ОАО «Промкомбинат» и работник столярного цеха Н.А.Спиридёнок — единое целое

Ими гордятся К профессиональному празднику Наш современник Экономика и малый бизнес

Кажуць, што незамянімых людзей няма. Але калі размова заходзіць аб работніку сталярнага цэха ААТ “Прамкамбінат” Мікалаю Аляксандравічу Спірыдзёнку, дырэктар прадпрыемства Галіна Анатольеўна Грыдзюшка сцвярджае: “Без гэтага майстра наша “сталярка”, напэўна, спыніла б сваё існаванне”. І насамрэч, прамкамбінат і Мікалай Аляксандравіч – гэта нібы адзінае цэлае, бо няма тут чалавека больш адданага роднаму прадпрыемству, на якое, дарэчы, ён прыйшоў яшчэ да службы ў арміі і працуе ўжо 40 гадоў.
І хоць паступалі ў яго адрас больш заманлівыя ў матэрыяльным сэнсе прапановы, сталяр так і не рашыўся пакінуць свой знаёмы да апошняга куточка цэх. Магчыма таму, што любіць пастаянства і адчувае адказнасць за тых, каму ён патрэбны – праяўляецца гэта не толькі ў рабоце, але і ў жыцці: Мікалай Аляксандравіч з’яўляецца надзейнай апорай для сваіх родных і мужна супрацьстаіць няпростым выпрабаванням, якія падносіць лёс. “Хто, калі не я?” – лічыць гэты сціплы працавіты чалавек, які дастойна і цярпліва нясе на сабе немалы груз розных абавязкаў.
Чаму ж менавіта сталярная справа стала яго прызваннем? “Рашыў займацца тым, што нядрэнна атрымлівалася”, – проста адказвае майстар і прыгадвае, што першай рэччу з дрэва, якую ён зрабіў уласнымі рукамі, была хакейная клюшка. “Гэта зараз дзеці бавяць час за камп’ютарам, мы ж у кожную вольную хвіліну беглі на каток, які самі расчышчалі на рэчцы ці возеры, або ганялі па полі мяч,” – з настальгіяй кажа Мікалай Аляксандравіч. І гэта спартыўная загартоўка не лішняя ў яго прафесіі: сталяр павінен мець моц у руках, бо дрэва – не самы лёгкі матэрыял.
А яшчэ спецыялісту гэтай справы патрэбны спрыт і ўважлівасць. Упэўнілася ў гэтым, назіраючы за дакладнымі рухамі майстра падчас апрацоўкі фігурных дэталяў для дзвярэй (ён выконвае індывідуальныя заказы на іх выраб). “Калі памылішся хаця б на тры міліметры – сапсуеш рэч,” – тлумачыць Мікалай Аляксандравіч, размячаючы з дапамогай алоўка і лінейкі драўляную загатоўку. Вынікі сваіх вымярэнняў ён заносіць у незвычайны “блакнот”, ролю якога выконвае абрэзак дошкі. “Эканомлю паперу”, – жартуе майстар, злавіўшы мой зацікаўлены позірк. Увогуле чалавек ён вясёлы, дружалюбны, адкрыты для зносін – з тых, каго называюць душой любой кампаніі. Зараз у сталярным цэху прамкамбіната працуе пяць чалавек, і для кожнага Мікалай Аляксандравіч – аўтарытэт, да якога можна звярнуцца за тлумачэннем, узяць урок прафесійнага майстэрства.
Выкарыстоўвае ён свае ўменні і ў быце: вось нядаўна, напрыклад, пабудавалі разам з сынам прыгожую лазню. І хоць Антон больш захапляецца механікай, умее працаваць і з дрэвам, ды і прафесію набыў “сумежную” бацькавай – працуе майстрам ва Ушацкім лясгасе. А вось дачка абрала педагогіку: скончыла фізіка-матэматычны факультэт, зараз жыве і працуе ў Стоўбцах. Увогуле ж дзеці, жонка, маці – самае галоўнае ў жыцці Мікалая Аляксандравіча Спірыдзёнка, менавіта для іх ён жыве і працуе, а аб тым, што робіць гэта выдатна, сведчыць занясенне яго прозвішча на раённую Дошку гонару.
Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *