Заготавливайте берёзовый сок правильно!

Экология

Бярозавы сок — смачны і карысны напой. Збіраюць яго з моманту набухання пупышак да іх распускання. Нарыхтоўваць сок можна толькі ў прызначаных для высечкі перастойных і спелых лясах. Пры гэтым трэба захоўваць тэхналогію і правілы нарыхтоўкі. Так, дыяметр ствала дрэва павінен быць не менш 20 см. Адтуліны лепш рабіць з паўднёвага боку, а іх колькасць не павінна перавышаць 4, дыяметр адтуліны — 1 см, глыбіня — 2-3 см без уліку кары. Ёмістасць для збору трэба мяняць 2-3 разы ў суткі. Пасля заканчэння збору адтуліны трэба закрыць драўлянай пробкай і замазаць садовым варам або глінай з вапнай.
Трэба таксама мець на ўвазе, што за нарыхтоўку соку на асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях, а таксама за парушэнне тэхналогіі нарыхтоўкі або збор соку на ўчастках, дзе нарыхтоўка не дазволена, грамадзяне заплацяць штраф у памеры да 20 базавых велічынь, прадпрымальнікі — да 100, а юрыдычныя асобы — да 500 базавых велічынь.
У кожным лясніцтве вызначаны ўчасткі для нарыхтоўкі соку грамадзянамі. Жыхары раёна могуць звярнуцца ў бліжэйшае лясніцтва, спецыялісты якога ўкажуць ім участкі, правядуць інструктаж і пракантралююць тэхналогію падсочкі. Як заўсёды, ва ўсіх лясніцтвах за невялікую плату можна набыць ужо нарыхтаваны бярозавы сок.
Інфармацыю па пытаннях нарыхтоўкі можна атрымаць ва Ушацкім лясгасе па тэлефонах 2-77-30, 2-29-98 або ў лясніцтвах.
І.АРДЫНСКІ, інжынер па ахове лесу ДЛГУ «Ушацкі лясгас».



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *