Без скидок на глубинку, или В чём секрет успеха Великодолецкой больницы?

Здравоохранение К профессиональному празднику Наш современник Наши земляки Экономика и малый бизнес

У медыцыне, як і ў любой іншай сферы дзейнасці, сустракаюцца выпадковыя людзі, а вось “на сваім месцы” ўрач аказваецца толькі ў тым выпадку, калі абраная прафесія становіцца ладам яго жыцця. Менавіта такімі спецыялістамі – неабыякавымі, адданымі сваёй справе – з’яўляюцца Аляксандр Уладзіміравіч і Ала Мікалаеўна Крыштопенкі з Вялікіх Долец.

Аб тым, што кублічанін Аляксандр Крыштопенка некалі стане ўрачом, не думаў ніхто, нават ён сам. Калі ж прыйшоў час вызначацца з будучай прафесіяй, каб паспець падрыхтавацца да ўступных экзаменаў, будучы выпускнік школы спыніў свой выбар на Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Як зараз прызнаецца А.У.Крыштопенка, тады не нагружаў сябе думкамі аб тым, што ўяўляе сабой выбраная прафесія, “павёўся” ў першую чаргу на яе прэстыж. Аднак на працягу многіх гадоў ні разу не пашкадаваў аб зробленым выбары.
У тым жа 1984 годзе студэнткай Віцебскага медуніверсітэта пасля заканчэння Брэсцкага медвучылішча стала і Ала Мікалаеўна, якая прыехала са Столеншчыны. Воляй лёсу маладыя людзі трапілі не толькі на адзін курс, але і ў адну групу. “Калі людзі падыходзяць адзін аднаму, гэта зразумела адразу, – падзяліўся з намі сваімі думкамі Аляксандр Уладзіміравіч. – Так было і ў нашым з Алай выпадку: вельмі хутка пасля знаёмства пачалі сустракацца, а ўжо праз два гады афіцыйна зарэгістравалі свае адносіны”. Не прымусіў сябе доўга чакаць і першы іх сын, які, дарэчы, пайшоў па слядах бацькоў – працуе анестэзіёлагам у Жлобіне.
У 1993 годзе сямейная пара – урач-тэрапеўт Аляксандр Уладзіміравіч і ўрач-педыятр Ала Мікалаеўна Крыштопенкі – па размеркаванні прыехалі ва Ушацкі раён. Вядома, любому маладому спецыялісту няпроста спраўляцца з пастаўленымі перад ім службовымі абавязкамі: патрабуецца хаця б невялікі вопыт, ды і працэс прывыкання да новага месца аказвае свой уплыў на прафесійную дзейнасць. Аднак у сельскай мясцовасці, дзе зачастую адчуваецца недахоп кваліфікаваных кадраў, ніякіх “скідак” для медыкаў не дадзена: калі ты прыйшоў ва ўстанову аховы здароўя – адразу павінен стаць майстрам на ўсе рукі. Для Аляксандра Уладзіміравіча гэтая задача ўскладнялася тым, што сваю працоўную дзейнасць ён адразу пачаў з пасады галоўнага ўрача Вялікадолецкай сельскай участковай бальніцы. Маладога кіраўніка і яго жонку калектыў і пацыенты бальніцы прынялі вельмі цёпла, хутка “прыраслі” да тутэйшай мясцовасці і ўрачы. Вось ужо на працягу 20 гадоў Крыштопенкі жывуць у Вялікіх Дольцах, дзе пабудавалі дом, працуюць у мясцовай бальніцы. У свой час абое прайшлі перанавучанне, каб атрымаць больш неабходную, асабліва для сельскай установы аховы здароўя, спецыялізацыю – урачоў агульнай практыкі.
На ўсе прапановы перайсці працаваць ва Ушацкую ЦРБ, якія паступаюць ад кіраўніцтва сістэмы аховы здароўя раёна, Аляксандр Уладзіміравіч і Ала Мікалаеўна даюць адмоўны адказ. Не толькі таму, што тут – на Далеччыне – іх дом, сям’я, але і таму, што сэрцы гэтых нераўнадушных людзей назаўсёды аддадзены Вялікадолецкай бальніцы, яе пацыентам, якім патрэбна іх дапамога. На наша пытанне, якімі выгодамі – пасадай, выдзяленнем жылля ці вялікай заработнай платай – Крыштопенкаў можна “вырваць” з Вялікіх Долец, Аляксандр Уладзіміравіч толькі ўсміхаецца: “Ну, калі б прапанавалі стаць міністрам аховы здароўя, ці хаця б намеснікам, то, магчыма, і падумаў бы”. Па ўсім бачна, што гэтыя людзі не збіраюцца нічога мяняць у сваім жыцці, яны адданыя бальніцы, у якой працуюць, сваёй прафесіі, якая стала для абаіх справай жыцця. Апошняе, дарэчы, даказваюць шматлікія дасягненні ўстановы аховы здароўя. Па выніках работы за 2009 год Вялікадолецкая СУБ стала пераможцай абласнога і заключнага – рэспубліканскага – этапаў агляду якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва сярод участковых бальніц. За паспяховае вырашэнне задач па паляпшэнні і ўдасканаленні медыцынскага абслугоўвання насельніцтва, прафілактычную і аздараўленчую работу, аказанне належнай дапамогі сацыяльным хворым па выніках таго ж года ўстанова аховы здароўя занесена на раённую Дошку гонару.
Вольнага ад работы часу ў Аляксандра Уладзіміравіча і Алы Мікалаеўны не так многа. Затое колькі задаволеных усмешак нараджаецца ў палатах установы, колькі пацыентаў кажуць вопытным урачам шчырае “Дзякуй!” А гэта, напэўна, лепшая кампенсацыя ў свеце!..
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *