Собрание в «Дубровке»

Общество

 

Справаздачны сход КУСГП “Дубраўка” сабраў у вялікай абноўленай зале Вяркудскага сельскага Дома культуры амаль што ўсіх працуючых, а іх у гаспадарцы 151 чалавек. Як спрацавала сельгаспрадпрыемства за апошні год? На жаль, хваліцца няма чым. У асноўным не выкананы паказчыкі, хапае недахопаў і праблем як у раслінаводстве, так і ў жывёлагадоўлі. Гэта падкрэсліў і першы намеснік старшыні райвыканкама А.Я.Вайцянкоў, які даў нездавальняючую ацэнку работы ўсяго калектыву. У раслінаводстве гэта ў першую чаргу нізкая ўраджайнасць зерневых. У ліку асноўных прычын – позні пасеў азімых, несвоечасовая хімпраполка. Валавы збор зерня 2186 тон, а гэта 95 працэнтаў да ўзроўню папярэдняга года. Сярэдняя ўраджайнасць па гаспадарцы 17,1 цэнтнера з гектара, што таксама менш. У той час як многія гаспадаркі павялічылі валавы збор і ўраджайнасць, а некаторыя спрацавалі і з немалым прыбыткам, у названым сельгаспрадпрыемстве дзейнічае адваротная тэндэнцыя. Акрамя гэтага, гаспадарка не забяспечвае сябе ўласным насеннем, а гэта таксама дадатковыя расходы. Крыху лепшая сітуацыя з мнагалетнімі травамі. P1020060

 

 

У жывёлагадоўлі ідзе паступовае зніжэнне пагалоўя, што ўплывае на многія паказчыкі. Рэалізацыя малака склала 86 працэнтаў да ўзроўню мінулага года, па-ранейшаму нізкім застаецца яго кошт. Экстрай здадзена толькі 2 працэнты, вышэйшым – 42. Пры такім раскладзе спраў, вядома, губляецца не адзін мільён рублёў прыбытку. На якасць малака ўплываюць хваробы жывёлы, а таксама, як і ўсюды, чалавечы фактар у працэсе работы, а таму на ўсіх фермах розныя вынікі. Трохтысячны рубеж па надоях удалося пераадолець даяркам Н.В.Марціновіч (3380), В.С.Целепавай (3132), якія і былі адзначаны на сходзе. SDC12042

А.Я.Вайцянкоў пакрытыкаваў і работу інжынернай службы. Рамонт тэхнікі і яе падрыхтоўка зацягваюцца, вельмі хутка пасяўная кампанія, а недаробак яшчэ шмат. Дырэктар КУСГП “Дубраўка” Б.Т.Юргенс у сваім дакладзе адзначыў, што на рамонт тэхнікі ўжо затрачана 192 мільёны рублёў і работа гэта працягваецца. Людзі працуюць, але за імі неабходны пастаянны кантроль, – канстатаваў ён. Наогул тут маюць месца факты парушэння працоўнай дысцыпліны.

Акрамя фінансавай праблемы існуе яшчэ адна – недахоп кадраў, асабліва галоўных спецыялістаў. На сённяшні дзень гаспадарцы не хапае заатэхніка, ветурача, інжынера. Неабходна больш увагі ўдзяляць маладым кадрам, каб яны заставаліся на вёсцы.

Пры такім складаным становішчы цяжка гаварыць у планах на новы год пра канкрэтныя лічбы. Нямала трэба зрабіць і ў раслінаводстве, і ў жывёлагадоўлі. З восені не ўзнята зябліва на многіх плошчах, а гэта дадатковая складаная работа і нагрузка. Калі гаспадарцы будзе выдзелены новы трактар МТЗ-3022, то тут спадзяюцца, што задача гэтая крыху аблегчыцца. Унесена арганіка і калій. Таму ў першую чаргу пастаўлена задача атрымаць большую ўраджайнасць і валавы збор не толькі зерня, але і рапсу.

У жывёлагадоўлі стаіць задача: павялічыць колькасць пагалоўя, прываг і надояў, палепшыць якасць прадукцыі.

Начальнік райсельгасхарчу А.Я.Вайцянкоў звярнуў увагу работнікаў на тое, што нягледзячы на цяжкую вясну, неабходна мабілізаваць усе сілы і добра папрацаваць, дасягнуць лепшых вынікаў. А таксама выказаў пажаданне, каб гаспадарка не выходзіла апошняй у поле ў час важных кампаній і не замыкала спіс гаспадарак у ходзе гэтых работ.

З дакладамі выступілі галоўныя спецыялісты, старшыня прафкама. Унесены змяненні ў калектыўны дагавор на 2010 год.

На сходзе прысутнічаў таксама начальнік аддзела ўнутраных спраў С.А.Алабін, які засяродзіў увагу на працоўнай дысцыпліне і прадставіў новага ўчастковага.

Былі і прыемныя моманты. Дырэктар гаспадаркі ўручыў работнікам, якія ідуць на заслужаны адпачынак, а таксама лепшым працаўнікам грашовыя прэміі.

В.ПОЛАЗАВА

 

 


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *