Чем запомнятся весенние каникулы ученикам и педагогам школ Ушачского района?

Мир увлечений Наши дети Образование и молодежь

Канікулярны тыдзень, з 25 па 31 сакавіка, для школьнікаў і педагогаў Ушацкага раёна быў вельмі насычаным на падзеі. Кожны мог выбраць для сябе мерапрыемства па сваім гусце.

25 сакавіка на базе Ушацкай школы адбылася IХ раённая навукова-практычная канферэнцыя школьнікаў «У навуку першыя крокі», у якой прыняло ўдзел 49 вучняў 2-11 класаў. Свае доследныя работы ўдзельнікі канферэнцыі абаранялі ў 8 секцыях. Па выніках канферэнцыі 27 вучняў узнагароджаны дыпломамі.
* * *
26 сакавіка на базе Ушацкага музея народнай славы імя У.Е.Лабанка і Арэхаўскай школы прайшоў міжраённы семінар настаўнікаў гісторыі Ушацкага, Глыбоцкага раёнаў і Полацка па тэме «Роля музея ў гістарычнай адукацыі школьнікаў». Удзельнікі семінару абмеркавалі работу музеяў устаноў адукацыі раёна, выкарыстанне патэнцыялу музея ў адукацыйным працэсе і даследчай дзейнасці вучняў.
* * *
У гэты ж дзень на базе Вялікадолецкай школы прайшлі раённыя спаборніцтвы па настольным тэнісе. Прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: 1 месца ў каманды Вялікадолецкай школы, другое – Касарской, трэцяе – Вяркудскай. Пераможцамі ў асабістым заліку сталі Максім Смаляк і Паліна Заруба з Вялікадолецкай школы – 10-11 красавіка яны прымуць удзел у абласных спаборніцтвах.
* * *
На базе раённага цэнтра дзяцей і моладзі прайшла раённая алімпіяда прававых ведаў, пасяджэнні раённых школ юнага лідара і юнага краязнаўцы.
* * *
Творчыя калектывы Арэхаўскай і Плінскай школ прымалі ўдзел у ХV абласным экафестывалі «Экалогія. Прырода. Жыццё». Па яго выніках экалагічная агітбрыгада Арэхаўскай школы (кіраўнік – В.Жукава) узнагароджана дыпломам другой ступені, тэатр моды гэтай жа ўстановы (Т.Алексяёнак) і фларыстычны тэатр Плінскай школы (І.Марковіч) – дыпломамі трэцяй ступені.
* * *
27 і 28 сакавіка адбыўся раённы этап алімпіяд для вучняў 3-9 класаў па 12 вучэбных прадметах. У ім прыняло ўдзел 205 школьнікаў, якія заваявалі 80 дыпломаў: 13 – першай ступені, 21 – другой і 46 – трэцяй.
* * *
29 сакавіка на базе Ушацкай школы прайшоў раённы злёт выпускнікоў, у рабоце якога прынялі ўдзел прадстаўнікі 12 вучэбных устаноў Рэспублікі Беларусь. Выпускнікі школ мелі магчымасць пазнаёміцца з умовамі прыёму ў навучальныя ўстановы, асаблівасцямі навучання і побыту, арганізацыяй вольнага часу студэнтаў, атрымалі адказы на хвалюючыя пытанні.
* * *
З 25 па 30 сакавіка на базе Вялікадолецкай, Ільюшынскай і Ушацкай сярэдніх школ працавалі дзённыя аздараўленчыя лагеры, у якіх адпачыла 100 навучэнцаў. Ва ўсіх установах адукацыі працавалі аб’яднанні па інтарэсах, праводзіліся пазнавальныя мерапрыемствы ў рамках Тыдня кнігі. Былі арганізаваны экскурсійныя паездкі ў Мінск (Вяркудская школа), Віцебск і Наваполацк (Ушацкая), Віцебск (Плінская).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *