Ни одной фальшивой ноты

Мир увлечений Наш современник Наши дети Общество Творчество наших земляков

Менавіта такім кароткім выразам можна ахарактарызаваць выступленне ўзорнага аркестра народных інструментаў Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў на адкрытым абласным аглядзе-конкурсе аркестравых калектываў, які праходзіў 16 мая ў Наваполацку.

Некаторыя мяркуюць, што спяваць у хоры ці іграць у аркестры прасцей, чым выступаць асобна, маўляў, нават калі дазволіш сабе фальшывую ноту, яна патоне ў агульным строі гукаў. Кіраўнік аркестра Маргарыта Андрэеўна Грынберг лічыць такую думку цалкам дылетанцкай:
— Недакладную ноту не схаваеш: яна, нібыта тая лыжка дзёгцю, сапсуе мёд музычнага твора. Таму іграць у аркестры — вельмі няпроста, бо на табе ляжыць груз адказнасці за агульны вынік: несумленна падышоў да справы, недакладна вывучыў сваю партыю — падвядзеш калег-выканаўцаў. У той жа час удзел у вялікім музычным калектыве вельмі карысны для маладых музыкантаў, бо фарміруе цэлы шэраг патрэбных якасцяў — дысцыплінаванасць, пачуццё адказнасці, дух партнёрства.
Маргарыта Андрэеўна — вопытны педагог, які кіруе аркестрам ужо на працягу амаль 30 гадоў, аднак яна шчыра прызнаецца, што з’яднаць трыццаць навучэнцаў народнага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў (а сярод іх ёсць як выпускнікі, так і тыя, хто толькі другі год асвойвае музычную навуку) у адзіны творчы арганізм вельмі складана. Трэба дабіцца, каб арганічна гучалі розныя інструменты, а зараз аркестр школы складаецца з груп домраў, балалаек, баянаў, фартэпіяна, ударных і, вядома ж, беларускай «разынкі» — цымбалаў. Многае залежыць і ад выбару рэпертуару. У цяперашняй праграме калектыву славянскі фальклор удала спалучаецца з творамі еўрапейскага акадэмічнага мастацтва, музыка Шнітке суседнічае з творам «Кальцо з Нясвіжскага замка», аўтар якога — выкладчык аршанскай дзіцячай школы мастацтваў Ігар Лоскутаў. Своеасаблівая ж «візітоўка» аркестра — песня Ігара Лучанка на верш Петруся Броўкі «Я не магу пра вас забыцца». Як заўважае Маргарыта Андрэеўна, гэта адзін з яе любімых твораў, бо ён выдатна перадае слухачам каларыт ушацкага краю. Увогуле ж, кіраўнік аркестра адносіцца да сваёй справы з такім непадробным энтузіязмам, што проста не можа не зарадзіць ім сваіх выхаванцаў. І тым больш прыемна, калі такая сумесная работа прыносіць поспех, бо і радасць ад яго памнажаецца на ўсіх удзельнікаў. Менавіта такія ўзнёслыя эмоцыі адчулі нядаўна педагог і яе вучні, калі даведаліся, што атрымалі дыплом першай ступені на адкрытым абласным аглядзе-конкурсе аркестравых калектываў.
— Гэта вельмі прадстаўнічы конкурс, які праводзіцца раз у чатыры гады і заўсёды мае моцны склад удзельнікаў. У гэты раз, напрыклад, акрамя беларускіх калектываў у ім прымалі ўдзел канкурсанты са Смаленска, Ноўгарада. Мы ў пяты раз прадстаўлялі на аглядзе-конкурсе творчасць нашага аркестра і заўсёды вярталіся з дыпломамі, аднак сёлетняе выступленне можна лічыць сапраўдным трыумфам! — не хавае станоўчых эмоцый дырэктар Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў С.В.Парашкін.
А М.А.Грынберг дадае:
— Пасля выступлення зал сустрэў нас авацыяй і нават журы вітала стоячы. Гэта была сапраўдная хвіліна славы для юных музыкантаў, якая, упэўнена, запомніцца ім на ўсё жыццё і стане добрым стымулам для далейшай творчасці. Хочацца выказаць шчырую падзяку ўсім, хто меў дачыненне да нашага поспеху і проста за нас перажываў, — педагогам школы мастацтваў, бацькам навучэнцаў. А яшчэ хацелася б спадзявацца, што знойдуцца нераўнадушныя людзі ці арганізацыі, якія змаглі б аказаць нам спонсарскую дапамогу. Наш аркестр атрымлівае шмат запрашэнняў для ўдзелу ў розных конкурсах, аднак з-за транспартных і фінансавых праблем не можа прымаць у іх удзел, дэманстраваць на буйных сцэнах талент нашых юных музыкантаў, а яны, паверце, гэтага заслугоўваюць.
Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *