Шоу-праграма “Спяём разам” – новае для нашага раёна мерапрыемства. Нямала хвалявання было кіраўнікам, якія згадзіліся ў пары з работнікамі культуры спяваць са сцэны РДК. Перажывалі і арганізатары вечарыны, і спецыялісты, якія непасрэдна вучылі тых, чыя праца зусім не звязана з песнямі: прадстаўнікі раённага метадычнага цэнтра, Ушацкай школы мастацтваў, РДК.
Метадыст РМЦ І.С.Клімава і загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Е.Я.Лось Лідзія Шкаруба былі вядучымі шоу, ды і самі радавалі гледачоў песнямі – рабілі музычныя застаўкі. А адбывалася яно ў самую непагадзь – у пазамінулую пятніцу. Завея, што напужала вясну і людзей у той сакавіцкі дзень, здавалася, здольна была сарваць мерапрыемства. Але ўсё было гатова, таму арганізатары не адмянілі яго і, як паказала выступленне, правільна зрабілі.
Выканаўчае майстэрства дэманстравалі шэсць пар. Напэўна, складаней магло быць першай з іх. Але дырэктар раённага цэнтра дзяцей і моладзі Н. М. Каваленка, якая выступала з хормайстрам РДК Вольгай Гірсёнак, – увогуле не навічок на сцэне, яна ўдзельніца мастацкай самадзейнасці раённага Дома культуры. Таму пара, выйшаўшы ў сукенках аднолькавага моднага колеру – бэзавага, трымалася прыгожа і ў песнях. А першая была ўсім вядомая і шматзначная – “Песня застаецца з чалавекам”. Другая – “Чорны кот”.
Са сваім любімым інструментам – гітарай – выйшаў дырэктар цэнтра банкаўскіх паслуг ААТ “Беларусбанк” У.Г.Аўдошка. У яго жыцці захапленне музыкай уступіла месца спорту. І тым не менш час ад часу песня займае пачэснае месца сярод будняў. У час шоу ён выканаў з выкладчыцай Ушацкай школы мастацтваў Алесяй Іўліевай раманс “Белай акацыі гронкі духмяныя”, другую песню — з рэпертуару Стаса Міхайлава “Два сэрцы”. Абедзве былі ўспрыняты залай на “ура”.
Упэўнена трымалася на сцэне начальнік раённага вузла паштовай сувязі Г.І.Свідзінская. Яна ўдзяляе ўвагу песенным конкурсам, што праводзяцца на абласным узроўні сярод работнікаў галіны: накіроўвае прадстаўнікоў калектыву для ўдзелу. Здолела вось і сама разам з загадчыкам дзіцячага сектара РДК Арцёмам Біруковым выканаць “Цячэ ручай” і “Лаванду”.
З імправізацыяй, цікавай пастаноўкай праспявалі дзве песні пракурор раёна В.С.Бабашынскі і загадчыца эстраднага аддзялення школы мастацтваў Алена Сазонава. Трапны выбар сцэнічных нумароў, незвычайныя выканаўчыя здольнасці абаіх проста ўразілі гледачоў. Пранікнёна была выканана песня “Я сумую па табе” з рэпертуару Сяргея Трафімава. І проста завяла залу пастаноўка шлягера “Мая бабуля курыць трубку”. В.Бабашынскі выдатна справіўся і з роллю бойкага героя Гарыка Сукачова.
Старшыня Жарскага сельскага Савета С.Ц.Міхейка на шляху да РДК ледзьве адолела бездараж, але паспела падрыхтавацца: у народным касцюме выйшла на сцэну разам з метадыстам РМЦ Таццянай Сухастаўскай. У першым выпадку яны нават абышліся без фанаграмы і пад акампанемент фартэпіяна задушэўна выканалі песню “Чырвоны сарафан”. А потым праспявалі лірычную “Чаканне сустрэчы”.
Дырэктар Касарской школы М.П.Хоміч як удзельнік народнага клуба творчых сустрэч “Муза” РДК больш прывык выступаць са сцэны з гітарай, але і пад фанаграму з балетмайстрам РДК Таццянай Мірончыкавай атрымалася добра. Хіба што першую песню Міхаіл Пятровіч выконваў крыху стрымана, а ў другой ужо спаўна адчувалася яго любоў да песні і спеваў…
Журы падвяло вынікі шоу-праграмы. Самую высокую колькасць балаў атрымала сцэнічная пара Вячаслаў Бабашынскі-Алена Сазонава. Яны ж заслужылі і прыз сімпатый гледачоў.
Усім удзельнікам былі паднесены кветкі. Уручаючы граматы і падарункі пераможцам (а кожная песенная пара перамагла ў пэўнай намінацыі), намесніца старшыні райвыканкама, старшыня журы шоу-праграмы В.І.Карчэўская заўважыла, што далёка не ўсе кіраўнікі згадзіліся б праспяваць перад аўдыторыяй. Таму кожны ўдзельнік заслугоўвае прызнання. І вельмі добра, што не толькі ў працы вядуць за сабой іншых…
Трэба сказаць, што сродкі на заахвочванне ўдзельнікаў выдзелілі аддзелы: культуры, адукацыі, па справах моладзі райвыканкама і раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”.
Гледачы не хацелі пакідаць атмасферу цеплыні, утульнасці і ўзнёсласці, што панавала ў той час у раённым Доме культуры.
Г.ВАРАТЫНСКАЯ.