Як падоўжыць навагоднія святы? Арыгінальны адказ на гэтае хвалюючае многіх пытанне знайшлі паўтара дзясятка гадоў назад жыхары райцэнтра Марына і Аляксандр Макрыдзіны: яны назначылі дзень свайго вяселля на 3 студзеня. З той пары муж і жонка атрымліваюць у пачатку кожнага года ўдвая больш віншаванняў і прэзентаў. Але галоўныя падарункі для бацькоў — гэта, канечне, дзеці: а іх у сям’і трое. Старэйшы сын Ілья ўжо паспеў скончыць дзіцячую музычную школу па класе фартэпіяна. Другакласніца Насця — разумніца і прыгажуня — а як да твару ёй цудоўныя сукенкі, якія спецыяльна для дачушкі прыдумвае і шые мама! Самы малодшы ў сям’і — гарэза-Мацвейка, заўзяты камп’ютаршчык і пачынаючы дзюдаіст, таму крыўдзіць яго — сабе даражэй будзе!
Вось якія грозныя сапернікі процістаялі на раённым конкурсе «Мая мнагадзетная сям’я» яшчэ адным яго ўдзельнікам — сям’і Молакавых-Жарнасекаў з Вашкова. Зрэшты Ірына Анатольеўна і Васіль Аркадзьевіч — і самі не з баязлівага дзясятка: трымаліся яны на сцэне ўпэўнена і артыстычна. А малодшы сынок Юра дасціпна выклаў схему сямейных адносін на прыкладзе сваёй далонькі: «Вялікі пальчык — тата, указальны — мама, а тры астатнія — сястрычка Анжэла, брацік Арцём і я».
Адным словам, перад журы стаяла няпростая задача — вызначыць, якое з двух сямействаў больш дастойна перамогі. У конкурсе сацыяльнай рэкламы свае прафесійныя здольнасці спаўна праявіла Марына Пятроўна, якая загадвае раённай кінавідэасеткай: прадстаўлены на суд гледачоў відэаролік сям’і Макрыдзіных быў пранікнёным і высокамастацкім: «Дазволь сваім дзецям нарадзіцца і стаць тваёй сям’ёй. Не стаў на іх кропку…» — гэтыя словы з фільма знайшлі водгук у сэрцы кожнага прысутнага і, магчыма, прымусілі задумацца тых, хто вагаецца наконт перспектыў пашырэння сваёй сям’і…
А вось конкурс кулінарнага майстэрства стаў зорным часам для Молакавых-Жарнасекаў, што і нядзіўна, бо Ірына Анатольеўна працуе поварам у санаторыі «Лясныя азёры», а ў гэтай установе справай харчавання займаюцца толькі найлепшыя прафесіяналы. Пераканацца ў гэтым давялося і гледачам, і асабліва членам журы, на стол да якіх былі пастаўлены блюды з фаршыраваным шчупаком і фешэнебельным тортам — падобнага хараства не ўбачыш нават на старонках кулінарных альбомаў. Дарэчы, «героя» першай стравы вылавіў сам гаспадар сямейства: Васіль Аркадзьевіч, які працуе ў санаторыі слесарам-сантэхнікам, вольны час прысвячае рыбалцы. Прыклалі руку да прыгатавання страў і дзеці: «Увесь вечар торт упрыгожвалі. Вось гэтыя ружачкі я зрабіла!» — не прамінула пахваліцца Анжэла. Сёлета дзяўчына заканчвае Ільюшынскую школу і, безумоўна, набытыя ў сям’і гаспадарчыя навыкі хутка спатрэбяцца ў будучым самастойным жыцці і ёй, і на год маладзейшаму Арцёму.
Увогуле ж, усё дзеці, якія выходзілі ў гэты дзень на сцэну, пакінулі вельмі прыемнае ўражанне: артыстычныя, самастойныя, надзвычай дружныя і згуртаваныя — усе гэтыя якасці лепш выхоўваюцца менавіта ў вялікай сям’і. І нельга не пагадзіцца са словамі намесніка старшыні райвыканкама В.І.Карчэўскай, якая ўзначальвала журы: «Сям’я — гэта тая маленькая і адначасна вялікая апора, на якой трымаецца свет. І вельмі прыемна, што ў нашым раёне сёння раскрыліся дзве зорныя сям’і».
Перамогу ж мінімальнай перавагай атрымала сям’я Макрыдзіных, якая і прадставіць раён на абласным конкурсе.
Н.БАГДАНОВІЧ.