Отголоски прошлого: воспоминания очевидцев о детском доме в Ореховно

Общество

Існаванне дзіцячага дома ў Арэхаўне – частка гісторыі раёна. Мноства маладых лёсаў фарміравалася тут. Далёка за межы Ушаччыны раз’ехаліся выхаванцы, на гады захаваўшы памяць пра наш непаўторны куток, пра нашых цудоўных людзей, перш за ўсё педагогаў. І былыя работнікі гэтай пасляваеннай спецустановы з хваляваннем прыгадваюць сваю практыку работы з дзецьмі-сіротамі. А жыхароў Арэхаўна з такой адметнай практыкай тут засталося ўсяго некалькі. Гэта Надзея Андрэеўна і Міхаіл Паўлавіч Долгія, Валянціна Фамінічна Васільева і Зоя Сямёнаўна Лісоўская, якая і дзеліцца сваімі ўспамінамі.

Арэхаўскі спецыялізаваны дзіцячы дом пасля вайны працаваў з 1945 да 1966 года. Першым яго дырэктарам была Вера Канстанцінаўна Пістуновіч, цудоўная, адукаваная, патрабавальная, любячая дзяцей жанчына. Яна з нашага раёна, у час вайны была ў партызанскім атрадзе. Жылля свайго ў Арэхаўне не мела, здымала яго ў вёсцы. Завучам працавала Марыя Іванаўна Аўласенка, якая была ў нас на кватэры, заўважыла мае арганізатарскія здольнасці, любоў да дзяцей і прапанавала пайсці старшай піянерважатай у дзіцячы дом. Я згадзілася, хоць за плячыма было толькі сем класаў.
Размяшчаўся спецдзетдом у будынках былых пачатковай школы і дзіцячага дома, якія засталіся з вайны неразбуранымі. Там былі сталовая, спальні для хлопчыкаў, дзяўчынак і асобна – для дашкольнікаў, а таксама пакоі, дзе дзеці рыхтавалі ўрокі, піянерскі пакой, медпункт (першая медсястра – Зінаіда Фёдараўна Бурак), майстэрні, лазня, вялікі хлеў і павець для сена.
Дзяцей, а гэта ў асноўным сіроты, у якіх у вайну не стала бацькоў, было шмат. Іх, рознаўзроставых, нават 2-3-гадовых, прывозілі ў Арэхаўна з розных месцаў. Некаторых падбіралі на ваенных дарогах, прыводзілі і жыхары бліжэйшых вёсак, бо быў голад, не хапала адзення. Памятаю, як танкісты прывялі трохгадовага хлопчыка і прозвішча яму далі Найдзёнаў, а імя, імя па бацьку – у гонар Леніна.
Дзяцей было больш за сто чалавек. Выхавальнікам працавалася цяжка, амаль не было выхадных. Прасачыць за дзецьмі — складана, групы шматколькасныя – па 30 чалавек. Разбягуцца – паспрабуй знайдзі. Памятаю, як адзін хлопчык патануў, катаючыся на возеры па тонкім лёдзе. Выхавальніка судзілі, далі чатыры гады турмы. І пасля таго вольныя адыходы былі забаронены. Сталі на дапамогу па доглядзе за меншымі прыцягваць старэйшых дзяцей.
Дзеці, зведаўшы страту блізкіх, небяспеку смерці, у тыя пасляваенныя гады мелі патрэбу ў клопаце і пяшчоце. Работнікі дзіцячага дома імкнуліся забяспечыць іх гэтым.
Выхавальнікі мелі адукацыю ў асноўным 7 класаў, але паступова павышалі яе: вучыліся завочна. Большасць выхавальнікаў былі мясцовыя: С.С.Лісоўскі, Е.Ф.Дзенісёнак, В.І.Прашкевіч, В.Т.Жалейка.
У першыя месяцы работы дзіцячага дома не хапала мэблі. У майстэрні дарослыя з дзецьмі зрабілі лаўкі, збілі сталы. Посуд прасілі ў вяскоўцаў. Была праблема і з харчаваннем. Варылі зацірку, суп, стравы з капусты. Паступова стала выдзяляцца больш грошай на прадукты. А праз 3-4 месяцы ў хляве з’явіліся карова (пазней іх стала тры), конь, свінні. Іх даглядала работніца. Калгас выдзеліў вялікі ўчастак зямлі, сенакос. Ужо вясной 1946 года пасадзілі бульбу, пасеялі ячмень, авёс, зрабілі градкі пад агародніну.
Наогул галоўным у выхаваўчай рабоце мы лічылі прывіццё дзецям працавітасці. Хлопчыкі да сёмага класа ўмелі рабіць усё самае неабходнае для самастойнага жыцця: касіць сена, рамантаваць абутак і нават памяшканні. Выраблялі мэблю: была майстэрня па дрэве на чале з інструктарам працы Ягорам Паўлавічам Урбанам. Дзяўчынкі шылі на швейных машынах, вязалі, вышывалі, гатавалі страву. Вучыла іх гэтаму Вера Васільеўна Рабіза.
Пасля заканчэння 7 класаў дзяцей накіроўвалі ў школы фабрычна-заводскага навучання або рамесныя вучылішчы. Развозілі іх выхавальнікі па заяўках, якія прыходзілі ў дзіцячы дом з усяго Савецкага Саюза. Выпускнікі дзіцячага дома час ад часу наведваліся ў Арэхаўна. А праз дзесяць гадоў пасля яго закрыцця ўжо дарослыя выхаванцы наладзілі вечар сустрэчы. Выпускнікі жывуць у розных месцах. Зінаіда Сімухіна (Первянёнак) – у Сарочыне, Марыя Талочка і Галіна Гуніна – у Полацку, Мяфодзій Пранік, Фёдар Бурак, Аляксандр Кавалёў, Анатоль Філіпаў, Мікалай Федарэнка, Пётр Дзівін, Васіль Міцкевіч і іншыя доўгі час жылі ва Ушачах, некаторыя жывуць і цяпер.
…Жыццё ў дзіцячым доме наладжвалася. Вялікая заслуга ў гэтым дырэктара В.К.Пістуновіч, чаго не скажаш пра наступнага, сям’я якога нават харчавалася за кошт дзяцей. Работнікі напісалі пісьмо ў АблАНА, прыехала праверка і дырэктара звольнілі.
Былы камісар партызанскага атрада з Ушач Павел Міхайлавіч Карпоўскі, калі стаў дырэктарам дзіцячага дома, вярнуў былы парадак. Але яго ў хуткім часе перавялі ў апарат райкама партыі, а ўзначаліў установу Іван Нікіфаравіч Захарэнка, які праз чатыры гады быў пераведзены дырэктарам Канцаўской пачатковай школы. Потым два гады дырэктарам быў Волкаў, пасля стаў Міхаіл Рыгоравіч Казлоўскі. Пабудавалі ўжо фінскі домік для пражывання работнікаў. Праз пяць гадоў яго перавялі сакратаром райвыканкама, а дырэктарам дзіцячага дома назначылі завуча Ганну Іванаўну Барысенка – уладную, патрабавальную да работнікаў, але вельмі любячую дзяцей, якія плацілі ёй тым жа.
Я, як старшая піянерважатая, працавала ў піянерскім пакоі, дзе мы праводзілі зборы атрадаў, дружыны. Апорай маёй быў савет дружыны з 9 чалавек. Юных актывістаў слухаліся ўсе дзеці. На этажэрках былі кнігі, газеты “Зорька”, “Піянер Беларусі”, “Пионерская правда», часопісы, шашкі, шахматы. Тут мы рыхтаваліся да розных, у тым ліку каляндарных святаў, праводзілі дні імянінніка. У ходзе мерапрыемстваў радасна было бачыць, як мяняліся дзеці, як з нявыхаваных, грубых, станавіліся добрымі, уважлівымі.
На першамайскую дэманстрацыю ішлі пешшу да Ушач з лозунгамі, транспарантамі, пад піянерскім сцягам, вярталіся вясёлыя і шчаслівыя. А 9 Мая ля школы праводзіўся мітынг з удзелам ветэранаў, пасля быў канцэрт, спаборніцтвы па валейболе, лёгкай атлетыцы. Гулялі дзве каманды: з дзіцячага дома і вясковая. На аглядах-конкурсах мастацкай самадзейнасці мы займалі прызавыя месцы. Як пераможцам нам нават далі піяніна, а праз два гады купілі акардэон. Два разы на тыдні для выхаванцаў дэманстраваліся фільмы. У групах з’явіліся фільмаскопы…
Мы разумелі адказнасць за дзяцей, што засталіся без бацькоў, і ўсяляк рыхтавалі іх да выхаду на шырокую дарогу жыцця.
Падрыхтавала Г.ВАРАТЫНСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *