Когда старость приносит радость

Общество

Адзінота, пачуццё незапатрабаванасці, “букет” хвароб з’яўляюцца спадарожнікамі жыцця многіх пажылых людзей. Вось чаму кожны пражыты год, які набліжае нас да пенсійнага ўзросту, мы сустракаем без энтузіязму, разумеючы невясёлую перспектыву. Аднак старасць,  як і восеньская пара, бывае не толькі шэрай і маркотнай, але і напоўненай багатымі, яркімі фарбамі. Галоўнае – навучыцца браць ад кожнага пражытага дня толькі станоўчае і каб побач былі блізкія людзі, заўсёды гатовыя падтрымаць і дапамагчы. У гэтым упэўнены гераіні нашага аповеду. Няпростыя лёсы напаткалі іх, аднак у сваім шаноўным узросце жанчыны адчуваюць сябе камфортна: як у бытавым, так і ў духоўным сэнсе.

Алена Макараўна Бугай з Малых Долец заўсёды была зайздроснай працаўніцай, ладнай гаспадыняй і надзейнай сяброўкай. Аднак шчасця гэтыя “званні” не прыносілі. Калі ж у жыцці жанчыны з’явіўся Пётр Данілавіч Ціханёнак з чатырма дзецьмі ад першага шлюбу, яна адчула сябе па-сапраўднаму патрэбнай. Валянціна, Надзея, Генадзь і Вячаслаў, якім Алена Макараўна імкнулася замяніць іх памерлую маці, адчувалі яе непадробную любоў і пяшчоту – адразу ж пацягнуліся да жанчыны. Здавалася б, няродныя “крывінкі”, аднак менавіта яны сталі яе гонарам, галоўным сэнсам жыцця.

Хтосьці, напэўна, падумае, што ўзаемаадносіны паміж мачахай і няроднымі дзецьмі маглі трымацца толькі за кошт зносінаў прадстаўнікоў маладога пакалення з бацькам, – і тым самым памыліцца. Калі Пётр Данілавіч пайшоў з жыцця (дарэчы, не так даўно не стала і Вячаслава), сувязь паміж жанчынай і астатнімі дзецьмі толькі ўзмацнілася. Да сённяшніх дзён яны дзеляць пароўну радасці і беды, разам праводзяць вольны час, клапоцяцца адзін аб адным.

Сумаваць Алене Макараўне не прыходзіцца: разам з ёй жыве старэйшая Валянціна. Усю мужчынскую работу па гаспадарцы выконвае “малодшанькі” Генадзь, які жыве па-суседству, праведвае жанчын. Пражыванне на адлегласці ад Малых Дольцаў не з’яўляецца перашкодай для падтрымання цесных узаемаадносінаў з блізкімі для вялікадальчанкі Надзеі, якая стала апекуном Алены Макараўны. Вось так і жывуць, заўсёды разам, шчыра і дружна.

У дзень нашага разам з супрацоўнікамі сацыяльнай службы раёна візіту да А.М.Бугай дома якраз сабралася ўся сям’я. Гасцінна запрасіўшы нас у залу, самыя блізкія людзі для Алены Макараўны расказвалі аб надзённых справах, прыгадвалі некаторыя жыццёвыя выпадкі. Трэба было бачыць, з якім хваляваннем і любоўю абдымалі яны сваю другую матулю, з якім клопатам дапамагалі ўтульна ўладкавацца ў самым “ганаровым” месцы – у крэсле ля акна. “Шчыра кажучы, крыху зайздрошчу Макараўне, – прызналася яе суседка, што зайшла на хвілінку ў госці. – Вось я жыву адна, а ў яе заўсёды мнагалюдна, не даюць сумаваць. А, як вядома, самае страшнае для немаладога чалавека – адзінота”.

*      *      *

А вось Марыі Канстанцінаўне Клындзюк з Капылоўшчыны ў гэтым сэнсе пашчасціла менш: лёс не падарыў ёй дзетак, на схіле гадоў жанчына засталася адна. Калі ж да адзіноцтва дадаліся шматлікія праблемы са здароўем (акрамя таго, што ў М.К.Клындзюк ампутавана рука, дык яшчэ стала сур’ёзна падводзіць сэрца), пад грузам абставін зусім страціла прагу да жыцця – літаральна на вачах чахла ў сваёй адзінокай старой хатцы.

Па ініцыятыве сацыяльнай службы раёна Марыю Канстанцінаўну зімой 2011 года змясцілі ў Вялікадолецкую бальніцу сястрынскага догляду, дзе яе, як у той казцы, памылі, накармілі і спаць паклалі. Дарэчы, у першы дзень прабывання новая пацыентка так моцна заснула – амаль на двое сутак, што медыкі нават пачалі хвалявацца за яе здароўе. Як аказалася пазней, у гэткай цеплыні, чысціні і ўтульнасці жанчыне ўпершыню за апошнія гады ўдалося расслабіцца,  пагрузіцца ў стан поўнага спакою.

Той, хто ведаў М.К.Клындзюк да таго, як яна трапіла на сацыяльны ложак, і сустрэўся б з ёй зараз, напэўна, не пазнаў бы жанчыну. Дагледжаная, рухавая, бадзёрая. А падчас свайго 90-гадовага юбілею, які яна святкавала на мінулым тыдні з самымі блізкімі людзьмі – работнікамі і пацыентамі Вялікадолецкай бальніцы, Марыя Канстанцінаўна нават падфарбавала памадай вусны. І увогуле, падчас імпрэзы яна, як і падабае віноўніку свята, была самай вясёлай і гарэзлівай, увесь час спявала, прытанцоўвала пад акампанемент загадчыка аўтаклуба Пятра Алексяёнка, пільна сачыла за тым, каб усе госці весела бавілі час і абавязкова паспыталі смачны торт, спечаны ўшацкімі кандытарамі спецыяльна да юбілею. Прыемным сюрпрызам для жанчыны сталі кветкі і падарункі, уручаныя работнікамі раённай сацыяльнай службы і ўстановы аховы здароўя.

– Прыемна бачыць Марыю Канстанцінаўну такой вясёлай і шчаслівай, – расказвае ўрач бальніцы А.М. Крыштопенка. – Калі жанчына паступіла да нас, крыху сумавала, прасілася дадому. Аднак хутка абвыклася, знайшла агульную мову з пацыентамі і зараз не ўяўляе свайго жыцця іншым. Мы таксама стараемся рабіць усё для таго, каб ёй было камфортна ў нас.

*      *      *

Жыццё працягваецца, а Алена Макараўна Бугай і Марыя Канстанцінаўна Клындзюк штодня радуюцца яму, не зважаючы на старасць. І ўсё таму, што побач з імі знаходзяцца спагадлівыя, чулыя людзі, што дзяржава не пакідае без увагі і клопату ніводнага свайго грамадзяніна.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *