Чтоб радовались и птицы, и люди в Ушачах делает скворечники Фёдор Романович Пацейко

Экономика и малый бизнес

Амаль кожны год да прылёту шпакоў майструю для птушак домікі. Колькі? А калі як. Цяпер вось зрабіў шэсць і размеркаваў сябрам і знаёмым. Няхай людзі замацуюць вышэй, каб каты не турбавалі, і радуюцца спевам веснавых птушак.
У сакавіку мінулага года прыладзіў шпакоўню на сядзібе Вольгі Аляксандраўны Ануй, можна сказаць у памяць мужа, Сцяпана Пятровіча (у мінулым настаўніка музыкі і спеваў Ушацкай сярэдняй школы). На ўсё жыццё ў памяці песня: “Скворцы прилетели, скворцы прилетели, на крыльях весну принесли”, што развучвалі з ім на ўроку. І менавіта С.Ануй дапамог мне зрабіць першыя крокі ў вучобе ігры на баяне. Музычнай школы ў той час не было, а ў будынку сучаснай размяшчаўся райкам партыі.
Але азірнёмся ў пяцідзясятыя гады ўжо мінулага стагоддзя. Дзяцінства праходзіла ва Ушачы па вуліцы Далецкай (цяпер Кастрычніцкая), побач з прамкамбінатам. У той час на прадпрыемстве выраблялі шафы, табурэткі, рамы і г.д. Гэта ж былі лічы пасляваенныя гады. Вялікім попытам карысталася дошчачка для дахаў, якую на станку пілаваў наш знакаміты ветэран Вялікай Айчыннай вайны Аніс Клопаў. Працаваў там жа і мой бацька. Прыбяжыш да яго на работу, а там гарэзлівыя дзядзькі-сталяры – Антон Касцюковіч, Валодзя Жарчанка і іншыя. Дадуць абрэзкаў дошак і цвікоў – майструй што-небудзь. Дарэчы, У.Жарчанка, як папросіш, так спрытна маляваў алоўкам на фанеры каня, ну як той мастак, не адрываючы алоўка. І, канечне ж, з абрэзкаў вясной майстравалі сабе шпакоўні. Глядзіш, і ў мяне нешта атрымлівалася, бо шпакі сяліліся. Спрабавалі зрабіць трохпавярховы, толькі птушкі не жылі. Відаць, камунальнае жыллё іх палохала.
Дарэчы, па заканчэнні Ушацкай СШ я атрымаў першае ў жыцці пасведчанне аб вытворчым навучанні і прысваенні кваліфікацыі “сталяр”, выдадзенае кваліфікацыйнай камісіяй Ушацкага прамкамбіната.
І праўду кажуць: “Што ўмееш, за плячыма не носіш”. У час тэрміновай службы быў накіраваны ў “вучэбку” ў Ноўгарад у школу малодшых авіяспецыялістаў. Вывучаў тэлеграф і радыёсправу. Вясной 70-га года перад заканчэннем звяртаецца старшына роты: “А лодку хто рабіць з вас умее?”. “Зробім”, – адазваліся мы з аднапалчаніным з Архангельскай вобласці. Лодку я з бацькам рабіў, і ён таксама. Сказалі начальству, што трэба з матэрыялаў, і за выхадны лодка была гатова. Рэч для рыбалкі для афіцэраў і сяржантаў (сверхсрочников) патрэбная. Побач рака цячэ, а лодак, як цяпер гумавых, пластыкавых і іншых тады па-мойму не было.
Спрацаваў чалавечы фактар. Паколькі лодка спадабалася, перад размеркаваннем у вайсковыя часці нам з сябрам прапанавалі выбар – Смаленск ці Сімферопаль. Мы ж ведалі, што Сімферопаль – гэта цёпла. Туды і паехаў саслужывец пагрэцца, а мне хацелася бліжэй да дому. Аказалася, што ў Смаленску і Мінску базіравалася дальняя авіяцыя. І вось я ў гарнізоне пад Мінскам, у Мачулішчах.
Прывычка змалку ладзіць нешта з дрэва засталася на ўсё жыццё. І тым, хто збіраецца нешта будаваць, раю – зрабіце шпакоўню для птушак, прыбіральню з дрэва, якую таксама ў народзе завуць “шпакоўняй”. Як будзе вынік, значыць і паняцце – можна распачынаць будоўлю. Канечне, цяпер іншыя часы і будавацца за грошы зусім іншая справа, а ўсё роўна паняцце не пашкодзіць.
Што ж, чакаем шпакоў. Вясна нідзе не дзенецца, прыйдзе. Тым больш 4 красавіка ў Пралетарыі на гняздзе паблізу былой канторы саўгаса “Ушацкі” бачылі бусла. Як ні дзіўна, прыляцеў нават раней Благавешчання.
З успамінаў нашага знакамітага земляка Рыгора Барадуліна даведаўся, што ў юнацкія гады паэт змайстраваў шпакоўню і замацаваў на дрэве каля брамкі мамінай хаты. Мінулай восенню я пацікавіўся – сапраўды высока на дрэве трымалася шпакоўня. Відаць галлё і лісце зберагаюць птушыны домік ад разбурэння, а шпакоўня вісіць на радасць шпакам і людзям.
Ф.ПАЦЭЙКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *