В Ушачском районе дан старт посевной кампании-2013

Сельское хозяйство

– Ну вось, нарэшце і прыступілі да сяўбы, выехалі на палеткі і з вамі сустрэліся зноў жа на мяккай узаранай зямельцы! – з пазітыўным настроем і вясёлай усмешкай выглядваючы з кабіны трактара, за якім прычэплены шасціметровы пасяўны агрэгат, зазначыў “Чалавек года Віцебшчыны-2012” Міхаіл Гардзіёнак.
І сапраўды, нарэшце пасяўной дадзены старт. Калі ў мінулым годзе прыступалі да сяўбы ў першай дэкадзе красавіка, то сёлета такая позняя вясна прымусіла пахвалявацца аграрыяў і сціснула тэрміны пасяўной кампаніі да мінімуму. Пастаўлена задача да 9 мая завяршыць работы, таму, каб паспець, трэба вельмі напружана папрацаваць. Толькі тыдзень таму на асобныя палеткі спрабавала зайсці тэхніка гаспадарак. Як заўсёды ў ліку першапраходцаў быў “Ушацкі райаграсэрвіс”, з яго вялікімі аб’ёмамі работ няма калі расслабляцца і чакаць ідэальнага надвор’я. Толькі зерневых неабходна пасеяць больш за 1200 гектараў, а яшчэ па 500 яравога рапсу і кукурузы.
Усю важнасць і сваю адказнасць за будучы хлеб разумеюць самі працаўнікі. Калі наш з вамі рабочы дзень пачынаецца ў 8 гадзін, то ў механізатараў намнога раней. Ужо ў 6 гадзін раніцы тэхніка поўным ходам гудзе на полі і раней 8 гадзін вечара ніхто нават і не думае вяртацца дадому, наадварот, многія працуюць да самай цемнаты, бо хварэюць за агульную справу, ды і не адмаўляюцца ад таго, што гэта яшчэ і дадатковы заробак. Канечне, нашы землі з узгоркамі, касагорамі, вымачкамі і мноствам камянёў не даюць магчымасці працаваць кругласутачна, як гэта робяць на Міншчыне і іншых абласцях. Напрыклад, землі “Райаграсэрвіса” на Мосаршчыне, дзе на гэтым тыдні ішла сяўба яравой пшаніцы, ніяк не аднясеш да роўных і бездакорных, хоць і высахлі яны раней, аднак тэхніка на іх не разгоніцца.
– А камянёў колькі, яны значна замаруджваюць працэс! – засмучана гаворыць Руслан Апёнак, коцячы вялікі камень на ўскраек поля, пакуль пасяўныя агрэгаты не патрабуюць загрузкі.
Не абыходзіцца, безумоўна, і без паломак. З дробнымі механізатары хутка спраўляюцца самастойна, а калі ж здараюцца больш сур’ёзныя, то на дапамогу прыходзіць спецыяльны тэхнічны атрад з ліку слесараў, зваршчыкаў, які створаны ў сельгаспрадпрыемстве, каб як мага хутчэй прадоўжыць работу. Сёння ўсе трактары задзейнічаны на розных работах – падрыхтоўцы глебы, унясенні мінеральных угнаенняў і непасрэдна на сяўбе. Не абдзелены ўвагай і азімыя, якія зараз падкормліваюцца “Дзвіной”. Да слова сказаць, яны ў сельгаспрадпрыемстве нядрэнна перанеслі зімоўку, выглядаюць добра, толькі месцамі ёсць нязначная іх гібель.
Пасяўная распачалася, і з кожным днём аграрыі ўсё больш уключаюцца ў гэтую важную работу і набіраюць тэмп. “Райаграсэрвіс” ужо пасеяў 279 гектараў яравых, як сцвярджаюць працаўнікі гаспадаркі, важны не толькі тэмп, але і якасць. У цэлым па раёне на ўчарашні дзень было засеяна 1300 гектараў, што складае 12,8 працэнта да плана.
В.КАМАРКОВА.
На здымках: Д.Шэўчанка і М.Гардзіёнак; П.Судак, Р.Апёнак, А.Лапо.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *