды і падвалы, на фундаментах – аблупленая тынкоўка, а прыступкі на ганках за гэты кароткі час паспелі так “стаптацца”, што хутка ганкі ператворацца ў суцэльныя пандусы. У чым тут справа: у якасці будаўнічых матэрыялаў, парушэнні тэхналогіі работ? І галоўнае, хто цяпер павінен выпраўляць усе наяўныя хібы? Жыхарам было б цікава атрымаць адказы на гэтыя пытанні.
Прынамсі, УП ЖКГ неаднаразова накіроўваў пісьмовыя паведамленні ў адрас будаўнічых арганізацый і ўпраўлення капітальнага будаўніцтва наконт таго, што каналізацыйная сістэма на Віцебскай не працуе належным чынам, аднак воз, як кажуць, і зараз там. Дакладней не воз, а спецыяльная тэхніка камунгаса, якая ўжо праклала грунтоўную каляіну да мясцовых каналізацыйных калодзежаў.
Н.БАГДАНОВІЧ.



4 комментария по теме “Крыльцо-пандус и подвал бассейн — к сожалению, такие реалии у многих жильцов новых домов по улице Витебской в г.п.Ушачи

  1. Хотелось бы пригласить корреспондента газеты на ферму д.Липовец.

  2. А где связь между домами на Витебской и фермой в д.Липовец???

  3. Вонь…одинаковая…И бесхозяйственность…

  4. Мне нравится, как на эти проблемы отреагировали УКС и ПМК. Оказывается, это жильцы неправильно эксплуатируют новые дома. Ну, да, по пандусам и лестницам же нельзя ходить, их, видимо, надо перелетать. Про подвалы вообще молчу. До сих пор зайти туда нельзя (воды по колено). Главное, что все это теперь надо УП ЖКХ исправлять: гарантийные-то 2 года уже прошли…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *