Подготовился сходу поехать на природу, или Что стало добычей ушачских преступников в этом месяце

Закон - один для всех

ПАДРЫХТАВАЎСЯ ЗХОДУ ПАЕХАЦЬ НА ПРЫРОДУ
Аб тым, што ў абакрадзеным дачным доме жыхара Полацка ў вёсцы Казьяне Ушацкага раёна арудаваў аматар рыбнай лоўлі, можна меркаваць па тых “трафеях”, якія ён прыхапіў з сабой, – спінінг, вудачка, рыбацкія штаны. Узяў зламыснік і шампуры – відаць, запланаваў зрабіць шашлык у чаканні клёву.
СМАГА – СТРАШНАЯ СІЛА!
Візіт жыхара Глыбачкі Глыбачэнскага сельсавета (1959 года нараджэння) у мясцовы магазін прадаўцу, напэўна, запомніцца надоўга. Прыкмеціўшы за прылаўкам “жыватворную” вадкасць, мужчына адкрыта, з прымяненнем насілля прысвоіў сабе двухлітровую бутэльку піва. Вось толькі гэтая “Крыніца” хутчэй за ўсё стане для яго крыніцай сур’ёзных праблем з законам: у адносінах зламысніка ўзбуджана крымінальная справа па факце грабяжу.
НЕ СТАЛА ЎРОКАМ
Жыхар аграгарадка Арэхаўна (1989 года нараджэння) ужо прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення. На жаль, гэта яго не навучыла – не прайшло і года, як грамадзянін зноў сеў за руль “пад мухай”. Аднак на гэты раз штрафам не абыдзецца, парушальніку пагражае да шасці месяцаў арышту.
НЯПРОШАНЫЯ ГОСЦІ
Устанаўліваецца асоба няпрошанага госця, які “пачысціў” дачны дом грамадзянкі райцэнтра. Злодзей вынес тэлевізар, электрарубанак і іншыя рэчы на суму каля 1,3 мільёна рублёў. Пытанне “Хто?” пакуль застаецца без адказу.
* * *
Дачны дом мінчаніна ў гарпасёлку стаў аб’ектам павышанай увагі зламысніка. “Госць” выкраў рэчы на суму 510 тысяч рублёў.
КРЫВАВАЯ ПАТАСОЎКА
Нішто не прадказвала бяды. Двое ўшачан зайшлі “на агеньчык” да свайго знаёмага, сустрэчу адзначылі застоллем. Пасля прыняцця на грудзі пары-тройкі чарак “гаручай” паміж мужчынамі завязалася патасоўка – галоўным “аргументам” непрацуючага жыхара райцэнтра (1961 года нараджэння) стаў нож, які ён накіраваў у грудзі свайму апаненту. У адносінах мужчыны ўзбуджана крымінальная справа, яму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.
КОЛЬКІ ВАЎКА НІ КАРМІ…
Сваё вяртанне з лячэбна-працоўнага прафілакторыя жыхар Кубліч (1964 года нараджэння) вырашыў адзначыць з суседам за чарачкай-другой гарэлкі. Пасля таго, як гаспадар дома салодка заснуў, мужчына перагледзеў яго запасы і выкраў 400 тысяч рублёў. У адносінах “добрага” знаёмага пацярпелага ўзбуджана крымінальная справа, на гэты раз яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.
КУРЭЦ-ЭКСТРЭМАЛ
Ідучы ўвечары каля бара ў Ільюшыне, мясцовы жыхар (1990 года нараджэння) вырашыў праверыць надзейнасць аховы будынка: ударыў па акне – і яно “выпадкова” адчынілася… Малады чалавек вынес з памяшкання цыгарэт розных марак на агульную суму больш за тры мільёны рублёў.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *