Не пустить огонь в лес

Cлужба-101 Калейдоскоп Экология

У веснавы перыяд больш 70 працэнтаў узгаранняў паблізу лясных масіваў з’яўляюцца вынікам выпальвання сухой расліннасці. Кожны год пажаранебяспечны сезон пачынаецца менавіта з сельгаспалаў, якія часта пераходзяць на лес.

У мінулым годзе ў лясах вобласці зафіксавана 23 выпадкі ўзгарання, у нашым раёне, на шчасце, пажараў у лясах і на тарфяніках не было.

Работнікі лясгаса актыўна рыхтуюцца да пажаранебяспечнага сезона. Для павышэння мабільнасці дзяржаўнай лясной аховы набыты новыя транспартныя сродкі, пажарныя каманды забяспечаны ўсім неабходным, у баявую гатоўнасць прыведзена спецыяльнае абсталяванне. У зонах масавага адпачынку абсталёўваюцца месцы для развядзення вогнішчаў, робяцца мінералізаваныя палосы для прадухілення распаўсюджвання агню.

У справе захавання нашага зялёнага багацця ад пажараў вельмі важна мець падтрымку насельніцтва. Калі вы заўважылі ў лесе ўзгаранне, пастарайцеся як мага хутчэй паведаміць аб гэтым у дзяржаўную лясную ахову: патэлефануйце ў лясніцтва ці лясгас па нумары 2-77-30.

І.АРДЫНСКІ, інжынер па ахове лесу ДЛГУ «Ушацкі лясгас».

Падпальванне сухой леташняй травы і пажніўных рэшткаў — злачынства супраць крохкага свету прыроды. Некаторыя людзі памылкова лічаць, што гэтыя дзеянні нават прыносяць пэўную карысць: «праграваюць» і ўгнойваюць  глебу, знішчаюць насенне пустазелля, стымулююць рост новай травы. Насамрэч веснавыя палы зніжаюць ўрадлівасць глебы, забруджваюць паветра вуглякіслым газам, абядняюць склад расліннасці, знішчаюць карысных насякомых, гняздоўі птушак, падчас моцнага пажару гінуць нават звяры. Пры спальванні травы ўздоўж дарог у паветра разам з дымам трапляюць солі цяжкіх металаў, у сельскай мясцовасці ў агні разам з травой згараюць рэшткі ўгнаенняў і ядахімікатаў, утвараючы лятучыя таксічныя злучэнні.

Закон Рэспублікі Беларусь «Аб раслінным свеце» забараняе выпальванне сухой расліннасці і яе рэшткаў на карані. За незаконнае іх выпальванне або за непрыняцце мер па ліквідаванні палаў на вінаватых асоб накладваецца штраф ад 10 да 40 базавых велічынь, а пры нанясенні ўрону ў буйным памеры прадугледжана крымінальная адказнасць.

І.ПАДГОЛ, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *