29-гадовы ўраджэнец Віцебска, кіруючы ў 2006 годзе аўтамабілем “Таёта Карына”, стаў віноўнікам дарожна-транспартнага здарэння, у выніку якога загінула дзве дзяўчыны-пасажыркі. Імкнучыся пазбегнуць пакарання і схавацца ад органаў следства, малады чалавек выехаў у Ізраіль, дзе, як кажуць, “залёг на дно”. У канцы 2012 года яго ўсё ж затрымалі і экстрадзіравалі ў Беларусь. У пачатку 2013-га віноўніка трагічнага здарэння прыгаварылі да 4 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі, а таксама пазбаўлення вадзіцельскіх правоў на 5 гадоў.
Прыгадваюцца словы героя фільма «Месца сустрэчы змяніць нельга» Глеба Жэглова: «Злодзей павінен сядзець у турме». Хавацца ад правасуддзя бессэнсоўна, віноўнікі любога правапарушэння панясуць за здзейсненае заслужанае пакаранне. Трэба таксама памятаць, што ў выпадку, калі вадзіцель застаецца на месцы здарэння, да яго прымяняюцца больш мяккія санкцыі. Калі ж ён уцёк з месца аварыі, у адносінах яго можа быць прыменены 159 артыкул Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (пакіданне ў небяспецы), які прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў.
А.ЛІСОЎСКІ, старшы дзяржаўтаінспектар ДАІ.