На мінулым тыдні,
напярэдадні Міжнароднага дня абароны дзяцей, у актавай зале Ушацкай школы прайшла
ўрачыстасць, на якой ушаноўвалі тых, чые розум, веды і талент прыносяць славу нашаму раёну. Менавіта аб гэтых дзяўчынках і хлопчыках можна па праве
сказаць, што яны – гонар Ушаччыны, сапраўднае сузор’е надзей будучыні нашай краіны.
Школьнікаў, іх бацькоў, а таксама педагогаў, што вялі іх да поспеху, шчыра віталі намеснік старшыні райвыканкама В.І.Карчэўская, начальнік аддзела адукацыі Л.Р.Карабань. Звяртаючыся да прысутных, Вольга Іванаўна адзначыла, што ў дзяржаве надаецца значная ўвага падтрымцы адоранай моладзі, а райвыканкам матэрыяльна заахвочвае творчасць і талент. Цёплыя словы ў адрас запрошаных выказала і Людміла Рыгораўна, якая сказала, што набытыя веды і навыкі дапамогуць ім у далейшым жыцці.
І вось надышоў хвалюючы момант узнагароджання. Пад дружныя апладысменты прысутных на сцэну выйшлі галоўныя героі ўрачыстасці.
Сёлета прызёрамі абласнога этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды сталі: па біялогіі – дзевяцікласніца Ушацкай школы Анастасія Рагавешка (настаўніца – Аксана Васільеўна Смірнова), па хіміі – адзінаццацікласнік гэтай жа ўстановы Антон Станевіч (Ларыса Аркадзьеўна Струй), па беларускай мове і літаратуры – дзесяцікласніца Глыбачанскай школы Юлія Чыграй (Тамара Пятроўна Чумакова) і абсалютная пераможца абласнога этапу, уладальніца дыплома ІІІ ступені на заключным – рэспубліканскім этапе, адзінаццацікласніца Ушацкай школы Вікторыя Качко (Вера Васільеўна Спірчонак). І хаця Віка ўжо прывыкла да павышанай увагі да сваёй асобы (сур’ёзныя дасягненні апошніх гадоў паспрыялі таму!), аднак, выходзячы на сцэну, усё ж адчувала сябе крыху няёмка. Каб падтрымаць дачку, на свята прыйшлі бацькі дзяўчыны – Уладзімір Мікалаевіч і Соф’я Аляксандраўна. Прыемна, што сёлета многія таты і мамы раздзялілі з дзецьмі іх радасць і хваляванне падчас узнагароджання.
Ушанаванне школьнікаў у намінацыі “Натхнёныя творчасцю” пачалося з запрашэння на сцэну прызёраў абласнога фестывалю міжкультурных камунікацый: Крысціны Гваздзёвай, Марыі Сцёпачкінай і Кацярыны Халімоненка з Ільюшынскай школы (Ларыса Уладзіміраўна Шарыпа) у намінацыі “Прэзентацыя газеты”, а таксама Кацярыны Шабанавай з Мосарскай (Ганна Віктараўна Какэйн) у намінацыі “Фабрыка зорак”. Прыемным падарункам для ўдзельнікаў свята стала песня “You cost me”, з якой выступіла Кацярына. Узровень выканання, бездакорнае вымаўленне англійскіх слоў і энергетыка, якая ішла ад дзяўчыны, уразіла гледачоў настолькі, што эмоцыі проста перапаўнялі. І гэта зусім не “надзьмуты” камплімент у адрас Каці – гэта меркаванне многіх удзельнікаў урачыстасці, з кім давялося пагутарыць. За творчыя дасягненні атрымалі ўзнагароды ў гэты дзень вучаніцы Ушацкай школы Вікторыя Глінская – прызёр рэспубліканскага выставы-конкурсу “Калядная зорка”, Разалія Первянёнак (Наталля Канстанцінаўна Кулініч) – прызёр абласнога этапу рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”.
Вывучаць гісторыю роднага краю цікавей за ўсё не седзячы за падручнікамі і даведнікамі, а вандруючы па бясконцых дарогах Беларусі на веласіпедзе, з рукзаком за плячыма. У гэтым упэўнены вучні Ушацкай школы Кірыл і Рыгор Жаваранкі, Крысціна Жарнасек, Крысціна Карабань, Ніна Коршун і Іван Шугалей (Валерый Уладзіміравіч Корань, Дар’я Алегаўна Жаваранак) – удзельнікі каманды-пераможцы абласнога завочнага конкурсу на лепшы турыстычны паход “Пазнай Радзіму – выхавай сябе” сярод веласіпедных паходаў ІІ ступені цяжкасці.
