Сохранить память для потомков. В Ушачском районе стартовала благотворительная акция по сбору средств на реконструкцию, ремонт памятников и обелисков

В общественных организациях

Сёлета спаўняецца 70 гадоў з дня стварэння Ушацкай партызанскай зоны, у 2014-м – 70 гадоў з дня вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у 2015-м – 70 гадоў Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. У перыяд падрыхтоўкі і святкавання гэтых знамянальных дат асаблівую актуальнасць набываюць пытанні рамонту помнікаў і абеліскаў, увекавечання імёнаў ахвяр фашызму. Аб тым, якія мерапрыемствы запланаваны ў раёне з гэтай нагоды, а таксама аб магчымасці ўшачан прыняць удзел у агульнай дабрачыннай справе наша гутарка са старшынёй раённага аддзялення Фонду міру Таццянай Міхайлаўнай МАЛАК:

– Аб’яднаны пленум Віцебскага абласнога савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, абласнога камітэта БРСМ, Віцебскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру прыняў зварот да ўсіх жыхароў Віцебскай вобласці. Той, хто хоча ўнесці свой пасільны ўклад у захаванне памяці аб трагічных ваенных падзеях і іх ахвярах, можа гэта зрабіць, пералічыўшы грашовыя сродкі на разліковы рахунак 3015411066013 ААТ “Белінвестбанк” па Віцебскай вобласці, код 153001739 УНП 300126737 ОКПО 0583697. Любая падтрымка – вельмі патрэбная. Хацелася б толькі папрасіць ушачан рабіць узносы з 1 красавіка па 1 мая ў рамках раённай акцыі “Ветэраны і пенсіянеры раёна – фонду міру”.
– Раскажыце, калі ласка, на што будуць патрачаны сабраныя грашовыя сродкі.
– Яны пойдуць на рэалізацыю раённага праекта “Ты погиб на войне – мы храним твою память”. У яго рамках запланаваны выпуск буклета-праспекта музейнага комплексу Ушаччыны, а таксама шэраг мерапрыемстваў па ўвекавечанні памяці ахвяр фашызму. Трэба, напрыклад, захаваць імёны мірных жыхароў Усаі, па-зверску расстраляных нямецкімі акупантамі ноччу з 6 на 7 студзеня 1943 года. Магілу масавага пахавання, што знаходзіцца на грамадзянскіх могілках у названым населеным пункце, плануецца ўнесці ў дзяржаўны спіс пахаванняў ахвяр фашызму.
– Ці ёсць у раёне факты ваенных падзей, якія патрабуюць удакладнення, а ў выніку – увекавечання?
– Так, устаноўлены факт гібелі дзвюх жанчын з вёскі Дубінец, якія аказвалі дапамогу партызанам. Ёсць звесткі, што пасля арышту іх публічна пакаралі смерцю праз павешанне з забаронай далейшага пахавання. Вядома, што двое хлопцаў (іх імёны ўстанаўліваюцца) ноччу знялі целы жанчын і пахавалі на могілках. На сённяшні дзень візуальна абазначана месца пахавання, вядзецца пошук сведкаў гэтай трагедыі. І такіх безыменных магіл, на жаль, хапае.
– Мы пісалі пра тое, як грамадзяне з Санкт-Пецярбурга шукалі на Ушаччыне месца пахавання сваіх родных з некалі існаваўшай вёскі Новае Жыццё, расстраляных гітлераўцамі ў маі 1944-га…
– Сапраўды, у ходзе карнай аперацыі ў Полацка-Лепельскай партызанскай зоне атрад гітлераўцаў прачосваў лес, балота паміж вёскамі Васілевічы і Двор Павулле, забіваў партызан і мірных жыхароў, што шукалі там сховішча. Так было расстраляна 9 нашых суайчыннікаў, якіх пахавалі ў агульнай магіле. Гэтае месца ў балоце людзі і зараз называюць “там, дзе немцы людзей пабілі”. Знайсці магілу можа далёка не кожны. Канечне, у даным выпадку эксгумацыя і перапахаванне непазбежныя.
– Таццяна Міхайлаўна, наколькі ахвотна падтрымліваюць ушачане традыцыі міласэрнасці і дабрачыннасці, ахвяруючы штогод грашовыя сродкі ў Фонд міру?
– Па суме ахвяраванняў Ушаччына традыцыйна займае перадавыя пазіцыі на абласным і рэспубліканскім узроўнях. Вось і летась з паказчыкам 22 мільёны рублёў (па 1,5 тысячы на кожнага жыхара) на вобласці мы сталі трэцімі, крыху саступіўшы толькі Полацкаму і Глыбоцкаму раёнам. Хочацца асабліва адзначыць уклад пенсіянераў – імі было ахвяравана 7 мільёнаў, а таксама некаторых працоўных калектываў: райгаза, раённага аддзела адукацыі, прамкамбіната, райаддзела ўнутраных спраў, сельгаспрадпрыемстваў Ушаччыны. Значную падтрымку аказалі Глыбацкая ветэранская арганізацыя (старшыня – Кулага І.С.), а таксама ветэранскія арганізацыі Ушацкага лясгаса (Фамін В.С.), раённага аддзела ўнутраных спраў (Шкіндзер У.У.) і цэнтральнай райбальніцы (Шарыпенка Л.М.). Актыўна дапамагалі ў зборы ахвяраванняў, самі пералічылі ў Фонд міру важкія грашовыя сумы А.З.Кучко (старшыня Дубраўскай ветэранскай арганізацыі), Т.І.Макрыдзіна (Жарскай), Т.В.Аўтух (Ільюшынскай), Г.І.Марковіч (Старасельскай) і інш.
– На што былі патрачаны сабраныя грашовыя сродкі?
– 3,8 мільёна рублёў пайшло на выраб мемарыяльнага знака камандзіру партызанскай брыгады “Дубава” Ф.Ф.Дуброўскаму, што была ўстаноўлена на радзіме героя – у вёсцы Замошша. Актывісты здачы ўзносаў, а таксама дзеці з прыёмных і апякунскіх сямей разам са сваімі законнымі прадстаўнікамі, членамі клуба “Сям’я і школа”, што дзейнічае пры Ушацкай школе, пабывалі ў абласным цэнтры, трапілі на канцэрты ў рамках фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”. 1,5 мільёна пералічана на будаўніцтва Музея Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. Частка грошай патрачана на правядзенне акцыі “Нашы дзеці” для дзяцей-інвалідаў, тых, хто знаходзіцца ў дзіцячым сацыяльным прытулку, малышоў з мнагадзетных сямей. Не засталіся без падарункаў напярэдадні навагодніх святаў і пацыенты сацыяльных палат. Ну і, безумоўна, не забываемся мы пра нашых ветэранаў і актывістаў – да святаў яны па добрай традыцыі атрымліваюць віншавальныя паштоўкі.
Спадзяюся, што і сёлета мы актыўна падтрымаем зварот аб’яднанага пленума, папоўнім Фонд міру, а ў выніку – выкарыстаем сабраныя сродкі на рамонт помнікаў, абеліскаў і увекавечанне імёнаў ахвяр фашызму.
Падрыхтавала К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *