Калісьці вядомы нямецкі філосаф і літаратар Лесінг сцвярджаў: “Яд, які не дзейнічае адразу, не становіцца менш небяспечным”. Гэта ж датычыцца і курэння: яго згубнае ўздзеянне пачынаецца з першай выкуранай цыгарэты і працягваецца ўвесь час, пакуль чалавек курыць.
Часцей за ўсё знаёмства з цыгарэтай адбываецца ў маладым узросце: у 15 гадоў у Беларусі кураць ужо 23,5 працэнта дзяўчынак, хлопчыкаў – крыху менш. На жаль, для многіх з іх курэнне як сродак прыцягнуць да сябе ўвагу з часам перарастае ў шкодную звычку. Як сведчыць статыстыка, калі чалавек пачаў курыць у 15 гадоў, то працягласць яго жыцця змяншаецца больш чым на 8 гадоў. Гэтая катэгорыя грамадзян у 5 разоў часцей памірае ад раку лёгкіх, чым тыя, хто “пасябраваў” з цыгарэтай пасля 25-ці. Ужо ў 14-15-гадовых курцоў у параўнанні з аднагодкамі часцей назіраецца кашаль, макрота, адышка.
Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, тытунь штогод забівае амаль 6 мільёнаў жыхароў планеты.
Арганізму нялёгка змагацца з цяжкай “артылерыяй”, якой валодае тытунь (у яго склад уваходзіць амаль уся табліца Мендзялеева). Шматлікія канцэрагены садзейнічаюць развіццю рака. Менавіта таму, выбіраючы цыгарэту, чалавек выбірае своеасаблівы сродак самазабойства.
Зачастую ад цыгарэтнага дыму церпяць тыя, хто проста знаходзіцца ў накураным памяшканні, у тым ліку дзеці. Даследаванні даказваюць, што ў пасіўных курцоў у разы павялічваецца рызыка развіцця каранарнай хваробы сэрца. Курэнне бацькоў ускладняе працяканне бранхіяльнай астмы ў дзяцей, павялічвае рызыку сіндрому раптоўнай смерці ў нованароджаных.
Безумоўна, курыць ці не курыць – асабісты выбар кожнага. Але, беручы ў рукі цыгарэту, задумайцеся: ці такое гэта вялікае задавальненне, каб плаціць за яго сваім здароўем?
Н.ЗЫРАНАВА, урач-тэрапеўт Ушацкай ЦРБ.