Западная Двина разбушевалась. Проявления паводка есть и на Ушаччине

Cлужба-101

На Заходняй Дзвіне адзначаецца самы вялікі за апошнія дзесяцігоддзі ўздым вады. Асабліва небяспечнае становішча склалася ў Верхнядзвінску, дзе рака з пачатку паводкі ўзнялася на 11 метраў і падтапіла каля двухсот жылых дамоў. У зоне падтаплення аказаліся яшчэ 10 раёнаў вобласці. Вада размыла частку дамбы на будаўнічай пляцоўцы Полацкай ГЭС. Ёсць праяўленні паводкі і на Ушаччыне – ля бліжэйшых да Заходняй Дзвіны населеных пунктаў Глыбачэнскага сельсавета. Аказаўся затопленым мост на дарозе паміж вёскамі Адэліна і Бадзяліна, а таксама дарога на Загаваліна. Трэба адзначыць, што гэтыя аб’екты не ўваходзяць у пералік небяспечных у плане падтаплення ўчасткаў, таму не падлягалі пастаяннаму маніторынгу. Надзвычайная сітуацыя склалася тут у выніку прарыву дамбы пад Полацкам. Аднак, як паведаміў намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Д.К.Лёля, ніводны населены пункт не аказаўся “адрэзаным”: пад’ехаць да Усвіцы і Двор Усвіцы можна з боку Глыбачкі, да Загаваліна – з боку Дубраўкі. Для ацэнкі сітуацыі на месца выязджалі прадстаўнікі раённага кіраўніцтва, дарожнікі вядуць работы па выпраўленні становішча. Умовы жыццядзейнасці ў населеных пунктах у цэлым не парушаны. У “пасіў” зацікаўленым службам можна занесці хіба той факт, што ў мінулую суботу да жыхароў Усвіцы і Двор Усвіцы не даехала аўтакрама – як патлумачылі ў райспажыўтаварыстве, вадзіцель не меў звестак аб затапленні мосту, а на тое, каб трапіць у населены пункт па аб’язной дарозе, не хапіла паліва. У сераду да жыхароў названых вёсак прадукты былі падвезены па аб’язным шляху. Змяніўшыеся ўмовы праезду ўлічваюцца пры складанні маршруту аўтакрам.
Па прагнозах спецыялістаў, у бліжэйшыя дні ўзровень вады на Заходняй Дзвіне пачне паступова паніжацца, а ападкі, якія чакаюцца на выхадных, істотнага ўплыву на развіццё паводкі не акажуць.
Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *