Субботник по наведению порядка в придорожных населённых пунктах прошёл недавно в Ушачском районе

Благоустройство Экология

Каля 200 чалавек прыняло ўдзел у суботніку, які прайшоў 18 мая на тэрыторыі раёна. Калі падчас папярэдняга раённага калектывы наводзілі парадак на сваіх тэрыторыях, то зараз працавалі на навядзенні парадку прыдарожных населеных пунктаў, аграгарадкоў, там, дзе вялікі фронт работ і самі жыхары ці замацаваныя за вёскамі арганізацыі не паспелі з усім справіцца.

Непрыемнае званне самай засмечанай вёскі насілі да гэтага Сержаны. Летась з несанкцыянаваных звалак, што хаваліся амаль пад кожным кустом, было вывезена 5 прычэпаў смецця. Сёлета сіламі прадстаўнікоў райсельгасхарча, аддзела адукацыі высякаліся кусты і абкошваліся абочыны дарог, прыцягнутыя Жарскім сельвыканкамам работнікі разабралі кінуты дом, ну а ААТ “Ільюшынскі” зможа цяпер пусціць у агульны севазварот зямлю ачышчанай пустэчы.
Падобнае рабілася ў аграгарадку Вялікія Дольцы і многіх іншых вёсках. А таксама прыбіраліся грамадзянскія могілкі, высякалі кусты ўздоўж дарог, участкі жыллёва-камунальнай гаспадаркі аднаўлялі разметку дарог і таксама працавалі над добраўпарадкаваннем на ўчастках.
Прыехалі ў гэты дзень і прадстаўнікі з усіх прадпрыемстваў-шэфаў горада Полацка. Кожны год вылучаецца сярод многіх аддзяленне ААТ “Белаграпрамбанка” ў горадзе Полацку, за якім замацавана не адна вёска раёна. Сёлета іх дэсант быў узмоцнены калегамі з абласнога аддзялення. Са сваім інвентаром – бензапілой, касілкай, сякерамі – віцебскія банкіры вызвалілі ад кустоўя і непатрэбных дрэў не адзін участак вёскі Матырына. Прыемна, што далучыліся да суботніка ў гэтай вёсцы Галіна Дзянісаўна Шмацёнак з унукам Дзянісам. Аднак, гэта бадай адзінкавы выпадак, калі мясцовае насельніцтва не засталося ў баку ад навядзення парадку ў сваіх населеных пунктах. Звычайна ўсё заканчваецца ўборкай ля сваіх сядзіб і не больш, хоць літаральна ўсе сметнікі, што схаваліся за зелянінай, – справа рук саміх вяскоўцаў. І пераканана, што пры навядзенні парадку як у вёсках, так і на грамадзянскіх могілках, перш за ўсё павінна прымаць удзел мясцовае насельніцтва. Парадку адназначна будзе болей, калі ўбіраць тое, што засмецілі, давядзецца самім.
Абмяркоўваючы план чарговага суботніка, намеснік старшыні райвыканкама М.І.Бухалка прывёў прыклад сваёй роднай вёскі на Брэстчыне. Там не чакаюць старшыню сельвыканкама, каб навесці парадак на могілках ці нешта агульнае зрабіць у населеным пункце. Самі выходзяць на ўборку, скідваюцца і набываюць фарбу і ўсё патрэбнае, каб не засталося нічыйных магіл і зарослых участкаў. Таму і ўзорны парадак, як дарэчы, і на могілках вёскі Мосар Глыбоцкага раёна, дзе ксёндз Булька прывучыў шчыраваць усё мясцовае насельніцтва, незалежна ад таго, католік ці праваслаўны там пахаваны, нядаўна, ці ў мінулым стагоддзі.
Засталося дадаць толькі тое, што навядзенне парадку ў населеных пунктах не абмяжоўваецца суботнікамі. Старшыня раённага Савета дэпутатаў А.В.Пашковіч адзначыла сёлетнюю актыўнасць літаральна ўсіх замацаваных за вёскамі шэфаў, якія ў рабочым рэжыме падтрымліваюць парадак на тэрыторыях.
В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *