Берегите своё сердце! 14 апреля — день профилактики сердечно-сосудистых заболеваний

Здравоохранение

Згодна з данымі Белстата, на першым месцы сярод прычын смяротнасці беларусаў – хваробы сэрца. І хаця медыкі дасягнулі значных поспехаў у кардыялогіі, навучыліся праводзіць сур’ёзныя аперацыі, але асноўнае па-ранейшаму залежыць ад саміх людзей. Галоўны шлях зніжэння смяротнасці ад сардэчна-сасудзістых захворванняў, затрат на лячэнне – прафілактыка. Аб гэтым наша гутарка з урачом-кардыёлагам Ушацкай ЦРБ Алай Мікалаеўнай КРЫШТОПЕНКАЙ:

– Найбольш распаўсюджанымі сардэчна-сасудзістымі захворваннямі з’яўляюцца ішэмічная хвароба сэрца і артэрыяльная гіпертэнзія. Сярод дарослага насельніцтва апошняя выяўляецца ў кожнага чацвёртага чалавека, а ва ўзроставай групе пасля 60 гадоў – у кожнага другога.
Калі гаварыць пра сімптомы, то адным з важнейшых з’яўляюцца болі ў вобласці сэрца, якія носяць, у залежнасці ад захворвання, розны характар. Болі за грудзінай ці крыху лявей, якія аддаюць у левую лапатку ці левую руку, шыю (пры стэнакардыі), часта з’яўляюцца пры фізічнай напружанасці, могуць быць інтэнсіўнымі і доўгімі (інфаркт міякарда), іншы раз узнікаюць пры фізічнай нагрузцы ці эмацыянальным напружанні (ішэмічная хвароба сэрца). Часта сустракаецца такі сімптом, як адышка. Пры цяжкай сардэчнай недастатковасці ў хворых узнікаюць ацёкі на нагах. Звяртае на сябе ўвагу і колер скуры: фіялетава-чырвоныя шчокі, сінюшныя вусны. Сярод іншых сімптомаў – аняменне твару, рук ці ног, чалавеку становіцца цяжка гаварыць, парушаецца зрокавае ўспрыманне, паходка, пачынаецца галавакружэнне, губляюцца раўнавага і каардынацыя, моцна баліць галава. У любым выпадку пры з’яўленні праблем, звязаных з органамі сардэчна-сасудзістай сістэмы, неабходна адразу звяртацца да ўрача, а не займацца самалячэннем, народнай медыцынай. Апошняя, безумоўна, можа дапамагчы, але як дапаўненне да медыкаментознай тэрапіі.
Калі гаварыць пра прафілактыку, то хочацца ўзгадаць фразу: “Разумны гоніцца не за тым, што прыемна, а за тым, што пазбавіць яго ад непрыемнасцей”. Трэба адмовіцца ад курэння, знізіць ужыванне спіртнога, нармалізаваць вагу цела, больш займацца ўмеранай фізічнай работай, сачыць за рацыёнам харчавання (менш ужываць солі, больш прадуктаў, якія ўтрымліваюць калій, і, канечне, не забываць пра агародніну, садавіну, рыбу і іншыя морапрадукты). Хачу дадаць, што для прафілактыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў лепш за ўсё падыходзяць хуткая хадзьба, бег трусцой, язда на веласіпедзе, плаванне, катанне на лыжах. Падабраць аптымальную для вас праграму дапаможа ўрач. Захоўваючы гэтыя меры прафілактыкі, можна пазбегнуць ці своечасова выявіць паталогію сардэчна-сасудзістай сістэмы.
Падрыхтавала К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *