С рюкзаком за плечами, с задором в душе

Cпорт

У кожнай школе ёсць настаўнікі, якія з’яўляюцца сімваламі навучальнай установы. У Ільюшынскай гэта Антаніна Аркадзьеўна Крывапушчанка – нязменны выкладчык фізічнай культуры і спорту, чалавек няўрымслівы і апантаны любімай справай. Здавалася, зусім нядаўна выпускніца прэстыжнай ВНУ – Беларускага інстытута фізічнай культуры – прыйшла на работу ў толькі што пабудаваную ў Ільюшыне школу, і нават не верыцца, што за плячыма ўжо больш трох дзясяткаў гадоў працоўнага стажу. А яшчэ – тысячы кіламетраў турыстычных маршрутаў: Крым, Карпаты, Каўказ, Урал, Валдайскае ўзвышша – усе гэтыя месцы Антаніна Аркадзьеўна пераадолела з рукзаком за плячыма. Не было і няма ў раёне больш знакамітага турыста, чым гэтая падцягнутая, энергічная жанчына з прыветлівым загарэлым тварам.

Зараз спартыўнае жыццё Ушаччыны проста немагчыма ўявіць без яе. Але ж па размеркаванні пасля інстытута Антаніна павінна была ехаць у Баранавічы, магла застацца і ў сталіцы, уладкаваўшыся ў фізкультурна-аздараўленчы комплекс – на той час быў попыт на такіх спецыялістаў. Ды толькі лёс распарадзіўся інакш: у родным Вашкове памёр бацька, і Тоня не раздумваючы паехала дамоў, каб падтрымаць маці – самага блізкага ў яе жыцці чалавека. Але ж, як цяпер сама лічыць, ідэальнай дачкой яна не была: вось і ў свае першыя “дарослыя” турпаходы адпраўлялася насуперак матчынай забароне. “Вядома ж, любая матуля наўрад ці спакойна адпусціць на некалькі дзён у лес юную дзяўчыну – а я ў той час была яшчэ школьніцай. Прыходзілася ўцякаць цішком, дачакаўшыся, пакуль яна пойдзе на работу,” – з сумнай усмешкай прыгадвае Антаніна Аркадзьеўна. А яшчэ называе людзей, якія паўплывалі на тое, што яе захапленні сталі прафесіяй: настаўнікаў Качаноўскай школы Анатоля Сцяпанавіча Дука і Мальвіну Паўлаўну Ткачонак, з якімі хадзіла ў першыя школьныя паходы, Эдуарда Фадзеевіча Багдановіча, які “падштурхнуў” да паступлення ў інстытут фізкультуры.
Зараз жа яна сама з’яўляецца тым кумірам, па прыкладзе якога вучні выбіраюць спорт справай жыцця. Так, прынамсі, зрабіла нядаўняя выпускніца Ільюшынскай школы Яна Цвяцінская, якая зараз вучыцца ў Наваполацку на факультэце фізічнага выхавання. Выступаюць за свае навучальныя ўстановы на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах Дзіна і Маша Міхейкі, на высокім узроўні гуляюць у валейбол Артур Кулянок, Ілья Крывапушчанка, Ігар Волах і многія іншыя выхаванцы Антаніны Аркадзьеўны, для якой, дарэчы, гэты від спорту з’яўляецца самым любімым (яна адзіны ў раёне кандыдат у майстры спорту па ім сярод жанчын), і натуральна, што менавіта з валейболам звязаны асноўныя поспехі вучняў Ільюшынскай школы.
Зрэшты, са з’яўленнем у аграгарадку яшчэ аднаго шчыра адданага спорту чалавека – Дзмітрыя Пятровіча Дразда, які зараз адказвае за спартыўна-масавую работу ў ААТ “Ільюшынскі”, а таксама вядзе ў школе спартыўныя гурткі, – мясцовыя хлопцы (і нават дзяўчаты) паспяхова асвойваюць футбол: на працягу апошніх гадоў яны пастаянна ўваходзяць у склад зборных каманд раёна. Не застаюцца ў баку і дарослыя: тры разы на тыдзень збіраюцца ў школе, каб пагуляць у валейбол ці футбол. Сярод самых актыўных спартсменаў сельгаспрадпрыемства – электрык Ілья Міхейка, намеснік дырэктара Андрэй Тарасевіч, які нядаўна прадстаўляў раён на абласным турзлёце.
Такім чынам, у Ільюшыне склаўся вельмі плённы тандэм трэнераў-аднадумцаў, і традыцыі, пачатак якім калісьці паклала Антаніна Аркадзьеўна, не перарываюцца. Вось і яе калега Дзмітрый Пятровіч не ўстаяў перад турыстычнымі прыгодамі. “Памятаю свае першыя спаборніцтвы па турызме, – усміхаецца ён і загадкава пераглядваецца з Антанінай Аркадзьеўнай. – Асабліва няпроста далося практыкаванне дзюльфер – хуткасны спуск з вышыні з дапамогай вяроўкі. Узабраўшыся на 15-мятровае дрэва над абрывам, я абхапіў рукамі сук і, здавалася, ніякая сіла не зможа мяне ад яго адарваць, але раптам знізу данёсся гучны вокліч маёй настаўніцы – і я нават не заўважыў, як ужо праз імгненне стаяў на зямлі – практыкаванне было з поспехам выканана!”
Падобных успамінаў у турыстаў шмат. Увогуле, гэта асаблівая каста, найбольшай жа павагай тут карыстаюцца тыя, хто пабываў у складаных паходах. Сярод “мэтраў” і Антаніна Аркадзьеўна, у “паслужным спісе” якой трэцяя катэгорыя складанасці. Не дзіўна, што ёй вядомыя ўсе турыстычныя сакрэты. Раскласці вогнішча з адной запалкі ў мокрым ад дажджу лесе? Лёгка! “На любой палянцы абавязкова знойдзецца елка, знізу якой можна знайсці сухую галінку,” – кажа наша гераіня. Заснуць пад акампанемент камарынага піску – не праблема, калі за дзень пакінуў на трасе столькі сіл. А яшчэ яна можа прыгатаваць у кацялку любую страву, аднак сцвярджае, што самы лепшы прысмак для турыста… хлеб. Менавіта аб свежым бохане мараць людзі, рукзакі якіх набіты кансервамі і сухарамі, менавіта яго купляюць першым чынам у трапіўшымся на дарозе сельпо…
Такія ўлюблёныя ў сваю справу людзі на вагу золата ў любой прафесіі, а тым больш у фізкультуры і спорце – сферы, дзе нельга выкладвацца напалову, працаваць у эканомным рэжыме.
Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *