Чтобы не пришла вода на порог, или Что нужно делать, чтобы не стать жертвой поводки

Общество

Чаго чакаць ад сёлетняй вясны, калі пачнецца актыўнае раставанне снегу? Канечне, сітуацыя адрозніваецца ад папярэдніх гадоў: толькі за апошнюю дэкаду сакавіка ў краіне выпала больш трох дэкадных норм снегу, яго вышыня з запасам вады на палявых участках у пойме Заходняй Дзвіны складае 73-176 міліметраў, што больш нормы на апорных пунктах на 80-110 працэнтаў. Запас снегу на тэрыторыі басейна Заходняй Дзвіны і Дняпра перавышае шматгадовы максімум на 30-50 працэнтаў. І хоць па вобласці назіраецца невялікае прамярзанне глебы (да 20 сантыметраў), месцамі на тэрыторыі паўночных і ўсходніх раёнаў яно даходзіць да 75, што будзе перашкаджаць хуткаму зыходу вады.
Безумоўна, усё будзе залежыць ад таго, актыўна ці павольна пачнецца раставанне снегу. Аднак на міласць надвор’я ніхто не разлічвае. І менавіта гатоўнасці галіновых і тэрытарыяльных падсістэм Дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый да рэагавання на негатыўныя вынікі паводкі прысвячалася апошняе пасяджэнне Камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Савеце Міністраў.
Ва Ушацкім раёне, як і па ўсіх у вобласці, арганізавана работа штаба, аналізуецца сітуацыя па даных гідраметцэнтра, з дарожнымі службамі ўдакладнены спіс дарог, якія могуць быць разбураны падчас паводкі, і вядзецца маніторынг іх стану, а таксама работы па адкрыцці водапрапускных труб, сколцы лёду ля мастовых апор, райспажыўтаварыствам створаны неабходныя рэзервы прадуктаў і тавараў, і ў выніку падтаплення бесперабойнае забеспячэнне імі будзе ажыццяўляцца з дапамогай аўтакрам, створаны рэзерв медыкаментаў і дэзінфекцыйнага матэрыялу, удакладнены спісы тэхнікі, прызначанай для адпампоўвання вады, якая будзе задзейнічана ў выпадку паводкі з арганізацый раёна, праверана яе спраўнасць. З першага красавіка ў вобласці пачалі ўзрываць лёд, каб не дапусціць затораў, якія ў сваю чаргу могуць прывесці да затаплення населеных пунктаў і сельгасугоддзяў.
І хоць сітуацыя трымаецца пад кантролем і няма падстаў для хвалявання, насельніцтву тым не менш трэба паклапаціцца аб мерах уласнай бяспекі, захаванасці сваёй маёмасці: застрахаваць яе, ачысціць двары і вадаспускі ад снегу. Каб не пусціць сабе “на ганак” ваду – варта выкапаць канаўкі, па якіх яна будзе сцякаць. Калі ў падвале ці склепе захоўваюцца прадукты харчавання ці рэчы, іх лепш загадзя перанесці. У час паводкі і праз некалькі тыдняў пасля яе не варта піць сырую ваду з калодзежа з-за магчымага знаходжання ў ёй бактэрый, якія могуць выклікаць захворванне. І канечне, у час паводкі трэба адмовіцца ад прагулак і гульняў паблізу вадаёмаў, прасачыце за сваімі дзецьмі.
Калі ж вы будзеце бачыць, што самастойна не ў стане справіцца з сітуацыяй, тэлефануйце ў аддзел па надзвычайных сітуацыях.
Д.ЛЁЛЯ, намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *