Виктория Качко вновь подтвердила высокий класс своих знаний и стала призёром республиканской олимпиады по белорусскому языку и литературе

Наши дети

Дамовіцца з гераіняй аповеду аб сустрэчы, па праўдзе сказаць, спадзявалася праз папулярныя апошнім часам, асабліва сярод моладзі, сацыяльныя сеткі. Не атрымалася: інтэрнэт-рэсурс упарта паказваў, што адзінаццацікласніца Ушацкай школы Вікторыя Качко даўно не наведвала сваю старонку. Як пазней патлумачыла сама дзяўчына, марнае баўленне часу ў інтэрнэт –прасторы для яе – недаравальная раскоша.

Здавалася б, якраз цяпер, пасля заканчэння рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, на якой Віка атрымала дыплом ІІІ ступені, можна адпачыць, набрацца сіл. Аднак дзяўчына не прывыкла сядзець на месцы – адразу ж з галавой кінулася ў насычанае школьнае жыццё.
Сваёй упэўненай перамогай на абласным этапе алімпіяды Вікторыя зарабіла сабе не толькі “дзясяткі” па беларускай мове і літаратуры ў атэстат аб сярэдняй адукацыі, але і 100-бальны сертыфікат цэнтралізаванага тэсціравання. Удзел у “рэспубліцы” ёй па-сутнасці нічога не даваў: калі б збіралася паступаць у вышэйшую навучальную ўстанову на спецыяльнасць філалагічнага профілю, то перамога дазволіла б стаць студэнткай без уступных экзаменаў, аднак Віка яшчэ ў сёмым класе вызначылася з будучай прафесіяй – марыць паступіць у Віцебскі медыцынскі ўніверсітэт, стаць фармацэўтам. А таму ёй як і ўсім давядзецца здаваць ЦТ па профільных хіміі і біялогіі, якія зараз і штурмуе. Аднак і аб удзеле ў алімпіядзе не шкадуе.
– Любыя спаборніцтвы – гэта заўсёды новая інфармацыя, знаёмствы, вопыт, уражанні, – падзялілася дзяўчына. – Дагэтуль ніколі не была ў Брэсце, а таму, калі яшчэ напярэдадні абласнога этапу алімпіяды даведалася, што “рэспубліка” будзе праводзіцца менавіта ў гэтым горадзе, вырашыла для сябе, што ў любым выпадку павінна туды трапіць. Ды і не магла паступіць інакш: за плячыма значная падрыхтоўчая работа, падтрымка настаўніцы Веры Васільеўны Спірчонак, маіх бацькоў і сяброў.
Той, хто думае, што ўдзел у алімпіядзе – справа не надта складаная і хвалюючая, глыбока памыляецца. Уявіце сабе: сёлета на “вобласці” школьнікам неабходна было перакласці на беларускую мову ўрывак са стараславянскага (!) тэксту. Шчыра кажучы, асабіста я хоць і вывучала на працягу некалькіх гадоў стараславянскую мову, не ўпэўнена, што лёгка справілася б з такім заданнем. А што ўжо казаць пра адзінаццацікласнікаў, якія дагэтуль у вочы не бачылі падобных тэкстаў? Не так проста было амаль экспромтам выступіць перад членамі суровага журы з вусным выказваннем: “Што значыць быць інтэлігентным?”. Без грунтоўных ведаў, лагічнага мыслення, творчага падыходу і нават інтуіцыі справіцца з падобнымі заданнямі немагчыма. Віка ж, якая прымала ўдзел у алімпіядзе такога ўзроўню не ў першы раз, адолела большасць з іх.
Убачыўшы напярэдадні закрыцця алімпіяды насупраць свайго прозвішча лічбу 75,5 працэнта, дзяўчына крыху засумавала: была ўпэўнена, што гэтага будзе недастаткова для дыплома і нават для Ліста падзякі. І тым больш яркімі былі эмоцыі Вікторыі, калі падчас падвядзення вынікаў яе запрасілі на сцэну для ўзнагароджання.
Вядома, не кожны здольны займацца некалькімі справамі адначасова, тым больш робячы гэта добрасумленна і якасна. А вось Віка Качко адносіцца якраз да гэтай катэгорыі людзей. Вывучаючы родную мову і літаратуру на паглыбленым узроўні, дзяўчына не забывалася і пра астатнія прадметы – за ІІІ чвэрць сярэдні бал яе паспяховасці склаў 9,2. Вось і зараз Віка не расслабляецца ні на хвіліну – актыўна штурмуе школьную праграму, рыхтуецца да выпускных экзаменаў і здачы цэнтралізаванага тэсціравання. Хочацца спадзявацца, што такі здольны і мэтанакіраваны чалавек дасягне значных вышынь, паступіць у абраную навучальную ўстанову і будзе дарыць людзям здароўе і радасць!
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.
На здымку: Віка Качко ў прысутнасці сваёй настаўніцы В.В.Спірчонак атрымлівае з рук старшыні Ушацкага райвыканкама А.А.Кавалёнка грашовую прэмію з фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы таленавітай моладзі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *