Небагата Ушаччына шырокімі роўнымі палямі, урадлівымі пашамі. Зрабіць нашы землі больш прыдатнымі для раслінаводства, увесці ў севазварот новыя ўгоддзі дапамагаюць меліяратары. Ушацкае ПМС — адно з самых стабільных прадпрыемстваў раёна. Яго работнікі выконваюць вялікі аб’ем задач і спраўляюцца з гэтым належным чынам. Напярэдадні прафесійнага свята мы папрасілі дырэктара прадпрыемства Васіля Станіслававіча Спірчонка расказаць аб тым, што зроблена апошнім часам, і падзяліцца планамі на будучае.
Не асушыш — не пажнеш
— Зараз нашы галоўныя намаганні накіраваны на выкананне ў раёне прынятай урадам Дзяржаўнай праграмы захавання і выкарыстання меліяраваных зямель на 2011-2015 гады. А задачы на гэты час пастаўлены вялікія: трэба правесці рэканструкцыю меліярацыйных сістэм на 1524 гектарах, пабудаваць новыя сістэмы на 153, правесці аграмерапрыемствы на 796 гектарах зямель. Зараз, на «экватары» адведзенага на выкананне Праграмы тэрміну, рэканструявана 597 гектараў, што складае 39 працэнтаў ад агульнага плана, пабудаваны новыя сістэмы на 93 (61 працэнт), праведзены аграмерапрыемствы на 492 гектарах (62 працэнты). Як бачна, у цэлым работа ідзе па плане.
За мінулы год аб’ём выкананых прадпрыемствам падрадных работ склаў 10 мільярдаў 913 мільёнаў, плануем, што ў гэтым годзе ён павялічыцца на 132 працэнты. Вядома ж, наша асноўная дзейнасць — сезонная, таму ў халодны перыяд года мы вымушаны шукаць дадатковы заробак, у тым ліку за межамі раёна. Гэтай зімой, у прыватнасці, займаліся будаўніцтвам каналізацыйных і водаправодных сетак на «Нафтане», рамонтам уздоўжтрасавых праездаў нафтаправода «Дружба». Аднак сёлета ставім перад сабой мэту засяродзіцца менавіта на асноўных нашых абавязках — меліярацыі, плануем, што ў агульным аб’ёме падрадных работ яна складзе да 85 працэнтаў.
Сярод асноўных аб’ектаў, на якіх працуюць зараз нашы работнікі, участак Баяршчына (ААТ «Агра-Селішча»), дзе вядзецца новае будаўніцтва. Яго першы комплекс (а гэта 93 гектары) быў здадзены летась, а другі (67 гектараў) мяркуем увесці ў эксплуатацыю ў жніўні. Адначасова праводзім аграмерапрыемствы на ўчастку Урбанова, што належыць «Райаграсэрвісу», і рэканструкцыю меліярацыйнай сістэмы «Вялікадолецкі-Кублічы» ля вёскі Судзілавічы: літаральна ў гэтыя дні палова плошчаў аб’екта будзе здадзена — аграрыі плануюць адразу ж пасеяць там кукурузу. Работы на другой палове будуць скончаны ў пачатку восені. У ліпені пачнём рэканструкцыю 182-гектарнага аб’екта Пліна-Замошша-Угрынкі, здаць які мяркуем у канцы года.
Не адмаўляем у дапамозе і сельгаспрадпрыемствам. Выконваем работы па вывазцы і ўнясенні ўгнаенняў, добраўпарадкаванні ферм, прымаем удзел у пасяўной і ўборачнай кампаніях. У мінулым годзе выканалі падобных работ прыкладна на паўмільярда рублёў, а за пяць месяцаў 2013-га — ужо на 450 мільёнаў.
Асноўны ж гонар нашага прадпрыемства — згуртаваны калектыў сапраўдных прафесіяналаў. Зараз ён складаецца з 94 працаўнікоў. Сярод тых, чыю работу можна назваць узорнай, прарабы Уладзімір Віктаравіч Напрыенка і Юрый Анатольевіч Сазанкоў, які сёлета адзначаны Ганаровай граматай аблвыканкама, работнікі вытворча-тэхнічнага аддзела Таццяна Васільеўна Гвоздзь — яна атрымала да свята Ганаровую грамату КУП «Віцебскмеліяводгас», Вольга Пятроўна Шаўчэнка і Наталля Адамаўна Рачкоўская, спецыяліст па кадрах Вольга Віктараўна Анкудовіч, якая адзначана Ганаровай граматай абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК, загадчык падсобнай вытворчасці Міхаіл Васільевіч Бугай, участковы механік Яўген Віктаравіч Казіцкі, токар Сяргей Фёдаравіч Кандраценка, машыністы аднакаўшовых экскаватараў Аляксандр Віктаравіч Каваленка і Сяргей Леанідавіч Гарбаценка. Безумоўна, пералічыць усіх дастойных работнікаў проста немагчыма, таму напярэдадні прафесійнага свята хачу сардэчна павіншаваць тых, хто сёння праслаўляе наша прадпрыемства стараннай працай, і, вядома ж, выказаць словы ўдзячнасці ветэранам вытворчасці, якія літаральна з нуля стваралі наша прадпрыемства. Нізкі вам паклон, здароўя і поспехаў ва ўсіх справах.
Робяць мару рэальнасцю
На гэтым аб’екце мы былі год назад: тады на першым комплексе ўчастка Баяршчына ва ўсю кіпела работа. Зараз наўкол роўным зялёным дываном раскінулася пшаніца: як і планавалася летась, участак увялі ў эксплуатацыю перад пачаткам сяўбы азімых. Такія нехарактэрныя для нашых мясцін шырокія роўныя палеткі, на якіх ёсць дзе развярнуцца сучаснай тэхніцы, — мара кожнага ўшацкага сельгаспрадпрыемства. Для «Агра-Селішча» дзякуючы меліяратарам яна спраўджваецца.
А вось на другім комплексе ўчастка работа зараз кіпіць ва ўсю: май радаваў добрым надвор’ем, таму меліяратары ў гэтым месяцы працавалі амаль без выхадных. «Збіраўся ўжо ісці на пенсію, нават лодку для рыбалкі набыў, але не мог адмовіць роднаму прадпрыемству, калі папрасілі папрацаваць яшчэ некаторы час,» — расказвае трактарыст Фёдар Фёдаравіч Кандрацкі. Зараз ён са сваім калегам Віктарам Сямёнавічам Аўтухам працуе на вывазцы драўняных рэшткаў, а пагружае іх у кузаў трактара машыніст «Амкадора» Міхаіл Фёдаравіч Лаюшка. Для зручнасці працэсу ён пераабсталяваў коўш пагрузчыка: прыварыў больш доўгія зубы — цяпер коўш захоплівае больш карчэўя і менш зямлі. Гэтае няхітрае, здавалася б, рацыяналізатарства дапамагло павялічыць прадукцыйнасць працы. Увогуле ж той з нас, хто хоць аднойчы займаўся карчаваннем, ведае, які гэта працаёмкі працэс. А вось вопытны машыніст Аляксандр Васільевіч Чэвідаеў, які выдаляе з зямлі карані кустоў і дрэў з дапамогай спецыяльнага карчавальніка, спраўляецца з гэтым спрытна і хутка. Цікава, што калісьці карчы проста спальвалі, зараз жа яны звозяцца на спецыяльны ўчастак, перагніваюць там на працягу некалькіх гадоў, пасля чаго падвяргаюцца механічнай апрацоўцы — у выніку з непатрэбных драўняных рэшткаў атрымліваецца выдатнае экалагічна чыстае ўгнаенне. Шмат на ўчастку работы па бульдозернай планіроўцы. Звычайна яе выконвае вопытны спецыяліст Васіль Васільевіч Лёля на новым магутным бульдозеры «Шантуй», аднак зараз ён у камандзіроўцы: дапамагае лепельскім меліяратарам, у якіх пакуль падобнай тэхнікі няма.
Калі ж участак поўнасцю ачышчаны і выраўнены, за яго бяруцца дрэнажнікі. Гэты этап работ, напэўна, самы адказны, таму ў брыгадзе, якой кіруе Іван Іванавіч Шамшура, працуюць выключна прафесіяналы: машыніст ЭТЦ-202 Васіль Васільевіч Пугач, трубаўкладчыкі Генадзь Анатольевіч Камаркоў, Уладзімір Аляксеевіч Лявонцьеў, памочнік машыніста Іван Пятровіч Міхееў. Гэтая брыгада прызнавалася лепшай у галіне сярод прадпрыемстваў вобласці. «Мне пашанцавала, што свой працоўны шлях я пачынаю побач з такімі работнікамі,» — зазначыў малады майстар Сяргей Аляксандравіч Дук, які прыйшоў на прадпрыемства пасля заканчэння Беларускай сельгасакадэміі.
Увогуле здалося, што на гэтым участку пануе асаблівая атмасфера: усе работнікі ўсмешлівыя, добразычлівыя, паважлівыя адзін да аднаго. Бачна, што ў кожнага прысутнічае адчуванне таго, што робяць яны рэальна патрэбную людзям справу. Ужо праз год на полі, якое зараз прыводзяць у парадак меліяратары, таксама дружна зазелянеюць усходы, будуць радаваць вока спелыя каласы, а ў раённых зводках, хочацца спадзявацца, павялічацца лічбы ўраджайнасці і здадзеных у дзяржаўныя засекі тон хлеба.
Н.БАГДАНОВІЧ.