К 60-летию со дня рождения лауреата Государственной премии Беларуси Валерия Маслюка

Наши земляки Творчество наших земляков Экономика и малый бизнес Юбилейные даты

“Маці плача ўначы. Мусіць, зноўку ў сне бацька ідзе ў партызаны, ці я на дарогу выходжу…”
Цішыня на месцы спачыну аўтара гэтых радкоў Валерыя Маслюка. Нібыта абдумвае ён, як менавіта тут, на Ушаччыне, вучыўся ў школе, набіраўся жыватворнага творчага соку ад людскіх зносін, літаратурных традыцый, непаўторнай мясцовасці. Вельмі многія ў нас памятаюць яго і шкадуюць, што так рана наш адметны зямляк скончыў свой зямны шлях. Ні 50-годдзе сваё не сустрэў, ні вось цяпер 60 год з дня нараджэння.

Нарадзіўся будучы лаўрэат самай высокай, Дзяржаўнай прэміі Беларусі Валерый Маслюк (атрымаў у 1984 годзе за пастаноўку спектакля “Знак бяды” В.Быкава) – у вёсцы Ропна Полацкага раёна. А потым сям’я купіла хату ў Наваселлі і перавезла ва Ушачы на тое месца, дзе пазней размясціўся вузел сувязі.
Адсюль ён выйшаў на дарогу тэатральнай творчасці. Атрымаў адпаведную адукацыю і працаваў рэжысёрам-пастаноўшчыкам, галоўным рэжысёрам, мастацкім кіраўніком тэатраў у Віцебску, Магілёве, Мінску, зноў у Віцебску.
У школе ва ўсёй сутнасці хлопца прабіваліся акцёрскія і рэжысёрскія здольнасці. Вось што прыгадваюць тыя, хто з ім вучыўся.
Тамара Мялешка (Конух), в.Ліпавец:
– Памятаю, спачатку Валерый хацеў стаць ваенным. У той час была незвычайная павага да ваеннаслужачых. А галоўнае, здаецца, мой аднакласнік вельмі падыходзіў да гэтай справы. Нават голас быў моцны, нібы камандзірскі. Але ж і артыстычныя, рэжысёрскія здольнасці ляжалі на паверхні.
Ніна Цімафеева (Пахілка), г.п.Ушачы:
– Мне здаецца, ва ўсіх вучняў і настаўнікаў нашай школы было адчуванне, што гэты хлопец – будучы дзеяч мастацтва. Памятаю, падышла да дошкі аб’яў, а там паведамленне, што ў школе ствараецца тэатральны гурток, жадаючыя могуць запісацца. І малюнак – дзве сцэнічныя маскі. Я адразу зразумела, што ўсё гэта справа рук Валерыя Маслюка: ён любіў удзельнічаць у пастаноўках і добра маляваў.
Зінаіда Стасюкевіч (Вайцялёнак), г.Полацк:
– Мне пашчасціла вучыцца ў паралельным класе з будучым вядомым тэатральным дзеячам. У раённым Доме культуры быў наладжаны драматычны гурток, у ім удзельнічаў Валерый, іншыя вучні нашай паралелі, у тым ліку я. Вельмі цікава было побач з такім таленавітым хлопцам. Мы чыталі паэзію і прозу класікаў беларускай літаратуры (асабліва запомнілася выступленне па творы Аркадзя Куляшова “Кожны чацвёрты”), сябравалі. Па вечарах збіраліся разам. Валерый браў у рукі гітару. Такое не забываецца…
Галіна Варатынская (Пышкова), г.п.Ушачы:
– Нашы класы “А” і “Б” вельмі сябравалі. Валерый Маслюк з’яўляўся любімцам не толькі ў нашай паралелі, але і сярод іншых школьнікаў. Адно задавальненне было толькі назіраць за ім. Самае памятнае для мяне: калі ў спартыўнай зале нашай школы праходзіў вечар, і ён яго вёў. Сцэнарыя, відаць, не было, бо хлопец здольны быў весці размову на аўдыторыю экспромтам, прычым на гэты раз рабіў такое ў стылі спартыўнага каментатара. І як рабіў! У мяне па спіне ішоў холад ад адчування артыстычных, рэжысёрскіх здольнасцяў Валерыя. Пазней набыла кнігу вершаў, дзе ёсць яго падборка, сачыла за шматгранным творчым ростам.
Васіль Казьянін, г.п.Ушачы:
– Мой аднакласнік Валерый Маслюк быў вельмі цікавым яшчэ калі вучыўся ў школе. З ім хацелася быць побач, проста размаўляць нам, менш прыкметным вучням. А якія ж у яго былі артыстычныя здольнасці! Мне ў памяць урэзалася, як мы гулялі ў ваенізаваную гульню “Зарніца”. Дык Валерый так разыграў параненага ваеннага, што кожны, хто ўдзельнічаў, усім сэрцам адчуў, што такое вайна. Ён абкруціў галаву бінтамі, замазаў іх фарбай і, можна сказаць, выканаў ролю пацярпелага на полі бою. Нездарма пазней стаў рэжысёрам.
Аляксандр Папко, г.п.Ушачы:
– Нашай з жонкай сям’і Валерый Маслюк дарагі ўдвая, бо мы абое разам з ім вучыліся ўсе дзесяць гадоў. Ён быў такім добрым сябрам, што не знаходзіцца слоў апісаць. Мы, хлопцы, і ў школе былі неразлучныя, і пасля яе заканчэння. Вучнем знаходзіўся ў цэнтры нашай увагі. То спяваў, то вёў мерапрыемствы, то іграў на гітары. Разам добра адзначылі развітанне са школьнымі гадамі, і ён паехаў хутчэй паступаць у Ленінградскі інстытут тэатра, музыкі і кіно. Усё склалася ўдала. Стаў вучыцца на акцёра. Але праз год давялося кінуць навучанне ў горадзе з цяжкім для яго кліматам: паўсталі праблемы з галасавымі звязкамі. Яго, мяне і Юрыя Пятніцу накіравалі ў армію. Валерый адслужыў два гады ва Украіне. Потым год працаваў у адной са школ нашага раёна, дзе не абыходзіўся без мастацкай самадзейнасці. Пасля паступіў на рэжысёрскае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Працаваў у розных тэатрах. Мы працягвалі сустракацца, ён дзяліўся ўсімі сваімі справамі. І наш куток любіў незвычайна. Напісаў некалі: “Ушачи – город, Ушачи – сад, Ушачи – лучше, чем Ленинград”.
Сапраўды, Валерый Маслюк займаўся і літаратурнай творчасцю. Зборнік “Я успею, я всё успею…” пасля яго адыходу, у 2012 годзе выпусцілі сябры. У ім паэзія, графіка, драматургія. Не ўсё паспеў за свае няпоўныя 50, але паспеў столькі, каб застацца адметным дзеячам нацыянальнага мастацтва.
Г.АЛЯКСАНДРАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *