Сев кукурузы завершает цикл весенне-полевых работ в Ушачском районе

Сельское хозяйство Экономика и малый бизнес

Cяўба кукурузы традыцыйна з’яўляецца фінальным акордам пасяўной кампаніі, бо менавіта май – аптымальны час для таго, каб лягло ў глебу насенне каралевы палёў. Некаторыя гаспадаркі раёна, у прыватнасці “Ільюшынскі” і “Райаграсэрвіс”, ужо засадзілі гэтай культурай усе адведзеныя пад яе плошчы, а вось на палетках “Дземенца” кукурузу мы сёлета не ўбачым: назапашаных летась кармоў хапіла на ўвесь зімовы перыяд, каля 1000 тон было прададзена ў іншыя раёны, а астатніх кармоў, па падліках аграрыяў, хопіць на палову будучай зімы, другую ж палову кармавой базы плануюць папоўніць сенажом.
У КУСГП “Кублічы”, наадварот, аб’ём вырошчвання кукурузы будзе сёлета істотна павялічаны: адведзеныя пад яе пасяўныя плошчы выраслі амаль утрая і складаюць 309 гектараў. Каралева палёў будзе расці на належаўшых раней “Райаграсэрвісу” палях ля Пад’язна і плошчах, дзе летась вырошчвалі лён, уведзены ў севазварот і раней невыкарыстоўваемыя ўгоддзі гаспадаркі.
“Так, работы на сяўбе кукурузы ў мяне сёлета хапае”, – усміхнуўся механізатар Васіль Васільевіч Быкаў, які працаваў у панядзелак на полі ля ўрочышча Скаміноўшчына. Гэты чалавек у гаспадарцы вельмі паважаны і запатрабаваны, ён – універсал, без удзелу якога не абыходзіцца практычна ніводны этап сельгасработ. Трымаць марку абавязвае і гучнае прозвішча: трэба быць годным славы свайго дзядзькі і поўнага цёзкі (бацька механізатара – дваюрадны брат славутага пісьменніка). Зрэшты, толькі на хвілінку згадзіўся Васіль Васільевіч пакінуць кабіну, каб удзяліць увагу раённай прэсе: “Хочацца зрабіць сёння як мага больш, пакуль надвор’е спрыяе”. Падобную ж думку агучыў і трактарыст Уладзімір Усеваладавіч Салаўёў, які тым часам рыхтаваў суседняе поле, узворваючы глебу для сяўбы кукурузы. Безумоўна, май – пара не для размоў, а для дзеянняў. Бо старую прымаўку аб тым, што вясновы дзень корміць увесь год, яшчэ ніхто не адмяняў.
Н.БАГДАНОВІЧ.

На здымках: У.Салаўёў, В.Быкаў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *