…спецыяльнае комплекснае мерапрыемства пад такой назвай праводзіць Дзяржаўтаінспекцыя з 27 мая па 7 чэрвеня. Асноўная яго мэта – зніжэнне колькасці дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам непаўналетніх.
З пачатку года ў Віцебскай вобласці адбылося 9 ДТЗ, у якіх 9 дзяцей атрымалі раненні. На жаль, прычынай большасці аварый застаецца парушэнне элементарных правілаў дарожнага руху. У Талачынскім раёне мінчанін, кіруючы аўтамабілем «Пежо-806» у г.п.Коханава, здзейсніў наезд на вучаніцу першага класа, якая нечакана выбегла на праезную частку па-за пешаходным пераходам. У Полацку вадзіцель аўтамабіля «Фіят-Пунта» здзейсніў наезд на шасцікласніка, які раптам выйшаў з-за маршрутнага аўтобуса, што стаяў на прыпынку. Наездам таксама скончыўся выхад на праезную частку дарогі на забараняльны сігнал святлафора вучаніцы чацвёртага класа ў Віцебску. У выніку названых аварый дзеці атрымалі траўмы і былі шпіталізаваны.
Паважаныя дарослыя, клапаціцеся аб бяспецы сваіх дзяцей, штодня нагадвайце аб правілах дарожнага руху і самі служыце ім прыкладам – не парушайце правілаў бяспечных паводзін на дарозе. Знаходзячыся за рулём, асцярожна праязджайце паблізу дзіцячых садоў, лагераў, школ, стадыёнаў, сквераў і паркаў. У нашых сілах зрабіць канікулы бяспечнымі!
А.ЛІСОЎСКІ,
старшы дзяржаўтаінспектар.