Наколькі старшыня абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Мікалаевіч Косінец ацэньвае ролю сродкаў масавай інфармацыі, можна лічыць па традыцыйным падвядзенні вынікаў абласнога конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі імя Францыска Скарыны і электронных на прэмію “Віцязь”. Менавіта з часу яго кіраўніцтва вобласцю быў заснаваны гэты конкурс, і як бы не быў заняты губернатар – ён знаходзіць час, каб павіншаваць з прафесійным святам журналістаў, асабіста ўручае лаўрэатам узнагароды і адказвае на любыя пытанні, нават калі прэс-канферэнцыя, як сёлета, не была запланаванай.
Што значыць стаць лаўрэатам прэміі Францыска Скарыны для нас, газетчыкаў? Каб зразумець, я прывяду словы Ніны Тулінавай – рэдактара газеты “Віцьбічы”, якая сёлета стала пераможцам і “Залатой літары” (вышэйшай у краіне творчай узнагароды журналістаў), і Францыска Скарыны сярод абласных, аб’яднаных і гарадскіх газет: “Гэтая ўзнагарода нават больш важкая для нас за “Залатую літару”, бо больш прыдзірліва вядзецца адбор, больш уважлівая ацэнка журы”. Так, выбар намінантаў для журы заўсёды вельмі складаны нават не з-за вялікай колькасці ўдзельнікаў, а перш за ўсё таму, што газеты Віцебшчыны трымаюць высокую планку, адпрацоўваюць адны і тыя дзяржаўныя праграмы, у многім падобныя. І не адзін раз перагарталі члены журы матэрыялы, каб вылучыць цікавыя праекты і лаўрэатаў, і тым больш, каб прызначыць першае месца. Улічвалася ж літаральна ўсё – і не толькі творчае напаўненне газеты, але і ўзровень самаакупляльнасці, удзел у іншых конкурсах – многае, многае.
І канечне мы, упершыню выстаўляючы на конкурс газету (у мінулым сталі пераможцамі ў намінацыі “Лепшы рэпартаж”), ніяк не спадзяваліся на першае месца. І вось у руках дыплом “Лепшая раённая газета” і важкая ў прамым і пераносным сэнсе слова статуэтка нашага земляка – першадрукара Скарыны. Журы адзначыла наступныя праекты “Патрыёта”: “Па вуліцах памяці”, “70 гадоў партызанскага руху”, “Пераемнасць”, “Неруш”, “Літаратурная скарбонка”, “Маладзёжная дошка гонару”, “Улада народная”, а таксама ўсебаковае асвятленне дзейнасці раёна, высокую шчыльнасць падпіскі (228 экзэмпляраў на тысячу насельніцтва). Другое месца сёлета атрымала газета Шумілінскага раёна “Герой працы” і трэцяе – Сенненскага “Голас Сенненшчыны”.
І гэта не ўсе нашы перамогі напярэдадні прафесійнага свята. “Патрыёт” стаў лаўрэатам (адзіным у вобласці) у рэспубліканскім конкурсе, які праводзіўся Міністэрствам унутраных спраў у намінацыі “За цеснае і плённае супрацоўніцтва”. Менавіта нашу “раёнку” прызналі лепшай у краіне (!) у плане актыўнага асвятлення дзейнасці супрацоўнікаў мясцовага райаддзела міліцыі, творчага падыходу ў рабоце па прававой асвеце грамадзян.
Упэўнены, што гэтыя навіны парадуюць і нашых чытачоў – асноўных натхняльнікаў, дарадчыкаў і самых прыдзірлівых цэнзараў. Дзякуй вам за лісты, званкі, падказкі і пытанні, ну а мы і надалей будзем працаваць для вас.
В.КАРАЛЕНКА.
Поздравляю!!! Очень приятно, что успехи редакции отмечены.