У намінацыі “Хутчэй, вышэй, мацней” на ўзнагароджанні не было роўных камандзе Вялікадолецкай школы. Бо там вучацца Раман Хамічонак – прызёр рэспубліканскіх спаборніцтваў па летнім мнагабор’і “Здароўе”, пераможца ў складзе каманды раёна абласной спартакіяды па зімнім мнагабор’і “Абаронца Айчыны”, Арцём Полазаў – прызёр абласных спаборніцтваў па лыжным спорце, стральбе з пнеўматычнай зброі і біятлоне “Снежны снайпер”. Бо там выкладае фізкультуру Уладзімір Мікалаевіч Лапіцкі. Гэта яго выхаванцы Анастасія Хадан, Мікіта Хамічонак, Яўген Альбіновіч, Максім Смаляк, Марыя Рабыка, Паліна Кісель, а таксама вучаніца Ушацкай школы Ксенія Падворная сталі прызёрамі ў абласных спаборніцтвах па лыжным спорце, стральбе з пнеўматычнай зброі і біятлоне “Снежны снайпер”. Прычым, Насця, Жэня і Маша, а таксама Аляксей Рудкоўскі і Людміла Бука з гэтай жа школы, Анастасія Губарава з Ільюшынскай, Лаліта Рубанік і Вольга Грабенік з Мосарскай, Антон Касіч і Аляксей Жыткоў з Ушацкай, занялі ІІ месца ў абласной спартакіядзе па зімнім мнагабор’і “Здароўе”. А вось вучні Арэхаўскай школы Кірыл Дамжонак (Уладзімір Мікалаевіч Качко) і Андрэй Жаваранак з Пліна (Віталь Васільевіч Карабань) засвяціліся ў складзе каманды раёна на абласной спартакіядзе па зімнім мнагабор’і “Абаронца Айчыны”.
Пералік спартыўных дасягненняў вучня Мосарскай школы Івана Рубаніка (Уладзімір Міхайлавіч Магілін) уразіў усіх прысутных на мерапрыемстве: сёлета хлопец стаў пераможцам абласной і рэспубліканскай спартакіяды па праграме зімняга і летняга мнагабор’я “Абаронца Айчыны”, прызёрам і пераможцам абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў па зімнім і летнім мнагабор’і “Здароўе”.
Падчас свята былі адзначаны і тыя, для каго “экалогія” – не проста навуковы тэрмін, а частка цікавага школьнага жыцця – вучні Арэхаўскай школы, удзельнікі каманды-прызёра абласнога экафестывалю “Экалогія. Прырода. Жыццё” Міхаіл Грысюк, Наталля і Сяргей Гардзіёнкі, Раман Літвін, Наталля Спірыдовіч, Аляксандр Шарыпа, Анастасія Ганчарова, Дар’я Коршун, Анастасія Алексяёнак, Кацярына Мамон, Крысціна Долгая і Людміла Міцкевіч (Вольга Васільеўна Жукава, Ларыса Аляксандраўна Булаўка, Тамара Віктараўна Алексяёнак, Маргарыта Васільеўна Далжонак). У гэтым жа конкурсе, толькі ў іншай намінацыі прызёрам стала каманда Плінскай школы з ліку Юліі Бараўцовай, Аляксандры Дрозд, Наталлі Подраз, Марыны Курдзюковай, Марыны Хамёнак (Ірына Генадзьеўна Марковіч).
Былі ў гэты дзень грашовыя прэміі, кветкі, Ганаровыя граматы раённага выканаўчага камітэта, Лісты падзякі і музычныя падарункі ад вучняў Ушацкай школы. І ўсё ж, напэўна, больш за ўсіх уражанняў атрымалі бацькі – гонар за сваіх дзяцей. Спадзяемся, што гэтыя вучні парадуюць нас сваімі поспехамі і на наступны год, а ў спісе юных ушацкіх “зорачак” з’явяцца новыя імёны.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.