9 мая в Ушачах

Общество

Гэтае свята для беларусаў самае ўзнёслае і шчымлівае – інакш і быць не можа для нацыі, якая паклала на алтар агульнай Перамогі непамерна вялікую ахвяру. На слаўнай баявымі подзвігамі Ушаччыне 9 Мая — святая дата для кожнага – вось і ў святочнай калоне, якая накіравалася ў гэты дзень да помніка загінуўшым воінам і партызанам, можна было ўбачыць і тых, каму ўжо пад 90, і тых, хто сустракае сваю першую ў жыцці вясну.

Калона рухалася нетаропка: галоўным героям гэтага свята хуткі тэмп ужо не пад сілу. Зусім нямнога засталося ў раёне тых, хто выкаваў нашу Перамогу. Днямі давялося ўбачыць адмысловы сшытак, які вядзе старшыня раённай ветэранскай арганізацыі У.М.Малаткавец. У ім – звесткі аб ветэранах Вялікай Айчыннай, якіх зараз у раёне засталося 63. Толькі з пачатку бягучага года насупраць некалькіх прозвішчаў у ім з’явіліся жалобныя паметкі… “Яшчэ некалькі гадоў, і гэты спіс стане гісторыяй,” – з несхаваным болем канстатуе Уладзімір Мікалаевіч.
Але ж сёння некаторыя байцы мінулай вайны па-ранейшаму ў страі. Знайшлі ў сабе сілы, каб прыйсці на свята, Іван Кірылавіч Падворны і Арсеній Кліменцьевіч Первянёнак, Васіль Маркіянавіч Клопаў і Аляксей Максімавіч Алексяёнак, Кацярына Кузьмінічна Шасцярэнь і Кацярына Мікалаеўна Васілеўская, Віктар Арцёмавіч Паршанка і Дзям’ян Уладзіміравіч Крупеня. Апошні, дарэчы, выступіў ад імя ветэранаў на мітынгу-рэквіеме на мемарыяльным комплексе “Прарыў”. Дзям’ян Уладзіміравіч адзначыў, што ў Беларусі як нідзе захоўваюць памяць аб тых гераічных падзеях, і падзякаваў за ўвагу і клопат, з якімі ў нашай краіне ставяцца да ветэранаў.
Аб гераічнай ролі нашых землякоў у здабыцці Перамогі расказаў у сваёй прамове на мітынгу старшыня райвыканкама А.А.Кавалёнак. Ён прыгадаў факт, што легендарны сяржант Міхаіл Ягораў, які ўзняў над рэйхстагам чырвоны сцяг, быў удзельнікам ушацкага прарыву.
Словы ўдзячнасці ад імя маладога пакалення адрасавала ветэранам старшы навуковы супрацоўнік музея народнай славы імя У.Е.Лабанка Аляксандра Свірковіч: “Вы далі нам магчымасць жыць пад мірным небам, нараджаць і выхоўваць дзяцей!”
Так, дыялектыку жыцця не перайначыш: на змену адышоўшым нараджаюцца новыя ўшачане, і вельмі важна, каб яны былі дастойнымі подзвігу сваіх продкаў. Адзін са значных элементаў выхавання – прывучэнне з маленства да ўшаноўвання нашых святынь. Вось і ў гэты раз нельга было без замілавання назіраць, з якім імпэтам цягнуліся маленькія ручкі з кветкамі да пліт з імёнамі загінуўшых воінаў, як дзяўчаткі закрывалі далонямі вушкі падчас гучных стрэлаў воінскага салюту, а хлопчыкі горда дэманстравалі татам і мамам здабытыя ў якасці “ваенных трафеяў” гільзы. “Заўсёды прыводжу на “Прарыў” сыноў, расказваю ім пра свайго дзеда, які загінуў у баях пад Арлом, бо, як і кожная маці, хачу, каб яны выраслі дастойнымі людзьмі, навучыліся цаніць мір і спакой,” – зазначыла ўшачанка А.В. Грышчанка. “Спецыяльна склалі маршрут нашага велапрабегу такім чынам, каб паўдзельнічаць у мітынгу на “Прарыве”, – расказалі студэнты з Наваполацка. І усё гэта дае ўпэўненасць у тым, што прозвішчы на мемарыяльных плітах і ў прыгаданым вышэй сшытку ніколі не будуць выкраслены з нашай памяці.
Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *