Конкурс талантов и красоты среди активисток БРСМ прошёл недавно в Ушачах

Наши дети Образование и молодежь Общество

Нядаўна Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі выбіраў самую прыгожую і таленавітую дзяўчыну сярод ушачанак. Згадзіцеся, што такіх у нас дастаткова, але не кожная асмеліцца выйсці на сцэну і паказаць не толькі сябе, але і свае творчыя здольнасці. Трэба адзначыць, што конкурс “Міс БРСМ” раённы камітэт маладзёжнай арганізацыі праводзіў упершыню і ў пачатку ажыццяўлення гэтай задумы арганізатары, зразумела, хваляваліся: як усё атрымаецца? Аднак актывісткі БРСМ (галоўнай умовай і пуцёўкай на ўдзел у конкурсе было членства ў арганізацыі) падтрымалі гэтую ідэю. Шэсць дзяўчат, усе яны вучаніцы школ раёна, вырашылі заявіць аб сабе і пазмагацца за званне “Міс БРСМ”. Часу на падрыхтоўку ў канкурсантак было нямнога, адны рыхтаваліся на працягу двух тыдняў, другім хапіла і ўсяго двух дзён.

Кожная з удзельніц прадставіла сваё партфоліа, расказала пра сваё імя ў конкурсе легенд “Хто я”, прадэфіліравала ў вячэрнім касцюме па сцэне. Самымі ж цікавымі аказаліся конкурсы талентаў і мадэлі будучага з нетрадыцыйных матэрыялаў. Першы пацвердзіў, што нашы дзяўчаты не толькі прыгожыя, а і вельмі таленавітыя. Так, Аляксандра Дрозд пакарыла ўсіх сваім чароўным голасам і прыгожай песняй, Кацярына Рацько і Вольга Фісенка паказалі сваё ўменне танцаваць, а Аляксандра Лях і Ганна Герцык выдатна сыгралі на піяніна, прычым Ганна не проста сыграла, а ператварыла сваё выступленне ў невялікую гісторыю, якая завяршылася вальсам.

Усю сваю фантазію праявілі канкурсанткі, калі рыхтавалі мадэлі з нетрадыцыйных матэрыялаў. Гэта і адзенне з пакетаў для смецця ў самых розных інтэрпрэтацыях, і сукенкі з глянцавых часопісаў, поліэтыленавай плёнкі. У ход пайшлі нават абгорткі ад цукерак!

У зале РДК, дзе разгарнулася гэтае дзейства, удзельніц падбадзёрвалі гледачы, у некаторых былі цэлыя групы падтрымкі, што, безумоўна, дадавала ім смеласці і ўпэўненасці. Але ў конкурсе заўсёды трэба выбраць пераможцу.

– Усе дзяўчаты малайцы, такія ініцыятыўныя, творчыя, прыгожыя, прайграўшых сёння няма! – адзначыла першы сакратар райкама БРСМ Вольга Шчэрбік, падводзячы вынікі конкурсу.

Сапраўды, ніхто не застаўся без узнагарод. Анастасія Алексяёнак з Арэхаўскай школы атрымала званне “Міс зачараванне”, Вольга Фісенка з Вяркудскай – “Міс глядацкіх сімпатый”, Кацярына Рацько з Ільюшынскай – “Міс элегантнасць”. Тройка пераможцаў размеркавалася наступным чынам: трэцяе месца прысуджана Аляксандры Лях з Глыбачанскай школы, другой стала Аляксандра Дрозд з Плінскай, ну а абсалютная перамога ў гэты дзень засталася за Ганнай Герцык з Ушацкай школы. Усе ўдзельніцы атрымалі дыпломы і падарункі ад РК БРСМ.

В.КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *