Для всех учеников Ушаччины в четверг — 30 мая — прозвучал последний школьный звонок

Главные темы Наши дети Образование и молодежь Официально

Чацвер, 30 мая, нічым адметным у календары не вызначаўся. Тым не менш, свята на Ушаччыну прыйшло – ва ўсіх школах раёна адбыліся ўрачыстыя лінейкі з нагоды завяршэння навучальнага года. Незабыўным будзе гэты дзень для 128 адзінаццацікласнікаў і 144 дзевяцікласнікаў навучальных устаноў, для якіх апошні званок — яшчэ і пачатак самастойнага, дарослага жыцця.

Феерверкам звонкіх вершаваных радкоў, шчырымі словамі ляцелі ў гэты дзень віншаванні выпускнікам. Апошнія таксама не засталіся ў даўгу – давалі наказы малодшым школьнікам, дзякавалі настаўнікам і бацькам. На мерапрыемствах прысутнічалі ганаровыя госці – члены райвыканкама, прадстаўнікі аддзела адукацыі, прадпрыемстваў і арганізацый раёна, ветэраны вайны і працы. Так, павіншаваць вучняў Глыбачанскай школы прыйшоў у гэты дзень ветэран Вялікай Айчыннай вайны Дзям’ян Уладзіміравіч Крупеня. Супрацоўнікі райаддзела міліцыі і аддзела па надзвычайных сітуацыях нагадалі школьнікам аб неабходнасці захавання правілаў бяспекі і заканадаўства падчас летніх канікул, выказалі спадзяванне ўбачыць дзяцей у верасні здаровымі, бадзёрымі, поўнымі сіл.
Адценне смутку было на тварах у педагогаў і вучняў Мосарскай школы. Званок, што прагучаў тут падчас лінейкі, стаў апошнім не толькі ў бягучым навучальным годзе, але і ў гісторыі навучальнай установы. Школа спыняе сваю дзейнасць, а вучні пераводзяцца ў Арэхаўскую, куды будзе прадугледжаны падвоз.
– Шчыра кажучы, ехала сюды з неспакойным сэрцам, – прызналася начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Людміла Рыгораўна Карабань. – Закрыццё школы – няпростае мерапрыемства. Аднак тут застаецца ўсяго 21 вучань.
А вось галоўных герояў апошняга званка – выпускнікоў, сёлета ў Мосарскай школе ажно 11, яны падрыхтавалі насычаную шоу-праграму, а падтрымаць школьнікаў прыйшлі ў гэты дзень літаральна ўсе бацькі.

Па-сямейнаму цёпла і шчыра праходзіла свята апошняга званка ў Ільюшынскай школе. У гэты дзень не быў забыты ніводны настаўнік, усе шчыра радаваліся ўзнагародам аднакласнікаў і сяброў, жадалі выпускнікам удалай здачы экзаменаў. Трэба было бачыць і чуць, з якім гонарам усе разам – вучні і педагогі – спявалі гімн Рэспублікі Беларусь.
Радасны момант чакаў 30 мая першакласнікаў. Падчас лінеек усе яны атрымалі каштоўныя падарункі – футбольныя мячы. Ва Ушацкай, Арэхаўскай і Ільюшынскай школах іх уручылі малышам прадстаўнікі раённага аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк”.
– Рэспубліканская акцыя пад назвай “Падары дзіцяці футбольны мяч” праходзіць у апошнія дні мая, напярэдадні школьных канікул ва ўсёй краіне, – тлумачыла падчас свайго выступлення ва Ушацкай школе ўпраўляючая Ушацкага аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк” Галіна Анатольеўна Цісковіч. – Асацыяцыя “Беларуская федэрацыя футболу” пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, ААТ “Белаграпрамбанк” такім чынам хоча папулярызаваць футбол, далучыць дзяцей да спорту і прапанаваць ім цікавы, рухомы адпачынак падчас летніх канікул.
У дзень развітання са школай выпускнікі Ушацкай СШ, загадаўшы сваё самае запаветнае жаданне, выпусцілі ў майскае неба паветраныя шары з прымацаванымі да іх сімвалічнымі папяровымі галубамі, а па заканчэнні ўрачыстасці па добрай традыцыі ўсклалі кветкі да пліт і помніка загінуўшым воінам і партызанам у скверы гарпасёлка.
Свята апошняга званка ва ўсіх школах Ушаччыны прайшло, як заўсёды, прыгожа і шчымліва. Было шмат музыкі, кветак і хвалявання. Апошні званок малодшым школьнікам абвясціў пра пачатак самага вялікага вучнёўскага перапынку – канікул. Выпускнікам жа нагадаў, што наперадзе экзамены, паступленне… і новае, дарослае жыццё.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.

На здымках: выпускнікі Ушацкай СШ пускаюць шары з жаданнямі; апошні званок у Ільюшынскай СШ; футбольныя мячы атрымалі 84 першакласнікі Ушацкай СШ; свята ў Глыбачанскай школе.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *